25 год, як упала Сцяна
Памежнікі былі больш не ў стане кантраляваць сітуацыю і нарэшце адкрылі мяжу. У тую ноч толькі праз памежны пераход на Борнхорнэр-штрасэ за 45 хвілінаў мяжу перасяклі, па прыблізных ацэнках, каля 20 тысяч (!) чалавек.
У мінулую нядзелю, 9 лістапада, Германія адзначыла сваё, бадай, самае вялікае свята. Роўна 25 гадоў таму — не, пакуль што не фізічна, але маральна — абрынулася Берлінская сцяна, якая цэлых 26 гадоў была сімвалам «халоднай вайны» паміж камуністычнай усходчынай і прагрэсіўнай Еўропай. З гэтай нагоды амбасадар Германіі ў Беларусі Вольфрам Масаас і ягоная жонка Ангеліка зладзілі прыём для беларускіх палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, праваабаронцаў, журналістаў і сваіх калегаў з іншых дзяржаваў.
Імпрэза была нефармальнай. Вольфрам Маас папрасіў толькі некалькі хвілінаў увагі для сваёй вельмі пранікнёнай прамовы.
«Я хачу вас вельмі падзякаваць за тое, што вы ахвяравалі сваім выходным днём і адгукнуліся на маё запрашэнне. 2014-ты год ёсць годам шматлікіх «круглых» гадавінаў, частка з якіх, на вялікі жаль, з пункту гледжання нас, немцаў, выклікае пачуццё сораму. Але калі мы азіраемся назад на 25 гадоў, на 9 лістапада 1989-га, то гэта, відаць, самы шчаслівы дзень у гісторыі Германіі ў ХХ-м стагоддзі. Натуральна, падзеі 9-га лістапада 1989 года маюць сваю перадгісторыю, але тое, што адбылося ў гэты дзень, сталася для мяне асабіста і для многіх іншых людзей нібы навальніцаю сярод яснага неба. Я ўспамінаю пра падзеі ў Вугоршчыне, пра падзеі ў нашых пасольствах у Празе і ў Варшаве, — распавёў дыпламат. — Толькі з сярэдзіны жніўня да пачатку лістапада 1989 года праз Вугоршчыну ды некаторыя іншыя дзяржавы Усходняга блоку з ГДР на Захад уцяклі больш як 200 тысяч чалавек. Тым не менш, калі бачыш відэакадры таго дня, то бачыш, што і ў той дзень сцяна была ўсязбройнай і практычна непераадольнай».
І вось а 18-й гадзіне 9 лістапада 1989 года пачынаецца прэс-канферэнцыя, па словах спадара Мааса, аднаго кепска інфармаванага афіцыйнага прадстаўніка ўлады. Кульмінацыяй тае прэс-канферэнцыі сталася заява, што наступным часам пачынаецца беззабаронны выезд грамадзянаў ГДР на тэрыторыю ФРГ без усялякіх умоваў, і што гэты дазвол набывае сілу адразу пасля гэтай заявы.
Ужо праз дзве гадзіны на мяжы стаялі першыя з тых, хто хацеў на ўласным досведзе «пратэставаць» гэтую новую свабоду. Памежнікі былі больш не ў стане кантраляваць сітуацыю і нарэшце адкрылі мяжу. У тую ноч толькі праз памежны пераход на Борнхорнэр-штрасэ за 45 хвілінаў мяжу перасяклі, па прыблізных ацэнках, каля 20 тысяч (!) чалавек.
«Такім чынам, дзверы да нямецкага ўз’яднання былі адчынены, — адзначыў амбасадар ФРГ. — У тым, што гэта стала рэальнасцю, вялікая заслуга тагачаснага бундэсканцлера Гельмута Коля, які мужна скарыстаўся прадастаўленай магчымасьцю. Але таксама і заслуга Міхаіла Гарбачова, які даў зразумець, што для Савецкага Саюза гвалт і выкарыстанне грубай сілы больш не ёсць прымальнымі захадамі для вырашэння сітуацыі. І, нарэшце, прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джорджа Буша, які ніводнага імгнення не вагаўся ў падтрымцы Германіі на шляху яе ўз’яднання».
«Сёння мы, немцы, мусім выказаць шчырыя словы падзякі ўсім нашым суседзям і сябрам, якія выдалі нам крэдыт даверу і далі магчымасць аб’яднаць нашу краіну ў міры і згодзе. І я маю гонар прызнаць: той знак, што вы сёння святкуеце гэты дзень разам з намі, з’яўляецца для мяне доказам, што за апошнія 25 гадоў мы змаглі даказаць, што гэты давер мы апраўдалі. Ад таго дня 9 лістапада 1989 года для мяне сыходзіць сігнал надзеі, што каштоўнасці, якія мы адстойваем, мацнейшыя за любую ўладу і гвалт. Таму давайце не дазволім перашкодзіць нам будаваць і адстойваць Еўропу свабоды і міру», — заклікаў прыканцы нямецкі амбасадар.