Праваабаронцы патрабуюць вызвалення траіх новых палітвязняў

Праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі яшчэ траіх чалавек — Міхаіла Хаванскага, Генадзя Смірнова і Галіну Гарацкевіч.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Міхаіла Хаванскага 3 верасня 2021 года суд Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці асудзіў паводле арт. 364 КК за гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Генадзя Смірнова 27 кастрычніка 2021 года асудзілі судом Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці паводле ч. 2 арт. 363 і 368 КК за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў і абразу прэзідэнта да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Галіна Гарацкевіч 16 жніўня 2021 года асуджаная судом Кастрычніцкага раёна горада Гродна паводле арт. 342 і 364 КК за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгоне да трох гадоў абмежавання волі ў ПУАТ, накіраваная адбываць пакаранне.
Па стане на вечар 19 лістапада ў Беларусі палітвязнямі прызналі 876 чалавек.