Вітольд Ашурак пасмяротна ўганараваны крыжом «За годнасць у палоне»
Гэтую ўзнагароду за ўвесь час існавання атрымалі менш за 100 чалавек.

Вітольд Ашурак пасмяротна ўганараваны крыжам «За годнасць у палоне». Крыжам Пятра Калнышэўскага ўзнагароджваюцца грамадзяне Украіны і грамадзяне, якія былі ўзятыя ў палон і выявілі ўзор мужнасці і нязломнасць перакананняў.
Гэтую ўзнагароду за ўвесь час існавання атрымалі менш за 100 чалавек.
Вітольд Ашурак — актывіст з Бярозаўкі (Лідскі раён Гродзенскай вобласці), член Партыі БНФ, каардынатар Руху «За Свабоду». Не раз балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Падымаў экалагічныя пытанні. Быў затрыманы ў верасні 2020 года і пасля прысуджаны судом да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па абвінавачванні ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Памёр у шклоўскай калоніі пры нявызначаных абставінах 21 мая 2021 года на 51-м годзе жыцця.