Палітзняволеная Вольга Маёрава: Я ўражаная дапамогай і салідарнасцю
Сын палітзняволенай актывісткі, якая праходзіць па «справе Аўтуховіча», атрымаў ліст ад маці. Ён падзяліўся ім з «Новым Часам».
Учора дачка яшчэ аднаго фігуранта «справы Аўтуховіча» Уладзіміра Гундарапаведаміла, што падазраваных па гэтай справе, якія знаходзіліся ў Брэсце, этапавалі ў Баранавічы. Верагодна, неўзабаве над імі пачнецца суд.
Сын Вольгі МаёравайСяргей Зіямаў атрымаў сёння ліст ад маці, напісаны яшчэ з Гродна. Ён зазначае, што лісты сталі прыходзіць значна радзей, чым раней, — раз на два тыдні. Пакуль дакладна не вядома, ці этапавалі Вольгу.
«Як бачыш, я па-ранейшаму пакуль у Гродна. Але кожную раніцу з напружаннем чакаю, ці не скажуць здаваць кубак і пасцельную бялізну...», — піша палітзняволеная.
Яна адзначае, што пакуль знаходзіцць адна ў камеры («ужо паўтара тыдня шчасця») і мае намер «заняцца сабой», бо за 8 месяцаў яе моцна атруцілі цыгарэтным дымам.
«Цяпер перадач ад людзей стала менш. Цуд, што яны ўвогуле ёсць, улічваючы сітуацыю і кошты. Я ўвогуле ўражаная дапамогай і салідарнасцю. Усім вялізны дзякуй! І за перадачы, і за пасылкі», — зазначае яна.
Актывістка піша, што ў яе стаў моцна ацякаць твар, і што яна стала выглядаць на 15 гадоў старэйшай, чым да арышту. Але жанчына з Мінска даслала Вользе маскі для твару, і яны ёй вельмі дапамагаюць.
«Навінаў амаль не ведаю. Толькі тое, што пішуць людзі, дзякуй ім! Палітычных газет няма. Я была б вельмі радая атрымліваць "Белорусы и рынок", калі яна яшчэ выходзіць, але зноў жа, пакуль выпісваць небяспечна, раптам мяне адсюль хутка звязуць? Шкада грошай і высілкаў».
Таксама палітзняволеная піша, што ёй не хапае кніг, але іх перадаваць у СІЗА нельга.
«Але ж калі-небудзь я вызвалюся! Ды і кажуць, што ў калонію дасылаць кнігі можна», — заключае палітзняволеная.
Грамадскую актывістку Вольгу Маёраву супрацоўнікі КДБ затрымалі 4 студзеня 2021 года ў яе доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па так званай «справе Аўтуховіча». У доме быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Хоць Вольга ўжо 11 месяцаў знаходзіцца за кратамі, усё яшчэ дакладна невядома, якое абвінавачанне ёй выстаўляюць.
У верасні з’явілася інфармацыя, што Вольгу збіраюцца перавесці ў Мінск. Напрыканцы лістапада стала вядома, што ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы — да сакавіка.
Падтрымаць Вольгу Маёраву можна, напісаўшы ёй на адрас: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Маёравай Вользе Уладзіміраўне.
Сыну Вольгі Маёравай Сяргею Зіямаву таксама патрэбная дапамога, найперш на аплату паслуг адваката для маці. Калі вы хочаце падтрымаць сям’ю палітзняволенай, можна ахвяраваць сродкі на карту «Беларусбанка»:
4255 1901 2873 2297тэрмін дзеяння: 05/24.