Жонка Леаніда Судаленкі: Муж не пакіне ўсё гэта проста так і ўсё ж даможацца справядлівасці

«Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць», — распавяла жонка Леаніда Судаленкі пра сустрэчу ў СІЗА.

Леанід і Аксана Судаленкі. Фота з сацсетак

Леанід і Аксана Судаленкі. Фота з сацсетак

Палітзняволены кіраўнік гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка днямі сустрэўся з жонкай у СІЗА. Спатканне, якое ім далі, аказалася для сямейнай пары поўнай нечаканасцю.

Пасля вынясення прысуду жонка праваабаронцы Аксана Судаленка звярнулася ў Гомельскі абласны суд з просьбай аб спатканні ў спадзеве, што крымінальная справа ўжо накіраваная туды для абскарджвання. Аднак яе заяву перанакіравалі ў Цэнтральны суд Гомеля, дзе суддзя Сяргей Салоўскі, які вынес прысуд Леаніду, аператыўна даў згоду на спатканне. Жонка Леаніда Судаленкі распавяла, як прайшла сустрэча з мужам.

«Я не чакала, што так хутка разгледзяць нашу заяву і дадуць нам спатканне, таму што ўсе спатканні, якія былі да гэтага, мы атрымлівалі з боем. Муж таксама не чакаў і быў здзіўлены, што нам дазволілі сустрэцца. Ён так і сказаў: "Я здзіўлены, што ты прыйшла. Як табе далі спатканне?" Вось, відаць, зрабілі ласку», — кажа Аксана.

Сустрэча мужа і жонкі доўжылася дзве гадзіны ў адмыслова абсталяваным пакоі праз шкло і з дапамогай тэлефонных трубак.

«Муж трымаецца малайцом, ён — барацьбіт, акрамя таго і мяне ўсяляк імкнецца падтрымаць, таму што я засталася адна з усімі сямейнымі справамі і праблемамі.

Леанід выглядае злёгку стомленым, але я магу меркаваць, што ўмовы ў СІЗА наносяць свой "яркі" адбітак, у тым ліку нагрузка на вочы вялікая. У яго са зрокам не зусім усё ў парадку было і на волі, а цяпер яму патрэбнае больш яркае святло: ён адказвае шмат якім людзям на лісты, сам піша разнастайныя хадайніцтвы. Мне муж асабліва не скардзіцца ні на што, я, вядома, цікаўлюся, чым магу дапамагчы — можа, вітаміны якія дадаткова перадаць. Хоць ён не акцэнтаваў увагі на стане здароўя, я выдатна ведаю, што ва ўмовах СІЗА медыцынская дапамога аказваецца самая мінімальная, дый то пад пытаннем.

Леанід беражэ сваё здароўе, але папрасіў перадаць папярэдне тыя лекі, якія могуць яму спатрэбіцца».

Вядома, што Леаніда Судаленку перавялі ў іншую камеру: раней ён быў у камеры на чатыры чалавекі, а цяпер — на 10 чалавек, большасць з сукамернікаў курыць, што выклікае дадатковыя цяжкасці.

Родныя, сябры, калегі і неабыякавыя людзі пішуць праваабаронцу лісты, але не ўсе з іх яму перадаюць.

«Нават мае лісты, якія дасылаю праз платны сэрвіс "Белпошты", даходзяць з затрымкай. Штосьці прытрымліваюць, штосьці не аддаюць — цэнзура як працавала, гэтак і працуе. У плане атрымання карэспандэнцыі сітуацыя нездавальняючая», — падкрэслівае жонка Леаніда Судаленкі.

Таксама яна адзначае, што падатковая інспекцыя запатрабавала дэкларацыю аб прыбытках праваабаронцы за 2014-2020 гады, падача якой ва ўмовах СІЗА выглядае нерэальнай: няма доступу да дакументаў, чэкаў, каб можна было даказаць, што ўсе падаткі сплачаныя.

«І муж цяпер з падатковай інспекцыяй распачаў ліставанне: чакае адказу, якім чынам ён можа падаць дэкларацыю. І наогул, мы не разумеем, чаму падатковая накіравала запыт, калі за апошнія, прынамсі, тры гады муж падаваў дэкларацыі, а за 2020 год я сама асабіста падавала. Чаму гэтыя гады таксама ўключаныя? Магчыма, ёсць нейкая замова. Але цяпер не толькі ў мужа патрабуюць гэтую інфармацыю, па краіне шмат якія людзі сутыкаюцца з падобнай праблемай. З адзіным "але": калі ў чалавека ёсць хоць самае малое права атрымаць, прагледзець, праверыць інфармацыю і пераканацца, што сапраўды штосьці дзесьці не было ўлічана, то ў майго мужа такой магчымасці няма».

Аксана Судаленка распавяла, што яны з мужам шмат абмяркоўвалі пытанні сям'і і навагодніх святаў:

«У нас ёсць традыцыя: муж штогод выступаў Дзедам Марозам і арганізоўваў Новы год. І мы абмяркоўвалі падарункі, каго і якім чынам павіншаваць, што лепш зрабіць».

Жонка праваабаронцы адзначыла, што яго цікавіць усё, што адбываецца ў краіне, але ў Леаніда інфармацыйны вакуум: ён мала пра што ведае, таму што з газет атрымлівае толькі «СБ. Беларусь сегодня», «Гомельскую праўду» і «Народную газету», дзе няма ніякай актуальнай інфармацыі…

«Муж верыць, што рана ці позна ўсё павінна змяніцца, скончыцца — і надыдзе пераломны момант. Я ведаю свайго мужа, ён не пакіне гэтую палітычную справу ў дачыненні да сябе — гэта дакладна. Бо ён любіць абараняць простых людзей, дапамагаць ім парадай, справай, усім чым заўгодна, думаю, ён і цяпер не застаецца ўбаку: пры любой магчымасці падкажа, як, каму і што трэба зрабіць. І тыя незаконныя палітычныя артыкулы, якія людзям былі інкрымінаваныя, і тая сітуацыя, у якой мы таксама аказаліся, — мой муж не пакіне ўсё гэта проста так і ўсё ж такі даможацца справядлівасці. Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць і верне яго сабе назад».

Нагадаем, 3 лістапада праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: нібыта за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «навучанне і падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне» (ч. 2 арт. 342 КК). Суд праходзіў у закрытым ад грамадскасці рэжыме.

Леанід Судаленка быў прызнаны палітвязнем.

spring96.org