Паўтара года калоніі — за аўтамабільны гудок, якім вітаў пратэстоўцаў

10 жніўня 2020 года Дзмітрый Горбач ездзіў каля абласной філармоніі ў Гродна і сігналіў мітынгоўцам. На другі дзень, 11 жніўня, яго затрымалі...

Пратэсты ў Беларусі. Лета 2020

Пратэсты ў Беларусі. Лета 2020

У судзе Кастрычніцкага раёну Гродна першага снежня быў абвешчаны яшчэ адзін прысуд па крымінальнай справе, звязнай з падзеямі ў абласным цэнтры 10 жніўня 2020 года.

Дзмітрыя Горбача судзілі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі.

Падставай для крымінальнай справы сталі падзеі 10 жніўня 2020 года. У той дзень Дзмітрый Горбач ездзіў каля абласной філармоніі і сігналіў аўтамабільным гудком мітынгоўцам, піша "Гарадзенская праваабарона".

На другі дзень, 11 жніўня, яго затрымалі, але неўзабаве адпусцілі. А некалькі месяцаў таму ў гэтым годзе затрымалі зноў і ўзялі да суда пад варту.

Дзмітрый Горбач мае інваліднасць трэцяй групы. У калоніі яму адбываць пасля пераразліку дзён трымання пад вартай у следчым ізалятары, засталося менш за паўтара гады.