Ягор Марціновіч з-за кратаў: «Мяне вучылі ганарыцца, што ты беларус»

Пайшоў пяты месяц, як галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, як і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, знаходзяцца за кратамі па абсурдным і палітычна матывананым абвінавачанні. За чатыры месяцы Следчы камітэт так і не змог скончыць справу, таму нашым калегам зноў працягнулі на месяц знаходжанне пад вартай. «Наша Ніва» сабрала, што піша ў апошніх лістах Ягор: пра свой побыт у СІЗА і думкі пра развіццё медыя ў Беларусі.

13913939_1272789909427768_7128350409005456406_o_5vblm.jpg


«Спадзяюся, што "Наша Гісторыя" і дзіцячыя часопісы перажывуць гэтыя складаныя часы, — піша Ягор. — Гэта важная з’ява для ўмацавання патрыятызму, а значыцца, і незалежнасці. Шкада, што ў цяперашніх умовах не ўсё залежыць ад нас. І тым больш ад мяне, які сядзіць у СІЗА.

Што было заўсёды цікава — як зменіцца беларускі медыярынак пасля таго, як з’явіцца рынак. Калі пойдуць інвестыцыі, калі бізнэсмены захочуць мець СМІ для лабіравання сваіх інтарэсаў (ну, ці проста пагуляцца ў медыя, як Атрошчанка з тымі «экспрэс-навінамі»), калі будуць з’яўляцца і знікаць стартапы. Ну і каб само жыццё паказала, хто чаго варты.

Я цяпер атрымліваю "Каталіцкі веснік". Там кожны нумар артыкулы пра лексіку беларускай мовы. І палова прыкладаў — з сайта "Нашай Нівы". Прыкольна, калі па тваіх старых тэкстах навуковыя публікацыі робяць!»

За кратамі Ягор шмат чытае. Нядаўна скончыў «Мову» Віктара Марціновіча (яны аднафамільцы, не сваякі). Кажа, што вельмі ўражаны — «8 з 10», услед за ім кнігу пачалі чытаць маладыя хлопцы, якіх абвінавачваюць у распаўсюдзе наркотыкаў.

«Вельмі хваляць, толькі зрэдку перапытваюць сэнс некаторых словаў, — працягвае Ягор. — На жаль, часта атрымліваецца так, што беларуская літаратура пралятае міма школьнікаў, зусім не чапляе іх.

Мне ж вельмі пашанцавала, што ў ліцэі БДУ выкарыстоўвалі нейкія іншыя методыкі, якія прымушалі чытаць Баршчэўскага, Ядзвігіна Ш., Багушэвіча і ганарыцца, што ты беларус. Я так і не ўлавіў, як гэта канкрэтна працуе, але рэальна працуе!»

Пра сваё працяглае ўтрыманне за кратамі кажа па-філасофску: «Няспешна заходжу на новы віраж». Так ён напісаў, калі яму мінулы раз працягнулі знаходжанне ў СІЗА. Хадайніцтва аб змене ўтрымання СК адхіліла.

«Дзень за днём бягуць руцінна. Выпрацоўваеш сабе тактыку і яе прытрымліваешся (гэта фраза — прыкол, загугліце відэа пра спартсмена). Графік дня склаўся проста, па ім і перакідваеш каляндар, — піша галоўны рэдактар НН. — Кастрычнік — непрыемны месяц, трэба сядзець лішні дзень, 31-га, ёсць жа месяцы па 30 дзён. Але ў плане надвор’я быў ідэальны месяц, яшчэ ўчора можна было хоць трохі пахадзіць у майцы. Мая місія — знайсці хоць адзін цёплы дзень у лістападзе.

У "Звяздзе" друкуюць час заходу сонца, дык у 18:00 ужо амаль ноч! Мы ж так позна на прагулку не выходзім, дык неяк не звяртаеш увагу, што дзень так скарачаецца.

У нас у камеры ёсць каўказец. Калі яго хто-небудзь частуе, ён кажа: "Дзякуй! Здароўя табе і таму, хто табе гэта прынёс сюды". І так па пяць разоў на дзень! Усе астатнія смяюцца ў гэты час. Так што здароўя вам, заставайцеся на пазітыве».

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко ўсё жыццё працавалі для беларускага чытача, да апошняга, нягледзячы на небяспеку, заставаліся ў Беларусі, каб беларусы маглі чытаць праўдзівыя навіны па-беларуску. За праўду і прынцыповую пазіцыю цяпер іх трымаюць у турме. Як іх падтрымаць? Пішыце лісты, дасылайце тэлеграмы і грашовыя пераводы на любую даступную суму. Так Ягор і Андрэй будуць ведаць, што іх падтрымліваюць, што пра іх не забыліся.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1,

Марціновічу Ягору Аляксандравічу,

Скурко Андрэю Генадзевічу.