«Ніякай рэакцыі»: палітзняволеная Марфа Рабкова напісала 6 заяў на УГД

Праваабаронцы Марфе Рабковай, якая знаходзіцца ў мінскім СІЗА №1, зноў не ўдаецца дамагчыся медыцынскай дапамогі, а яе лісты блакуюць з-за згадкі ў іх сваіх крымінальных артыкулаў.

screenshot_3_3.jpg


За апошні тыдзень (канец лістапада — пачатак снежня) Рабкова напісала шэсць заяў для таго, каб дамагчыся прызначэння УГД, але, як яна паведаміла ў лісце, на гэта не было «ніякай рэакцыі», паведамляе REFORM.by са спасылкай на праваабаронцаў.

«Я ж не так даўно зноў амаль страціла прытомнасць ад спазматычных боляў» —прыводзяць яе словы праваабаронцы.

Таксама адміністрацыя СІЗА не выпускае лісты Рабковай, у якіх яна паведамляе аб колькасці прад'яўленых ёй крымінальных артыкулаў або агучвае некаторыя з іх. Іх ёй папросту вяртаюць.

«Прынцыпова адпраўляю іх назад без зменаў, бо гэта не з'яўляецца таямніцай следства, — распавяла Рабкова пра сваю рэакцыю. — Уклала ўчора ў ліст запіску цэнзару, дзе распісала, што няма такіх прававых нормаў, па якіх я не магу напісаць артыкулы. Я ж не пішу аб сутнасці абвінавачвання, у чым канкрэтна мяне абвінавачваюць».

Марфа Рабкова, каардынатарка валанцёраў праваабарончага цэнтра «Вясна», знаходзіцца ў зняволенні з 17 верасня 2020 года. Яе затрымалі па абвінавачванні ў фінансаванні масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК). У лютым стала вядома, што ёй прад'яўленыя яшчэ два абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці ў адносінах да прадстаўнікоў улады (ч. 3 арт. 130 КК) і ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі (ч. 2 арт. 285 КК).

За час зняволення ў Марфы памерлі бабуля і бацька. У верасні ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы. Ёй прад'яўленыя канчатковыя абвінавачванні па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.