Андрэй Аляксандраў: «Я не расчараваўся ў ніводным чалавеку»
Палітвязень Андрэй Аляксандраў прызнаўся: «Ніколі ў жыцці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасці, дабрыні, любові».
Адшукаць крупінкі радаснага, добрага і светлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі паспрабавала «Свабода». Андрэй Аляксандраў за кратаў прыгадвае, што яго парадавала ды прымусіла ўсміхнуцца ў няпростым 2021-м.
— Калі я думаю аб тым, што мяне парадавала ў 2021 годзе, я найперш думаю пра людзей, якія сёлета напісалі і адаслалі тысячы лістоў, паштовак і тэлеграмаў (ну і не будзем забываць пра перадачы). Бадай, ніколі ў жыцці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасці, дабрыні, любові, салідарнасці, чалавечай цеплыні.
Мяне радавала, калі людзі праз расчараванне, бездапаможнасць і больш шукалі — і, спадзяюся, знаходзілі — адказы і сэнсы, не здаваліся, не спыняліся.
Мяне радавала, калі людзі прызнавалі памылкі і пачыналі задумвацца над важнымі рэчамі, над якімі не задумваліся раней.
Мяне парадавала, што я не расчараваўся ў ніводным чалавеку, якога/якую лічыў сябрам — і завёў шмат новых сяброў.
Мяне вельмі радавалі, зусім як у класіка, «простыя словы, простыя рэчы»: тое, што бацькі пішуць, быццам усё ў норме (ніколі ж не прызнаюцца, калі і не); кляновы лісток ці засохлая кветачка ў лісце; калі следчы расля допыту перадае словы кахання ад любай дзяўчыны; калі сябра піша, што ў бяспецы; калі сяброўка дасылае тэлеграму, што «Ліверпул» забіў пяць разоў на «Олд Трафард», і цытуе гімн клубу, які я пераклаў на родную мову: «Ты ніколі не будзеш адзін».
Так, мяне парадавала, што я моцна адчуваў увесь гэты год: я ніколі не буду адзін. Троху выглядае на пекла для інтраверта — але насамрэч гэта вельмі моцнае адчуванне, якое натхняе і не дае згубіцца.
Дзякуй вам за гэты год!
Андрэй Аляксандраў — журналіст і медыяменеджар, палітвязень. Арыштаваны ў студзені 2021 года; у чэрвені Аляксандраву выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Трымаюць яго ў СІЗА № 1 Мінску («Валадарцы»).