«Любая мая мара можа стаць рэальнасцю». Пра што Наталля Хершэ піша з магілёўскай турмы

Строгі рэжым для палітзняволенай Наталлі Хершэ ў магілёўскай турме працягнецца 6 месяцаў, піша «Свабода».

Наталля Хершэ

Наталля Хершэ


Пра гэта Наталля паведаміла свайму брату Генадзю Касьяну, які днямі атрымаў з-за кратаў ліст і пагутарыў з сястрой праз тэлефон.
«Строгі рэжым працягнецца паўгода ад моманту пераводу Наталлі з гомельскай калоніі. А далей ужо вырашаць, ці будуць яго змякчаць, — кажа Генадзь. — Адмысловая камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні нядаўна пастанавіла, што Наталля не становіцца на шлях выпраўлення. Наступнае пасяджэнне гэтай камісіі адбудзецца ажно ў лістападзе 2022 года. Там ужо застануцца два месяцы да яе афіцыйнага выхаду. То-бок наўрад ці гэта ўсё зменіцца».

Гарманальныя прэпараты перадаць пакуль не дазволілі

Наталля Хершэ мае швейцарскае грамадзянства. 23 лістапада яе наведаў у турме часовы павераны ў справах Швейцарыі ў Беларусі Джон Рухаф. Раней з Наталляй сустракаўся амбасадар Клод Альтэрмат, які з прычыны заканчэння сваіх паўнамоцтваў вярнуўся ў Швейцарыю.
«Нейкі настрой у мяне цяпер дзіўны: спакойны, але сумны. Прычыны розныя. Сёння падчас сустрэчы з часовым павераным у справах Швейцарыі ў Беларусі Джонам Рухафам (а я спадзявалася яшчэ спадара Альтэрмата ўбачыць) я сказала пра дамоўленасць з адвакатам і пра неабходныя лекі», — піша Наталля ў лісце.
Гэта была вусная дамоўленасць Наталлі з начальнікам медыцынскай часткі турмы пра тое, каб адвакат перадаў ёй неабходныя гарманальныя прэпараты. Наталля скардзілася, што праз гарманальны збой у яе пачалі выпадаць валасы.
«Пра гэтую дамоўленасць сакратарка амбасады нагадала падчас сустрэчы кіраўніка амбасады з Наталляй, — кажа Генадзь. — Гэтыя лекі я даўно перадаў адвакату. Я ў той жа дзень звязаўся з адвакатам, і той сказаў, што такога не можа быць, ніякай вуснай дамоўленасці не існуе, патрэбны дазвол на паперы. Тым не менш, ён зрабіў спробу перадаць гэтыя лекі на наступны дзень, але нічога ў яго не атрымалася. То-бок спачатку дазволілі, а пасля адмянілі».
Наталлі дазволілі медыцынскую бандэроль у снежні, і яна даслала спіс з 6 прэпаратаў (два з іх гарманальныя), што яна прымае.
«Як ты бачыш, магнію тут няма, хоць мне яго вельмі хацелася. Але я ўжо стамілася тлумачыць, даказваць і дамагацца. Пластыру таксама няма. Нават не сталі слухаць, гэта не дапаможа, — піша Наталля. — Ведаеш, мне ўсё роўна. Самае галоўнае — я атрымліваю гармоны, значыць, усе валасы не выпадуць, а з кожным днём будуць мацнейшыя. Яшчэ мне сказалі, што рэчавая пасылка мне, аказваецца, не дазволена. Наўрад ці мне яе выдадуць».

Рэчавая пасылка вярнулася

Учора 22-кілаграмовая рэчавая пасылка, якую Генадзь адсылаў Наталлі два тыдні таму, вярнулася. З гэтай нагоды ён вырашыў пісьмова звярнуцца да начальніка турмы, каб той патлумачыў сітуацыю.
«Спачатку падчас сустрэчы са мной ён патэлефанаваў у спецаддзел і сказаў супрацоўніку, што Наталлі дазваляецца адна пасылка вагою 50 кілаграм. Ён мяне пераканаў у гэтым, а цяпер гэтая пасылка вярнулася з надпісам "Не дазволена", — кажа Генадзь. — І гэта Наталля пацвердзіла ў сваім лісце. Але на якой падставе, я не ведаю. Як гэта так? Спачатку дазволена, а цяпер не? Крыўдна, бо ўсё, што яна замаўляла, асабліва туалетная папера, якой там бракуе, падабраная сяброўкай касметыка для скуры, валасоў, шампуні, дэзадаранты, крэмы, цёплыя шкарпэткі цяпер у пасылцы стаяць у мяне на балконе».

Паштоўка з «Сіксцінскай мадонай»

Наталля таксама піша, што без кніг «проста памірае», просіць брата што-небудзь прыдумаць, каб яна магла хутчэй іх набыць. Генадзь кажа, што гэта будзе яшчэ адно пытанне ў звароце да начальніка магілёўскай турмы. Таксама ў Наталлі няма магчымасці глядзець тэлевізар.
«Вялікі дзякуй за вашы лісты, ліст Алёны (гэта яе сяброўка. — РС) хоць на сценку вешай, штораз перачытваю, усміхаюся, — піша Наталля. — Памятаеш, у залі нашага бацькоўскага дома віселі карціны, адна з іх — "Сіксцінская мадона" Рафаэля, карціна "Вершніца", якія мне вельмі падабаліся. Мая знаёмая Наташа Еўтухова, калі я яшчэ была ў калоніі, даслала мне паштоўку з выявай "Сіксцінскай мадоны". Я была ўражаная, убачыўшы зноў гэтую карціну. Яна нясе столькі прымірэння, пяшчоты, гармоніі, я проста ў захапленні. Цяпер паштоўка ляжыць у мяне на стале».
Наталля піша, што яе жаданні здзяйсняюцца, бо раней марыла мець больш сяброў у Мінску. І цяпер іх сапраўды больш — па ўсім свеце.
«Вера, жаданне, настойлівасць і сіла волі — усім гэтым я валодаю, а значыць, любая мая мара можа стаць рэальнасцю», — піша Наталля.

Наталлі не вярнулі яе рэчы

Падчас 15-хвіліннага тэлефанавання з турмы Наталля пыталася ў брата, які працуе лекарам, найперш пра лекі і пра схему, як іх прымаць.
Таксама яна здзіўленая і абураная тым, што падчас этапу з гомельскай калоніі ў магілёўскую турму зніклі яе ўласныя рэчы.
«Іх ёй павінны былі перадаць. Гэта мноства намаляваных партрэтаў, яе дзённікі, сшыткі з запісамі, квітанцыі, якія яна захоўвала, — кажа Генадзь. — Нават яе квітанцыя пра першы заробак у 6 рублёў 66 капеек таксама знікла. Яна кажа, што гэтыя рэчы скралі службоўцы ў гомельскай калоніі».

Харчы няма дзе захоўваць

На ўмовы ўтрымання ў турме Наталля не скардзіцца, падчас прагулак робіць прабежкі, якія яе добра зараджаюць. Паводле Генадзя, голас у яе быў бадзёры, псіхалагічны стан добры, яна па-дзелавому актыўная.
«Цяпер пахаладала, і яна вывесіла за акно кавалак сыру і марскую капусту, набытыя ў атаварцы, каб не папсаваліся. Яе строга папярэдзілі, каб яна выкінула гэтыя харчы і больш не вывешвала. На яе пытанне, дзе іх можна захоўваць, турэмшчыкі прамаўчалі, — кажа Генадзь. — Яна вырашыла не набываць харчы, патраціць свае 29 рублёў на пральны парашок, крэмы і мыла. Крыўдна, што чалавек не можа дадаткова набыць харчы, бо няма дзе захоўваць і яны псуюцца».

«Я сказаў, што Еўрасаюз не адступае»

Падчас размовы Генадзь паспеў зачытаць Наталлі два лісты са словамі падтрымкі ад жанчын з Маладзечна.
«Я сказаў: "Ты не ведаеш, колькі людзей цябе падтрымлівае". Я разумею, што ніякія лісты з падтрымкай, нават з добрымі словамі, да яе не даходзяць. Ні адзін ліст з замежных краін, а іх было нямала, не дайшоў. Канешне, крыўдна, бо лісты дадавалі б яшчэ больш моцы, — кажа Генадзь. — Яна спыталася пра асноўныя навіны. Я расказаў пра мігранцкі крызіс, а таксама пра новы пакет санкцый. Я сказаў, што Еўрасаюз не адступае, ідзе да канца, пакуль рэжым не выканае ўмовы, сярод якіх — найперш вызваленне ўсіх палітвязняў».