Дзень нямецкай еднасці — свята на перспектыву

Праз 32 гады пасля аб’яднання Германіі дасягнуць поўнай еднасці нацыі замінае мур. Той мур, які пабудаваны ў галовах людзей.

By Bundesarchiv, Bild 183-1990-1003-006 / Uhlemann, Thomas / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5425914

By Bundesarchiv, Bild 183-1990-1003-006 / Uhlemann, Thomas / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5425914


3 кастрычніка ў Германіі адзначаецца адзінае свята федэральнага ўзроўню — Дзень нямецкай еднасці. У гэты дзень у 1990 годзе быў завершаны больш чым саракагадовы перыяд падзелу нямецкай нацыі на Усходнюю (ГДР) і Заходнюю (ФРГ) часткі.
  Падаецца, больш прыдатнай датай для гэтага свята было б 9 лістапада — дзень падзення Берлінскага муру. Сапраўды, па сваёй пазнавальнасці і сімвалізме падзеі 3 кастрычніка (уступленне ў сілу дакумента з доўгай і грувасткай назвай «Дамова аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі») і побач не стаяла з 9 лістапада. Першае — вынік працы сур’ёзных дзядзькаў у афіцыйных касцюмах, другое — сапраўднае народнае свята свабоды.
Але так атрымалася, што ў нямецкай гісторыі на 9 лістапада выпала шмат падзей, якія мелі драматычны характар. У 1848 годзе быў пакараны смерцю лідар лібералаў Роберт Блюм, што зрабілася сімвалам паражэння Рэвалюцыі 1848-49 гадоў. У 1918-м спыніла сваё існаванне Германская імперыя і была абвешчана рэспубліка. У 1923-м — Піўны путч у Мюнхене, калі Гітлер і ягоныя прыхільнікі паспрабавалі гвалтоўна захапіць уладу ў Баварыі. У 1938-м — трагічныя падзеі Крыштальнай ночы — арганізаваны нацыстамі яўрэйскі пагром па ўсёй Германіі, ахвярамі якога былі мінімум 91 чалавек. У выніку немцы пачалі называць 9 лістапада «днём вызначэння лёсу», і калі паўстала пытанне пра назначэнне даты галоўнага дзяржаўнага свята, вырашылі не звязаць яго з гэтым днём.
Тым не менш, менавіта ўвосень 1989-га немцы паверылі ў магчымасць уз’яднання краіны, падзеленай дзвюма войнамі — Другой сусветнай і Халоднай. Тады на вуліцы буйных гарадоў ГДР пачалі выходзіць дзясяткі, а потым і сотні тысяч людзей, якія патрабавалі, у тым ліку, свабоднага перамяшчэння праз заходнюю мяжу. Нельга казаць, што кіраўніцтва ГДР спакойна за гэтым назірала. Яно, канечне, вельмі хацела б закатаць вось гэтае вось усё ў асфальт. Але ўласных сіл відавочна бракавала.
Новы кіраўнік ГДР Эган Крэнц, які заняў пасаду пасля адстаўкі Эрыха Хонекера, звяртаўся да камандавання Заходняй групы войскаў (савецкая вайсковая групоўка ў ГДР) па дапамогу. Я тады служыў у адной з частак ЗГВ, і нашы афіцэры нам распавядалі пра гэта, дадаючы, што камандаванне яму адмовіла. Калі б гэта просьба была задаволеная, думаю, Берлінскі мур стаяў бы яшчэ доўга. Але замест таго, каб апынуцца на вуліцах Лейпцыгу дзеля разгону дэманстрацый, у ноч, калі мур рухнуў, мы былі падняты па трывозе і кінуты на ўзмацненне аховы нашай тэрыторыі.
Савецкае кіраўніцтва замест актыўных дзеянняў абрала пасіўную абарону. І ў гэтым, з усёй відавочнасцю, праяўляецца розніца паміж той сітуацыяй, у якой адбываліся дэмакратычныя перамены ў краінах былога сацыялістычнага лагера, і той, у якой аказаліся беларусы ў 2020-м. За спінай Крэнца не блішчалі штыхі сілавых структур больш магутнага саюзніка, гатовага на любы ўзровень гвалту, каб не даць народу даказаць, што ад яго нешта залежыць. Таму пальцы Крэнца, не паспеўшы пасінець, саслізнулі з горла ўсходненямецкіх грамадзян.  
А далей, сапраўды, народ прадэманстраваў сваю волю да ўз’яднання. У сакавіку 1990 года на першых (і апошніх) свабодных і справядлівых выбарах у ГДР усходнія немцы аддалі свае галасы за палітычныя сілы, якія ўсю сваю дзейнасць у парламенце накіравалі на стварэнне ўмоў для ўваходжання іх краіны ў склад ФРГ. Створаная імі «вялікая кааліцыя» займала дзве траціны месцаў у парламенце, што дазволіла ёй прымаць самыя радыкальныя законы і ўносіць неабходныя ім змены ў Канстытуцыю. У траўні 1990-га ўсходнегерманскі парламент прыняў закон аб валютным, эканамічным і сацыяльным саюзе, які прадугледжваў, у тым ліку, пераход ГДР на заходненямецкую марку.
У выніку савецкія ваеннаслужачыя з ЗГВ пачалі атрымліваць сваё грашовае забеспячэнне ў дойчмарках. Прычым па самым салодкім курсе — 1:1. Гэта значыць, шараговец штомесяц клаў у сваю кішэню 25 заходненямецкіх марак замест 25 усходніх. Адна праблема — закон уступаў у сілу з 1 ліпеня, а мы ехалі на дэмбель у чэрвені. Гэта прымусіла нас, дэмбеляў вясны 90-га, пакутліва зайздросціць нашым «маладым», якія мелі ўсе шанцы паехаць у свой час дахаты забяспечанымі людзьмі (не ведаю, праўда, ці атрымалася гэта ў іх, бо савецкая армія — месца малапрыдатнае для ўзбагачэння салдат).
У тым жа чэрвені 90-га парламент ГДР прыняў закон аб папраўках у Канстытуцыю, якія былі накіраваны на падрыхтоўку краіны да далучэння да ФРГ. Папраўкі ўключалі дазвол прыватнай маёмасці, свабоду эканамічнай дзейнасці, незалежнасць судовай сістэмы, свабоду прафсаюзаў і г.д. У парламенце была сфарміравана адмысловая камісія, якая мусіла назіраць за працэсам ліквідацыі некалі ўсёмагутнай усходненямецкай спецслужбы — штазі.
Галоўным дакументам, прынятым гэтым парламентам, была Дамова аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. Гэтая Дамова, падпісаная шасцю краінамі — ГДР, ФРГ, ЗША, Францыяй, Брытаніяй і СССР — 12 верасня ў Маскве, была прынята парламентам 20 верасня, а 3 кастрычніка ўступіла ў сілу, аднавіўшы германскае адзінства і паставіўшы кропку ў існаванні ГДР і яе парламента.


Цяжка перадаць той аптымізм, які ахапіў тады немцаў па абодва бакі былой мяжы. Найлепшай ілюстрацыяй можа служыць знакамітая фраза былога канцлера ФРГ Вілі Бранта, які яшчэ ў пачатку 70-х прыкладаў шмат высілкаў для ўз’яднання Германіі: «Што было разам, таму разам расці». Усе, у тым ліку і самі немцы, думалі тады, што наперадзе — скрозь шчасце і светлыя перспектывы. Тым больш што падзеі 1989-90 гадоў
прадэманстравалі: сярод жыхароў ГДР так і не сфарміравалася ўсходненямецкая ідэнтычнасць, што дазволіла ім лёгка і без праблем адмовіцца ад сваёй уласнай дзяржавы.
Але гісторыя неаднойчы дэманстравала, што падзел, нават не вельмі працяглы ў часе, можа прывесці да нечакана доўгіх наступстваў. Нават Кітай, з усёй моцай сваёй дзяржавы, дагэтуль не можа пераадолець усе наступствы эпохі Трох Царстваў, калі тэрыторыя Кітая 60 гадоў была падзеленай на тры часткі. А было гэта, на хвіліначку, больш чым 1700 гадоў таму.
Ужо ў сярэдзіне 90-х даследчыкі пачалі адзначаць — не, не адраджэнне ўсходненямецкай ідэнтычнасці, а яе фарміраванне. Тыя самыя грамадзяне, якія ўпарта не прызнавалі сваёй дзяржавы, раптам пачалі адчуваць прыналежнасць да яе. Як высветлілася, разбурыць Берлінскі мур было куды прасцей, чым разбурыць той мур, што будаваўся 45 гадоў у галовах немцаў, якія аказаліся пад камуністычным рэжымам. Яны прызвычаіліся да зусім іншых эканамічных і сацыяльных умоў чым тыя, у якія яны трапілі пасля 3 кастрычніка 1990 года.


Безумоўна, пераключыцца з сацыялістычнай рэчаіснасці на капіталістычную было больш чым цяжкай задачай, і далёка не ўсе далі рады. Гэта сутыкненне з рэальнасцю прымусіла на пытанне «Вы адкуль?» ужо пасля ўз’яднання адказваць: «Я — з ГДР». Адказваць без радасці ўсведамлення гэтага факта. Гэта прымушае даследчыкаў выказваць песімістычныя прагнозы, што нават тыя, хто нарадзіўся ў першай палове 90-х, ва ўжо ўз’яднанай Германіі, не здолеюць выпрацаваць у сабе ідэнтычнасць не ўсходнюю, а агульнанямецкую. А гэта, безумоўна, будзе ўплываць на іх дзейнасць ва ўсіх сферах — эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай. Тут жа закладзена і вялікая прастора для спроб маніпулявання выбарам гэтых людзей, у першую чаргу — палітычным.
У гэтай сувязі прыгадваецца, як настойліва ў апошнія гадоў дваццаць даводзілася думка пра падобную падзеленасць Украіны. Расійскія медыя, роўна як і орды інтэрнэт-троляў, даводзілі, што яна падзелена на прарасійскі Усход і «нацыяналістычны» Захад. Вынікам было тое, што шмат хто ўспрыняў акупацыю Данбаса ў 2014-м як цалкам натуральную і слушную падзею. Таму, калі я чую намёкі на рознасць паміж усходняй Беларуссю і заходняй, я падазраю аўтараў гэтых намёкаў у нядобрых намерах.
Цяпер, хоць і карыкатурна, але гэты падзел ва Украіне спрабуюць умацаваць дзяржаўнай мяжой, амаль як у гісторыі з ГДР, але больш глыбока — са спробай ліквідацыі ўкраінскай ідэнтычнасці ва ўсходняй (акупаванай) частцы краіны. Вось толькі замест мяжы там — лінія фронту. А такі падзел за кароткі час можа даць большы ўплыў на свядомасць, чым сорак гадоў адносна мірнага суіснавання. І рэінтэграцыя акупаваных цяпер тэрыторый у склад Украіны будзе патрабаваць вырашэння сур’ёзных праблем, у тым ліку — праблем нацыянальнага прымірэння, чаго, на шчасце, была пазбаўлена Германія.


Падзяліць — проста. Аднавіць адзінства — цяжка. Але не немагчыма. З цягам часу абрынецца і той мур, што пабудаваны ў галовах людзей. Гэта — справа перспектывы. І паколькі існуе цвёрдая воля да дасягнення гэтага адзінства, і малаімаверна, што на гэтым шляху ў нямецкай нацыі ўзнікнуць сур’ёзныя перашкоды, дык перспектыва тая не надта аддаленая. Не такая, як з пераадоленнем наступстваў эпохі Трох Царстваў у Кітаі.