Мікіта Емяльянаў знаходзіцца ў карцары ўжо 25 дзён
Зміцер Паліенка распавядае пра ўмовы ўтрымання Мікіты Емяльянава.
Як піша ў Facebook Зміцер Паліенка, не прайшло і тыдня з мінулай адседкі ў карцары, як Мікіту зноў памясцілі ў карцар. 17 лістапада Мікіта атрымаў 10 сутак за тое, што адмовіўся выканаць патрабаванне адміністрацыі прыбраць дворык для шпацыру. Згодна з пунктам 57.6 Пастановы МУС Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2000 N 174 «Аб зацверджанні Правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў», асуджаныя абавязаны падтрымліваць у чыстаце жылыя памяшканні і працоўныя месцы. Абавязку прыбіраць двор для шпацыру ў Правілах унутранага распарадку няма.
Таксама, згодна з пунктам 334 Правілаў, які рэгламентуе асаблівасці выкарыстоўвання працы асуджаных у турмах, асуджаных забараняецца прыцягваць да працы па гаспадарчым абслугоўванні. Пры неабходнасці можна прыцягваць асуджаных да рамонтна-будаўнічых работ. Такім чынам, патрабаванне адміністрацыі прыбраць двор не было законным. Мікіта адмовіўся прыбіраць шпацырны двор.
«За тое, што ляжаў на падлозе ў карцары, дадалі яшчэ 10 содняў. А дзе ж яшчэ чалавеку прылегчы ў гэтым памяшканні, дзе днём ложак прысоўваецца да сцяны? З 17 лістапада Мікіта заўважыў, што з ежай у турме пачаліся праблемы: порцыі зрабілі меншымі, той ежы не хапала, каб наесціся. Мікіта папрасіў паболей ежы і атрымаў адмову. На знак пратэсту Мікіта аб’явіў галадаванне. Анічога не еў пяць з паловай дзён, прыкладна з 2 па 7 снежня. 7 снежня ўжо павячэраў, але порцыі дагэтуль маленькія», — распавядае Паліенка.
7 снежня Мікіту дадалі яшчэ 10 сутак за міжкамерную сувязь. Мікіта знаходзіцца ў карцары 25 дзён, 17 снежня ён мусіць выйсці з карцару, калі адбудзе 30 дзён.