Справа Івашына: чаму ўлады спалохаліся журналіста з Гродна?
Беларускага журналіста Дзяніса Івашына, аўтара «Новага Часу», які распавёў пра былых «беркутаўцаў» на службе ў Лукашэнкі, абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. «Deutsche Welle» распавядае, што вядома пра яго справу.
Беларускага рэдактара міжнароднай валанцёрскай супольнасці «InformNapalm» Дзяніса Івашына, якога затрымалі ў Гродне больш за 8 месяцаў таму, абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Незадоўга да арышту журналіст апублікаваў расследаванне пра былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення «Беркут», прынятых на службу ў беларускія сілавыя структуры. DW распавядае пра тое, чым вядомы Дзяніс Івашын і чым ён мог спалохаць беларускія ўлады.
Курапаты, «рускі свет», былыя «беркутаўцы»
Дзяніс Івашын — грамадзянін Беларусі са статусам «замежнага ўкраінца», у 2014 годзе ён удзельнічаў у падзеях на Майдане ў Кіеве. У сябе на радзіме журналіст добра вядомы рэзананснымі матэрыяламі і расследаваннямі: ён пісаў пра будаўніцтва рэстарана побач з месцам масавых сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, сумесныя вучэнні Расгвардыі і беларускіх сілавікоў, а таксама пра магчымы ўдзел былых супрацоўнікаў спецпадраздзялення МУС Украіны «Беркут» у разгоне мірных пратэстаў 2020 года ў Беларусі. Матэрыялы публікаваліся ў беларускай газеце «Новы Час».
Напярэдадні арышту ў інтэрв'ю тэлеканалу «Настоящее время» журналіст расказаў пра трэцюю частку расследавання пра «беркутаўцаў» на службе ў Лукашэнкі. «Магчыма, артыкулы, прысвечаныя былым "беркутаўцам", якіх пасля ўцёкаў з Украіны прынялі на працу беларускія ўлады, сталі апошняй кропляй, пасля якой вырашылі, што яго трэба браць», — кажа жонка журналіста Вольга Івашына.
Што даведаўся Івашын пра «беркутаўцаў» у Беларусі?
Як атрымалася высветліць Дзянісу Івашыну, у беларускім АМАПе служаць больш за дзесяць экс-«беркутаўцаў»: не толькі радавых байцоў, але і прапаршчыкаў ды афіцэраў. Усе яны, як мяркуе журналіст, атрымалі беларускае грамадзянства і былі прынятыя на службу ў міліцыю насуперак заканадаўству. Раней Івашын казаў, што «ніякіх умоў для выдачы ім грамадзянства не было яшчэ ў 2014 годзе, калі яны ўцякалі з Украіны».
Журналіст упэўнены, што ў 2020 годзе былыя «беркутаўцы» ўдзельнічалі ў затрыманнях удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. У сваім расследаванні ён публікуе выпіскі з пратаколаў адміністрацыйных спраў і анкетавання падчас судоў над актывістамі, дзе «беркутаўцы» выступаюць у якасці сведак.
«Ёсць расследаванне, ёсць канкрэтныя імёны і прозвішчы, фотаздымкі — спрачацца з гэтым немагчыма. Можна толькі прызнаць факт, што сапраўды гэтыя людзі прынятыя на службу ў Беларусі і гэта адбылося ў абыход законаў», — кажа Вольга Івашына.
Што стала прычынай абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе?
Івашына затрымалі 12 сакавіка 2020 года ў яго кватэры ў Гродне па падазрэнні ў парушэнні арт. 365 КК РБ — «умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае тры гады пазбаўлення волі.
Івашын, у сваю чаргу, не раз падкрэсліваў, што праводзіў журналісцкае расследаванне ў рамках закона, выкарыстаў толькі адкрытыя крыніцы інфармацыі і не парушаў беларускага заканадаўства. «У адкрытых крыніцах можна знайсці шмат цікавых даных, пра якія афіцыйныя ўлады былі б рады змаўчаць», — кажа калега Івашына з «InformNapalm» Антон Паўлушка.
Калегі Івашына ўпэўненыя: для абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе ў Беларусі дастаткова быць журналістам
У верасні журналісту прад'явілі новае абвінавачанне «па асабліва цяжкім злачынстве», пры гэтым канкрэтны крымінальны артыкул спачатку вядомы не быў. У тым, што яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, жонка Дзяніса Івашына Вольга даведалася толькі ў канцы кастрычніка, калі ёй прыйшоў афіцыйны адказ з КДБ на яе запыт. «Фактычна для прызнання вінаватым па артыкуле аб дзяржаўнай здрадзе ніякіх асаблівых доказаў не трэба: суды праходзяць у закрытым рэжыме, адвакаты пад падпіскай аб неразгалошванні. Лёгка прызначыць вінаватага, ніхто гэта не праверыць, можна пасадзіць чалавека на столькі, на колькі захочуць», — лічыць Вольга Івашына.
Антон Паўлушка сумняваецца ў тым, што прычынай абвінавачання Івашына ў дзяржаўнай здрадзе стала яго расследаванне пра былых «беркутаўцаў». «Дзяніс — вядомы беларускі журналіст і грамадскі дзеяч, — кажа ён. — Для сённяшніх беларускіх улад гэтага, мабыць, дастаткова, каб абвінаваціць у дзяржаўнай здрадзе. У Беларусі ёсць агульны трэнд на абмежаванне свабоды слова».
Сардэчны прыступ у турме
У гродзенскай турме №1 Дзяніса Івашына пяць разоў змяшчалі ў карцар — агулам журналіст правёў там 30 дзён. Больш за два месяцы ён не атрымлівае лістоў, у спатканнях з роднымі яму адмаўляюць. Беларускія праваабаронцы прызналі гродзенскага журналіста палітзняволеным.