Марыя Калеснікава з СІЗА: Шлях, які абраў для краіны рэжым, — гэта шлях у нікуды

«Шлях, які абраў для краіны рэжым, — гэта шлях у нікуды. Важна ўсім разам шукаць выхад з небяспечнага піке і ўжо цяпер думаць наконт вырашэння задач на будучыню». Беларуская апазіцыянерка Марыя Калеснікава ў пісьмовым інтэрв'ю DW з СІЗА ў Мінску ацаніла дзеянні апазіцыі за мяжой і выказала здагадку, што прымусіць Аляксандра Лукашэнку сысці.

Марыя Калеснікава падчас суда, 6 верасня 2021 года

Марыя Калеснікава падчас суда, 6 верасня 2021 года

Ужо больш за год беларускі апазіцыйны палітык Марыя Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2020 годзе яна ўзначальвала штаб экс-банкіра Віктара Бабарыкі, а пасля пачатку пратэстаў далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай рады апазіцыі — Калеснікава лічыцца адной з галоўных фігур беларускага пратэсту.

У верасні мінулага года Марыю Калеснікаву арыштавалі, а 6 верасня гэтага — разам з юрыстам Максімам Знакам — прызналі вінаватымі, сярод іншага ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, і прысудзілі, адпаведна, да 10 і 11 гадоў калоніі. Напярэдадні разгляду скаргі на прысуд, якую падала яе абарона, і прызначанага на 24 снежня, карэспандэнту DW удалося атрымаць пісьмовыя адказы Калеснікавай на пытанні, у якіх Марыя падзялілася сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі.

 — Як вы сябе адчуваеце пасля больш чым гадавога зняволення? Чаго вам больш за ўсё не хапае ў турме?

— Бацькі адарылі мяне генам аптымізму, і нават у турме я радуюся кожнаму дню, — напісала Марыя Калеснікава. — Я дакладна ведаю, што гэта скончыцца, і я змагу ўбачыць і абняць сваіх родных і блізкіх. Нават пры амаль поўнай адсутнасці перапіскі ўвесь год я адчуваю клопат і любоў людзей у Беларусі і ва ўсім свеце. Гэта дае каласальную сілу і энергію.

У турме не хапае ўсяго: паветра, сонца, музыкі, флейты, лістоў, зносін і душа. Але калі ведаеш, навошта (ты жывеш. — Рэд.), усё роўна, як (гэта адбываецца. — Рэд.).

— 6 верасня суд прысудзіў вас і Максіма Знака да 10 і 11 гадоў калоніі па трох артыкулах КК: стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і змова з мэтай захопу ўлады. Што вы думаеце наконт прысуду вам і Знаку?

— Я шмат разоў казала, што прысуд мне і Максіму — гэта абсурд, таму што ніхто з нас не вінаваты. Гэтак жа, як і вялікая колькасць беларусаў, якія знаходзяцца цяпер у турмах. Рэжым хоча перакласці ўсю адказнасць на нас за свае памылкі. Насамрэч захоп улады ў Беларусі здзейсніў адзін чалавек. Лічбы ў 10 і 11 гадоў толькі пацвярджаюць гэты факт.

— Ці аказваецца цяпер у СІЗА на вас ціск? Як вы думаеце, калі б вы пакаяліся і напісалі прашэнне аб памілаванні, беларускія ўлады вас бы адпусцілі?

— Любы ціск мае супрацьлеглы эфект. Натуральна, ні пра якія просьбы аб памілаванні не можа быць і гаворкі. Бо я, як Максім Знак і ўсе палітвязні, невінаватая. Нельга прызнавацца ў тым, чаго не здзяйсняў.

— Святлана Ціханоўская і іншыя вашы паплечнікі кажуць, што цяпер больш карысныя за мяжой, таму не хочуць вяртацца праз імаверны арышт. Азіраючыся назад, ці не лічыце вы, што рацыянальней было б пакінуць краіну?

— Не шкадую ні на ёту пра свой выбар. Турмы перапоўненыя сумленнымі, адважнымі беларусамі, якія і не думаюць здавацца, нават нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск. Для мяне гонар прайсці са сваім народам гэты шлях да свабоды і пераменаў. У кожнага свая роля ў гэтай гісторыі.

— Чым цяпер павінны займацца беларусы? Напрыклад, ствараць новыя палітычныя партыі, удзельнічаць у праўладным дыялогу або ў абмеркаванні праекта новай канстытуцыі?

— Шлях, які абраў для краіны рэжым, — гэта шлях у нікуды. Важна ўсім разам шукаць выхад з небяспечнага піке і ўжо цяпер думаць наконт вырашэння задач на будучыню — пра міжнародныя эканамічныя адносіны, прамысловасць, грамадзянскую супольнасць, заканадаўства і гэтак далей.

Ніхто не бачыў праекта новай канстытуцыі, як і 28 саюзных праграм (па развіцці інтэграцыі Беларусі і Расіі. — Рэд.). Слаба верыцца, што, знішчаючы грамадзянскую супольнасць і СМІ адной рукой, іншай можна «дэмакратызаваць» канстытуцыю і сысці ад аўтарытарнай улады.

Цяпер складана казаць аб канкрэтных формах удзелу, мы ўсе ў падвешаным стане. Пакуль самае важнае — быць разам і не губляць даверу адзін да аднаго. А тым, хто за мяжой, перш за ўсё думаць пра людзей, якія працягваюць жыць унутры краіны.

— З таго, што вам вядома, наколькі вы задаволеныя дзейнасцю апазіцыі, якая аказалася за мяжой? Што ёй варта зрабіць цяпер?

— Я захапляюся тымі, каму давялося з'ехаць, але, нягледзячы ні на што, яны працягваюць барацьбу за Беларусь. Кожны беларус робіць усё, што можа, і любы маленькі крок — гэта ўклад у агульную справу. Важна не адрывацца ад рэальнасці і разумець, што сітуацыя даволі цяжкая і, як ужо відаць, вырашацца будзе даволі доўга.

Трэба разумець, што лідары нараджаюцца на хвалі агульнага грамадзянскага ўздыму — і гэта першаснае. Без гэтага ўздыму роля лідараў вельмі абмежаваная. Неабходна дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго. У нас могуць быць розныя погляды, аднак заўсёды трэба памятаць пра нашу агульную мэту: свабодная дэмакратычная Беларусь, дзе чалавек з'яўляецца вышэйшай каштоўнасцю.

— Калі б вы цяпер аказаліся на свабодзе, чым заняліся б?

— У мяне ёсць шмат ідэй для музычных і культурных праектаў. Напрыклад, з СІЗА хацела б зрабіць культурны асяродак, стварыць прастору, музей ахвяраў камунізму, таталітарызму і іншых «ізмаў». І сацыяльны праект: цэнтр для сацыялізацыі і рэабілітацыі жанчын пасля зняволення.

Калі я праходжу гэты шлях, мяне дзівіць, як «працуе» сістэма і дзяржава, узровень непрафесіяналізму, глупства, безмяжак — і я гатовая дапамагаць выхаду з крызісу і сітуацыі беззаконня. Справядлівасць, закон і павага да асобы, роўнасць чалавечага патэнцыялу — цаглінкі, без якіх у нас няма будучыні. І нам усім трэба будзе шмат працы ў гэтым кірунку.

— Што прымусіць Аляксандра Лукашэнку сысці?

— Сітуацыя вельмі складаная, і мы ўжо страцілі больш за год. Вельмі хочацца верыць, што здаровы сэнс урэшце пераможа. Сыход (Лукашэнкі. — Рэд.) адбудзецца, гэта пытанне часу і той цаны, якую за гэта заплацяць беларусы. Чым даўжэй гэта будзе працягвацца, тым горш для ўсіх і, у прыватнасці, для яго і яго атачэння.

Нішто не вечнае — нават цяпер існуюць сілы (ва ўладным структурах. — Рэд.), гатовыя да канструктыўных рашэнняў, да перамоваў па выхаду з піке. Бо жыццё беларусаў, наша будучыня, наш агульны дом — гэта самая галоўная каштоўнасць. Дзеля яе неабходна шукаць шляхі пераадолення крызісу.

Пераклад НЧ