Былому заўзятару ФК «Гомель» палітвязню Яўгену Маранцу прысудзілі тры гады калоніі
У Савецкім судзе Гомеля 9 снекжня вынесены прысуд аднаму з былых заўзятараў футбольнага клуба «Гомель» палітвязню Яўгену Маранцу. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і ў незаконны абароце моцнадзеючых або атрутных рэчываў (ч. 1 арт 333 КК).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў, адзначае «Вясна».
Ад моманту
затрымання і да суда абвінавачваны ўтрымліваўся ў СІЗА №3 Гомеля.
Гамяльчук Яўген
Маранец трапіў у поле зроку праваахоўнікаў мінулым летам. Яго спачатку
падазравалі ў тым, што ў ён стварыў пратэстны телеграм-чат, куды запрасіў сваіх
знаёмых. Удзельнікі гэтага чата абмяркоўвалі бягучую палітычную абстаноўку і
метады процідзеяння сілавікам. На падставе гэтага ў дачыненні да Яўгена Маранца
распачалі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба
парушаюць грамадскі парадак.
Аднак вынікі
ператрусу ў кватэры, якую ён арандаваў разам з прыяцелем, дазволілі прад'явіць
Яўгену яшчэ адно абвінавачванне, па артыкуле 333 КК: незаконны абарот
моцнадзейных або атрутных рэчываў, санкцыя якога прадугледжвае да 5 гадоў
пазбаўлення волі.
Паводле пісьмовых
паказанняў сведак, Яўген Маранец раней належаў да групоўкі фанатаў футбольнага
клуба «Гомель». Яго можна было сустрэць і на 14 сектары стадыёна, і
падчас «дамоўных» боек з фанатамі іншых футольных клубаў. Яшчэ адным захапленнем
Яўгена стала трэнажорная зала. Высветлілася, што ў яго распараджэнні
знаходзіліся прэпараты, якія выкарыстоўваюць бодзібілдары. Гэтымі прэпаратамі
ён падзяліўся са сваім знаёмым. Як аказалася, шэраг гэтых прэпаратаў на гэты
час быў забаронены ў Беларусі.
Да кактэйляў
Молатава справа не дайшла
У жніўні 2020 года Яўген Маранец стварыў у месенджары телеграм чат «Смайл с...і», да якога далучыліся каля 70 удзельнікаў.
Яўген у судзе
тлумачыць, што падзеі, якія пачаліся ў краіне пасля выбараў, зрабілі на яго
моцнае ўражанне, а дзеянні сілавікоў выклікалі абурэнне.
«Усе вы мяне
ведаеце. Я не магу глядзець на тое, што адбываецца, — пісаў Яўген у чаце. — У
нас грамадства ..., таму міліцыя так важна сябе адчувае. Трэба іх паставіць на
месца. Патрэбная сілавая акцыя. Трэба больш людзей, талковых людзей».
У чат скідалі
звесткі аб перасоўванні прадстаўнікоў сілавых структур у межах горада,
дзяліліся спасылкамі на інфармацыю з розных інтэрнэт-крыніц.
Таксама ў групе
абмяркоўвалася магчымасць вырабу кактэйляў Молатава. Кактэйлямі планавалі
закідаць апорны пункт міліцыі. Удзельнікі чата абменьваліся рэцэптамі вырабу
запальнай сумесі, якія запазычылі з інтэрнэту.
Аднак, як
сцвярджаюць сведкі, да рэалізацыі гэтых планаў справа не дайшла.
«Я сам
пісаў, што супрацоўнікаў міліцыі трэба адлоўліваць па адным і…, падвешваючы на
дрэвах, — казаў падчас допыту адзін са сведак. — Я ведаў, як зрабіць кактэйль:
знайшоў у інтэрнэце. Нам заставалася толькі закупіць піратэхніку».
Але, па яго
прызнанні, страх за сям'ю ўзяў верх і прымусіў адмовіцца ад запланаванай
аперацыі. Дарэчы, на суд гэты сведка не з'явіўся. Ён, верагодна, пакінуў
Беларусь і цяпер знаходзіцца ў вышуку.
Адкуль у справе
з’явіліся моцнадзеючыя рэчывы?
Наступны сведка — сусед Яўгена па здымнай кватэры, былы футбольны заўзятар — на судзе заявіў, што ў телеграм-чаце, які адміністраваў яго таварыш, ён не знаходзіўся, бо не цікавіцца палітыкай.
— Якое ў вас
стаўленне да дзеючай улады, — спытала ў сведкі пракурор.
— Нейтральнае.
— А ў Яўгена?
— Нейтральнае, але з дрэннымі аспектамі, — заявіў знаёмы абвінавачанага.
На пытанне аб
удзеле сумесна з Яўгенам Маранцом у падзеях 9-11 жніўня ў Гомелі яго таварыш
адказаў, што яны сапраўды шпацыравалі 9 жніўня ў цэнтры горада, але, калі
пачаўся разгон шэсця, яны сышлі дадому.
Менавіта ў гэтага
прыяцеля і былі выяўленыя забароненыя прэпараты, якія перадаў яму Яўген.
«Кардыё мне
забаронена, скідаць вагу — складана. А з прэпаратамі можна хутчэй дасягнуць
вынікаў», — растлумачыў сведка.
Па яго
запэўненнях, дапамагчы яму ў гэтым плане ўзяўся яго сябар і сусед.
— Вы не баяліся
прымаць невядомыя вам прэпараты? — спытала пракурор.
— Не, — адказаў
мужчына.
— А ці
задумваліся вы аб тым, што яны могуць быць забароненымі да ўжывання ў нас у
краіне?
— Я не выключаў
гэтага: бо яны не прадаюцца ў аптэцы!
Дарэчы, пасля
первого судовага пасяджэння тг-канал «Смайл…» быў хутка прызнаны экстрэмісцкім
фарміраваннем.
Сёння суддзя
Мохараў вынес прысуд: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.