Як дыктатура спрабуе змяніць мову. І як на гэта адказвае народ

У сувязі з чарговай гадавінай аб'яднання Германіі лінгвісты згадалі пра спробы ўсходненямецкіх камуністаў стварыць асобную мову, не падобную на мову заходніх немцаў.

133460__1_.jpg


Калі ў 1989-м абрынулася берлінская сцяна і нямецкая нацыя ўз'ядналася, жыхары заходніх зямель канстатавалі кур'ёзны факт. Іх усходнія супляменнікі часам размаўлялі не на простанароднай нямецкай мове, а на моўным варыянце, які істотна адрозніваўся ад мовы жыхароў ФРГ.
Такая сітуацыя была шмат у чым вынікам дзейнасці дзяржаўных устаноў ГДР, якія моцна ўплывалі на моўную палітыку, у тым ліку непасрэдна ўмешваліся ў працу лексікографаў. Праца ў гэтай галіне лічылася адным з вядучых напрамкаў фарміравання сацыялістычна свядомай асобы.
Галоўным чынам дзейнасць дзяржавы на моўным фронце заключалася ў змене значэння лексічных адзінак, з'яўленні новых, у тым ліку, штучных слоў, вывядзення з ужытку старых утварэнняў.
Часткова гэты працэс адбываўся за кошт імпарту стылю савецкіх выданняў таго часу. У газетах ГДР пры згадванні нейкага чалавека трэба было абавязкова ўказаць усе яго рэгаліі і заслугі. Напрыклад, рэпартаж са сходу на прадпрыемстве пісаўся прыкладна так: «Наступным слова ўзяў Ганс П. ... электрык, чалец раённага кіраўніцтва партыі, чалец цэнтральнага кіраўніцтва верфі, чалец раённай рады, лаўрэат урадавых узнагарод…».
Уплыў рускай мовы на лексіку ГДР таксама быў заўважным. Словы кшталту «спутник», «начальник», «субботник» хутка ўвайшлі ва ўжытак. Па ходзе станаўлення планавай эканомікі з'явіліся новыя лексемы: «сэрвісны камбінат», «калектыўны дагавор прадпрыемства», «персанальны кодэкс», «сацыяльныя суды», «грамадская вымова», «муніцыпальная жыллёвая гаспадарка» і г.д.
Адказныя за мову партыйныя работнікі таксама не сядзелі на месцы і вельмі любілі вынаходзіць варыянты да слоў, якія былі ва ўжытку ў Заходняй Германіі. Напрыклад, калі ў ФРГ на фірмах працаваў «менеджар», то ў ГДР гэтую функцыю выконваў «працаўнік, адказны за працу з персаналам». Супермаркет называлі ўнівермагам, астранаўтаў — касманаўтамі і г.д.
Афіцыйныя абазначэнні вельмі часта ўваходзілі ў паўсядзённую камунікацыю. Гэтыя лексемы ўжываліся людзьмі без якой-небудзь негатыўнай канатацыі, паколькі рабіліся адсылкі да актуальных для ГДР рэчаў і фактаў. Проста для іх абазначэння існавалі толькі назвы з афіцыйнай прапаганды: «шлюбная пазыка», «прадстаўнік секцыі», «грамадска-палітычныя мерапрыемствы», «бацькоўская дзейнасць».


Аднак паралельна адбываліся і непажаданыя для ўлады працэсы. У адказ на навязванне афіцыйнай мовы ў якасці аналага развівалася неафіцыйная мова, з якой у розных формах у выніку палітычных падзей узнікаў сапраўды апазіцыйны дыскурс.
Відавочна, што з'яўленне «іншай» мовы ў ГДР звязана, асабліва ў апошнія гады існавання гэтага дзяржаўнага праекта, з узнікненнем разрыву паміж сацыяльнай рэальнасцю і тым, што пісалі або казалі ў афіцыйных СМІ. У адказ насельніцтва ГДР распрацавала свой уласны крытычны, дасціпны і саркастычны паўсядзённы слоўнік, з дапамогай якога магло больш-менш свядома дыстанцыяваць сябе ад рэжыму.
Так у народзе былі прыдуманы новыя абазначэнні для замены існуючых афіцыйных. Напрыклад, Міністэрства дзяржаўнай бяспекі на кухнях называлі «доўгай рукой», «кампаніяй», і, канешне, «Штазі». Машыну мясцовай маркі «Трабант» — «гоначным кардонам». Палац Рэспублікі — вельмі дарагі комплекс у цэнтры Берліна — ператварыўся ў народзе ў «Баласт рэспублікі». Усе гэтыя словы былі трапнымі, пацешнымі і сведчылі аб невычэрпнай моўнай вынаходлівасці простых людзей.
Па-сутнасці з часам паўстаў, магчыма, не заўсёды строгі, аднак відавочны падзел паміж афіцыйным і прыватным моўнымі рэгістрамі. Гэта аўтаматычнае пераключэнне кода паміж паўсядзённай мовай і афіцыйнай лічыцца тыповай рысай моўнай сітуацыі ва ўсіх краінах сацыялістычнага блока.


Так ці інакш, спробы стварыць сацыялістычную нямецкую мову ў 1989 годзе ляснуліся. Пасля падзення Берлінскай сцяны заходнегерманскі варыянт нямецкай мовы ў значнай ступені выцесніў сінонімы, характэрныя для ГДР. Лексемы ГДР сталі архаізмамі, паколькі перасталі адпавядаць норме ўжывання. Аднак частка ўсходняй лексікі ўсё ж выжыла і інтэгравалася ў агульную нямецкую лексіку, галоўным чынам у новых землях. Да гэтага часу многія на Усходзе Германіі кажуць, што ідуць за прадуктамі ва ўнівермаг, а не ў супермаркет.
Цікава, што ніякіх абмежавальных законаў супраць моўных рэліктаў на Усходзе ўлады ФРГ ніколі не праводзілі. Такія захады заўсёды асуджаны на правал, што, дарэчы, лепш за ўсё відаць на прыкладзе моўнага эксперыменту ў ГДР.