Шольц: Пуцін хоча паглынуць Беларусь

Олаф Шольц кажа, што трэба рыхтаваць гарантыі бяспекі Украіны. Бо ў планах Пуціна — захоп суседніх тэрыторый, а менавіта Украіны і Беларусі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Канцлер ФРГ упэўнены, што ў планах Пуціна — захоп суседніх тэрыторый. Таму, са слоў Шольца, неабходна весці канкрэтную размову аб гарантыях бяспекі для Украіны, піша «Нямецкая хваля». Пра нейкія гарантыі для Беларусі, аднак, кіраўнік нямецкага ўрада нічога не сказаў.

Канцлер Германіі Олаф Шольц лічыць неабходным абмеркаванне гарантый бяспекі для Украіны. На ўрадавай прэс-канферэнцыі ў сераду, 14 чэрвеня, ён заявіў, што размову пра гэта Берлін ужо даўно вядзе са сваімі найважнейшымі саюзнікамі.

Паводле слоў Шольца, ідзе і пра тое, каб быць гатовымі забяспечыць бяспеку, калі вайна ўжо скончыцца.

Канцлер ФРГ падкрэсліў, калі адказваў на пытанні “Нямецкай хвалі”, што гаворка не можа ісці аб тым, каб "нейкім чынам замарозіць вайну і ўзаконіць расійскі захопніцкі набег", як заклікаюць некаторыя галасы.

Вайну Расіі супраць Украіны Олаф Шольц назваў паваротным момантам, паколькі, на яго думку, з яе пачаткам у Еўропе было адменена разуменне таго, што межы не павінны перасоўвацца з ужываннем сілы.

"А расійскі прэзідэнт відавочна хоча паглынуць некаторыя суседнія тэрыторыі: у яго ёсць такі план у дачыненні да Украіны, і, цалкам відавочна, гэта таксама ягоны план у дачыненні да Беларусі", — упэўнены кіраўнік нямецкага ўрада.

"Вось чаму так важна, каб мы падтрымлівалі Украіну, вось чаму так важна, каб у нас была вельмі канкрэтная размова аб гарантыях бяспекі, — сказаў Шольц. — І менавіта таму важна дакладна заявіць, што мы будзем падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца, і што мы не пагодзімся на навязаны мір. Расія павінна вывесці войскі".

Шольц запэўніў, што Германія будзе працягваць падтрымліваць Украіну датуль, пакуль гэта неабходна, пакуль Украіна вымушаная абараняцца. У якасці прыкладу падтрымкі з боку Берліна ён прывёў рашэнне аб рамонце ўзбраенняў, якія пастаўляюцца Кіеву і што былі падбітыя на поле бою — у прыватнасці, пра стварэнне рамонтных цэнтраў у Румыніі, Славакіі і Польшчы.


Нагадаем, 21 лютага СМІ апублікавалі дакумент пра планы наконт узмацненні расійскага ўплыву ў Беларусі, які нібыта быў атрыманы з адміністрацыі Пуціна. Дакумент завываецца «Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі ў Беларусі». Згодна з ім, Расія збіраецца да 2030 года акупаваць Беларусь — да 2030 года стварыць «паўнавартасную Саюзную дзяржаву».

Дакумент датуецца летам 2021 года і змяшчае 17 старонак. У ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расійскіх улад у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 года), сярэднетэрміновыя (да 2025 года) і далёкатэрміновыя (2030 год).

«Новая газета» называе гэты план «паглынаннем Беларусі», згадвае «Люстэрка». Расійскія журналісты паказалі план заходнім экспертам — і тыя лічаць, што дакумент сапраўдны.

«Мэты Расіі ў дачыненні да Беларусі тыя ж, што і ў дачыненні да Украіны. Толькі ў Беларусі РФ разлічвае на прымус, а не на вайну. Яе канчатковай мэтай па-ранейшаму з'яўляецца масавая інкарпарацыя», — заявіў пра гэты дакумент у лютым 2023 года Майкл Карпентэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.