Кіраўніку гродзенскай студыі «Іквадарт» прысудзілі два гады «хіміі»
Палітвязня Глеба Койпіша асудзілі за тое, што ён стаяў у счэпцы 11 жніўня 2020 года. У той жа дзень яго затрымалі і моцна збілі, паведамляюць праваабаронцы.
У Ленінскім судзе Гродна 9 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на кіраўніка студыі «Іквадарт» палітвязня Глеба Койпіша. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (ч.1 арт. 342 КК) — а менавіта ў тым, што ён стаяў у счэпцы 11 жніўня 2020 года.
У той дзень мужчына быў затрыманы і моцна збіты — у Глеба была рассечаная галава і зламаны палец, яго забрала «Хуткая дапамога».
Мужчына прызнаў віну часткова, патлумачыўшы, што прызнае абвінавачанне ў частцы таго, што ён сапраўды знаходзіўся ў гэтым месцы. Койпіш даваў паказанні ў судзе на беларускай мове.