Абвінавачаных па «справе Аўтуховіча» этапуюць у Мінск

Пра гэта ў фэйсбуку распавяла Інга Стромская — дачка аднаго з вязняў Уладзіміра Гундара.

Галоўны абвінавачаны Мікалай Аўтуховіч

Галоўны абвінавачаны Мікалай Аўтуховіч

«Сёння атрымалі інфармацыю, што Уладзіміра Гундара і астатніх па справе Аўтуховіча, хто знаходзіўся ў Брэсце, этапавалі. Цяпер яны знаходзяцца ў Баранавічах, але гэта ненадоўга. Наступны прыпынак Мінск, толькі дзе, пакуль невядома», — напісала Інга Стромская.

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены спіс арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.

Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.