Справу Эдуарда Пальчыса перадалі ў суд, яго тэлеграм-канал хочуць прызнаць экстрэмісцкім фарміраваннем

Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Эдуарда Пальчыса.

palchys_logo_2_logo_1.jpg

Як сцвярджае ведамства, «следчымі дакладна ўстаноўлена, што яго злачынная дзейнасць пачалася яшчэ ў 2016 годзе і ажыццяўлялася аж да яго затрымання ў верасні 2020 года».
Асноўнай «зброяй» Пальчыса следчыя называюць створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, «у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіравання свядомасцю натоўпу, схілення да запланаваных злачынных дзеянняў».
Сцвярджаецца, што «публікаваная яшчэ з 2016 года ў рэсурсах інфармацыя па сваім змесце была наўмысна накіравана Пальчысам на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады і грамадскасці, якія актыўна выступаюць за выкананне правапарадку і захаванне дзеючага канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь».
На думку следчык, «адначасова з "затуманьваннем" свядомасці грамадзян Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Акрамя інфармацыйнага ўздзеяння абвінавачаны схіляў іх да ўчынення названых злачынстваў, размяшчаючы інфармацыю аб запланаваным месцы і часе правядзення запланаваных супрацьпраўных дзеянняў, інфармацыйнай нагодзе, навучаючы і падрыхтоўваючы патэнцыйных удзельнікаў».
Паводле СК, ужо атрыманыя неабвержныя доказы, якія сведчаць аб учыненні Пальчысам дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. 
Падчас следства была праведзена псіхалінгвістычная экспертыза інфармацыі, размешчанай у жніўні-лістападзе 2020 года ў складовай частцы Telegram-канала, створанага і кіраванага Эдуардам Пальчысам. Пасля яе суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў яго экстрэмісцкім.
«Цяпер ужо ініцыявана перад Міністэрствам унутраных спраў прызнанне групы грамадзян, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць праз вышэйназваныя рэсурсы, экстрэмісцкім фарміраваннем», — паведамляе Следчы камітэт.
Дзеянні Эдуарда Пальчыса кваліфікаваны следствам па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
— ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і розніцы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);— ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);— ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);— ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Расследаванне крымінальнай справы завершана. Матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.