У Гродне за 32 каментары судзяць лекара з Нарыльска Аляксандра Цялегу
У судзе Ленінскага раёна Гродна разглядаецца крымінальная справа супраць палітзняволенага нарколага Аляксандра Цялегі. Лекар працаваў у Нарыльску, а на радзіму прыехаў у адпачынак, піша «Вясна».
Трэцяга траўня Аляксандра затрымалі ў Барысаве за каментары ў сацсетках і змясцілі пад варту ў гродзенскую турму, дзе ён утрымліваецца і па сённяшні дзень.
Ягоныя дзеянні кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 364 («Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі«), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі»).
На судзе стала вядома, што ён пакінуў 32 каментары ў дачыненні да чыноўнікаў, сярод іх — камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Марыя Ярохіна, намеснік генпракурора Аляксей Стук. Аляксандр растлумачыў на судзе, што ён валанцёрыў пад Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў, таму яго перапаўнялі эмоцыі і ён так шмат каментаваў. Справу лекара разглядае суддзя Ганна Леўсік, дзяржабвінавачанне падтрымлівае Ефімовіч.
Пацярпелымі па справе прызнаныя 32 прадстаўнікі ўлады. Сярод
іх: оперупаўнаважаны Івацэвіцкага РУУС Куцко Р.В., участковы Горацкага РАУС
Міронаў М.У., начальніца ІСН Барысаўскага РУУС Ермалінская Н.Б., камандзір
аддзялення гродзенскага АМАПа Скобля А.У., намеснік камандзіра роты
спецыяльнага прызначэння забеспячэння спецыяльных аперацый па ідэалагічнай
працы ВЧ 3214 Дзеравяшка У.А., участковы Савецкага ГУУС Мінска Варанкоў М.С.,
курсант факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі Заненка С.В,
оперупаўнаважаны 2-га ўпраўлення ГУБАЗіК Бабровіч А.В., памочнік пракурора
Брэста Дайнека М.М., начальнік Савецкага РУУС Мінска Качук І.У., супрацоўнікі
АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Бекеш А.А., Багдановіч А.С., Атрасевіч В.А.,
Макштарова К.А., Анцухоў Д.І., Альшэўскі Д.М., Дукій В.У., Прымак А.А., жонка экс-міністра МУС Караева Т.М,
оперупаўнаважаныя 11-га ўпраўлення па Магілёўскай вобласці ГУБАЗіК Азарэвіч
Ю.А. і Фурманаў А.У., супрацоўнік магілёўскага АМАПа Сапранькоў М.М.,
супрацоўнікі гродзенскага АМАПа Кунке Д.А. і Краўцова В.П., супрацоўніца
Баранавіцкага ГАУС Едман І.Н.
Каментары ў дачыненні да сілавікоў і прадстаўнікоў
улады Цялега пакідаў з 18 лістапада 2020 года да 15 красавіка гэтага года. Усе
дзеянні былі кваліфікаваныя паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза
прадстаўніка ўлады»). Таксама пяць каментароў з іх (у дачыненні да супрацоўнікаў
мінскага і магілёўскага АМАПа) кваліфікаваныя як пагрозы ў дачыненні да супрацоўнікаў
міліцыі (артыкул 364 Крымінальнага кодэкса).
Акрамя гэтага, Цялега 13 красавіка гэтага года пакінуў
абразлівы каментар у адносінах да суддзі суда Фрунзенскага раёна Мінска Марыі
Ярохінай, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 391 КК.
Што кажа палітвязень на судзе?
На працэсе Цялега прызнаў віну па артыкулах 369 і 391 Крымінальнага кодэкса. Па артыкуле 364 КК віну не прызнаў. Аляксандр казаў, што дапамагаў валанцёрам на Акрэсціна, яго перапаўнялі эмоцыі і ён так шмат каментаваў. Раней ён працаваў ваенным лекарам. Аляксандр выказаў меркаванне, што калі сілавікі такія «далікатныя», то іх нельга браць на службу. Палітвязень цвёрда адмаўляе віну па эпізодах пра пагрозу гвалту, паколькі «знаходзіўся ў трох тысячах кіламетраў ад Беларусі».
Што кажуць пацярпелыя на судзе?
У першы дзень суда 7 снежня дапыталі пацярпелага — 27-гадовага намесніка камандзіра роты спецыяльнага прызначэння забеспячэння спецыяльных аперацый па ідэалагічнай працы ВЧ 3214 Уладзіміра Дзеравяшку. Цялега пакінуў каментар пад публікацыяй з яго данымі ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».
На судзе ён распавёў, што абразлівы каментар яму паказалі
яго падначаленыя.
«Потым я сам убачыў гэты каментар, які ганьбіць мой гонар і
годнасць. Праз каментары ён хацеў маральна націснуць», — казаў Дзеравяшка.
На судзе ён патрабаваў кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры
1500 рублёў. Вось як ён апісаў свае маральныя пакуты:
«Калі пост размясцілі ў «Карніках Беларусі», то гэты
каментар [Цялегі] быў не адзіны там, а адзін з. Пачаліся званкі з пагрозамі,
што мы цябе знойдзем…»
Тут пракурор перапыніў яго і папрасіў казаць толькі пра
каментар абвінавачанага і распавесці, якія маральныя пакуты ён атрымаў менавіта
ад яго:
«Ну, хваляванні, стрэсы».
Больш ніякіх прэтэнзій да абвінавачанага ён не меў і
папрасіў не караць яго строга. Цялега прызнаў пазоў, але суму знізіў да тысячы:
«Паняцце маральнай шкоды — паняцце суб'ектыўнае, таму я
не магу ацаніць яго. Я не эксперт».
Суд працягваецца, але пацярпелыя на працэс не з’яўляюцца. Яны завочна заяўляюць пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды на сумы ад адной да пяці тысяч рублёў. На адным з паседжанняў маці Аляксандра Цялегі стала кепска, таму ёй выклікалі «Хуткую».