Гродзенцаў, якіх затрымлівалі за «несанкцыянаваную акцыю», сталі выклікаць на здачу біяматэрыялаў

Лік выкліканых здаваць сліну ідзе на дзясяткі.

427331_800x495.jpeg


Жыхароў Гродна, якіх затрымлівалі паводле артыкула за «несанкцыянаваную акцыю» (цяпер арт. 24.23 КаАП РБ, раней – арт. 23.34) сталі выклікаць у міліцыю для здачы біяматэрыялу, расказваеHrodna.life.
За апошні тыдзень выклікі пачасціліся, і, мяркуючы па нумарацыі позваў, лік ідзе на дзясяткі чалавек. У позвах прычыны выкліку не напісаныя, некаторых выклікалі нават без позваў — праз тэлефанаванне. Па тэлефоне тлумачаць, што выклікаюць, калі чалавек праходзіў паводле артыкула за «несанкцыянаваную акцыю».
Цягам некалькі хвілін у людзей бяруць узор сліны, фатаграфуюць у анфас і профіль, а калі ў базе няма адбіткаў пальцаў, здымаюць адбіткі.
Якую практычную карысць (акрамя прыніжэння ці застрашвання) такая працэдура можа мець у палітычных рэпрэсіях, невядома. З узору сліны можна атрымаць «адбітак» ДНК чалавека, каб параўнаць яго з, напрыклад, кропляй крыві, следам вуснаў на цыгарэце або коранем воласа. Але для гэтага трэба мець узор ДНК з месца злачынства, з якім параўноўваць.
Базы ДНК ёсць у шэрагу краін, у тым ліку ў Расіі — там збіраюць звесткі пра ДНК асуджаных за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Апараты для хуткага аналізу ДНК каштуюць каля 30 тысяч долараў, іх ужыванне слаба ўрэгуляванае. Этычнасць выкарыстання баз ДНК сілавікамі ў свеце выклікае спрэчкі.