Палітзняволенага Арцёма Баярскага этапуюць у Магілёў нягледзячы на хваробу
Палітзняволены Арцём Баярскі захварэў, турэмны доктар прызначыў хлопцу пасцельны рэжым. Арцём дрэнна сябе адчувае, у яго трымаецца тэмпература, ён перастаў адчуваць пахі. Але гэта не змяніла рашэння этапаваць палітвязня ў Магілёў.
Нягледзячы на тое, што турэмны лекар у СІЗА №1 на Валадарскага прапісаў хлопцу пасцельны рэжым, Арцёма этапуюць у Магілёў.
У Арцёма ломіць цела, баліць галава, трымаецца тэмпература, ён не адчувае пахаў. Але дыягназ «каронавірус» яму не ставяць, у яго адмовіліся браць аналіз на каронавірус. Хлопца ў такім стане вырашылі этапаваць з «Валадаркі» ў Магілёў.
Нагадаем, Арцёма Баярскага 9 снежня асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Алена Шылько назвала хлопца вінаватым у стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» (нібыта ён адміністраваў Telegram-канал і чат «Мая краіна Беларусь») і ва ўдзеле «ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Суд быў закрытым.