Дзяніс Івашын напісаў заяву на сустрэчу з доктарам

Пра гэта паведаміла жонка палітзняволенага журналіста Вольга Івашына.

ivaszyn_1.jpg

Па словах Вольгі Івашынай, Дзяніс па-ранейшаму адчувае праблемы з сэрцам, нават мусіў напісаць заяву на сустрэчу з доктарам. Нагадаем, улетку ў журналіста здарыўся сардэчны прыступ.
Наш галега знаходзіцца за кратамі ўжо 245-ты дзень. Апошнія два месяцы родныя не атрымлівалі ад яго лістоў, дый да гэтага з ліставаннем былі праблемы. Весткі ад «знешняга свету» Дзяніс Івашын таксама атрымлівае рэдка, хоць пішуць яму і сваякі, і сябры, і незнаёмыя людзі.
Журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца ў гродзенскай турме з 12 сакавіка. Адпачатку яму было прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле «Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў», аднак напрыканцы кастрычніка стала вядома, што артыкул журналісту перакваліфікавалі, і цяпер яго абвінавачваюць па артыкуле «Здрада дзяржаве», які прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.