Вольгу Залатар асудзілі на чатыры гады калоніі

Палітзняволеную шматдзетную маці Вольгу Залатар асудзілі да чатырох гадоў калоніі. Зрэшты, пракурор Жанна Баранава прасіла пяць гадоў калоніі.

pyra_2.jpg

Сёння, 3 снежня, суддзя Анастасія Папко вынесла прысуд Вользе Залатар. Актывістку прызналі вынаватай у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, у арганізацыі і дапамозе ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Вольга Залатар не прызнала сваю віну ні ў чым, на судзе заяўляла пра збіццё пасля затрымання, прасіла распачаць крымінальную справу. Яе адвакат Андрэй Мачалаў, якога пазней пазбавілі ліцэнзіі, апрылюдніў, заявы Вольгі, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах. Пакараць сілавікоў СК у адмовіліся і сказалі, што «заявы Залатар аб прычыненні ёй цялесных пашкоджанняў не адпавядаюць рэчаіснасці, паколькі яны мелі месца да яе затрымання».

У судзе 15 лістапада зачыталі абвінавачванне па трох артыкулах КК Вользе, якое заняла каля 40 хвілін, паведамляе "Вясна".

25 лістапада кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце вырашыла, што адвакатка палітзняволенай Наталля Ванцовіч "не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі з прычыны недастатковай кваліфікацыі". Адвакатцы ставяць у віну разгалошванне даных папярэдняга следства па справе Вольгі Залатар. Па словах Ванцовіч, яна гэтага не рабіла і будзе абскарджваць рашэнне. Пакуль яна працягвае абараняць Вольгу.

29 лістапада пракурорка Жанна Баранава запрасіла ў суда пакаранне для палітзняволенай – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вольга выступіла з моцным і шчымлівым апошнім словам на судзе, якое яна сказала на беларускай мове.

3 снежня суддзя Анастасія Папко агучыла прысуд палітзняволенай Вользе Залатар – на год менш, чым прасіла пракурорка. Перад гэтым Вольга папрасіла суд агучыць усё абвінавачванне, якое заняла паўтары гадзіны.