ГДР: Тэрыторыя настальгіі?

Падзенне Берлінскай сцяны аб’яднала краіну, але шмат для каго апынулася крахам мараў і спадзяванняў. Праблема Усходняй і Заходняй Германіі значна больш складаная. Сцяна працягвае сваё нябачнае існаванне і зараз.

0_ac155_9edceb8f_orig.jpg

Усходні Берлін, метраў за сто ад выхаду з метро — брамка, якая вядзе ў чатырох- ці пяціпавярховы стары будынак. Лесвіца з літымі поручнямі, масіўныя дзверы. За імі — мяккае святло настольнай лямпы і гаспадары своеасаблівай гістарычнай майстэрні — Катрын Раншток ды Лютц Кірхенвітц.

Абодва — ураджэнцы ГДР, для якіх спадчына мінулага — не пустыя словы, але частка жыцця, калі не сказаць — абавязковы элемент штодзённасці. Катрын — прадпрымальніца, якая мае свой уласны біяграфічны цэнтр, што займаецца напісаннем чалавечых гісторыяў ды сямейнымі жыццяпісамі. Лютц — кіраўнік таварыства «Песня і сацыяльныя рухі».

 Катрын Раншток і Лютц Кірхенвітц

 Катрын Раншток і Лютц Кірхенвітц


 Піянерыя, джаз, апазіцыя…

Катрын распавядае, што нарадзілася ў 1960 годзе ў Ене. Яе пакаленне, то бок народжаных паміж 1957 і 1963 гадамі, у ГДР было прынята называць «залатым» — іх маладосць прайшла ў часы максімальнага дастатку.

«Мы па максімуме карысталіся дасягненнямі сацыялізму, — распавядае Катрын, — усяго хапала. Пры гэтым у моладзевым жыцці суседнічалі піянерыя ды Саюз Моладзі ГДР з кабарэ, джазам, блюзам, групоўкамі апазіцыі… Маёй марай было наладзіць масток паміж апазіцыяй, універсітэцкай прафесурай ды тэхнакратамі з заводу Карла Цэйса ў Ене».

Навядзенне мастоў, аднак, скончылася для жанчыны нечакана: на пачатку 1980-х гадоў яе выключылі з універсітэту, пасля чаго давялося працаваць бармэнкай, паштаркай, звычайнай рабочай на хлебазаводзе. У 1985-м спадарыня Раншток працавала нават у «Моладзевым клубе» ды займалася… сацыялізацыяй скінхэдаў і вяртаннем іх у сацыяльнае рэчышча.

 Нядобранадзейным раілі з’язджаць у ФРН

У пэўны момант жанчына нават напісала заяву на выезд у ФРН, але пасля перадумала. Бацькі б у любым разе засталіся па ўсходні бок сцяны, дый вера ў сацыялізм, як ні дзіўна, не адпускала. Але цікавы сам факт: няўжо можна было наўпрост узяць і напісаць заяву на выезд?..

Катрын Раншток

Катрын Раншток

«Ена была цэнтрам апазіцыі, — тлумачыць Катрын, — Ад сярэдзіны 1970-х ад насельніцтва ішло шмат заяваў, частку якіх задавальнялі. Нядобранадзейным нават раілі пісаць заявы — маўляў, няма чалавека, няма праблемы. Адказу на заяву часам даводзілася чакаць па 2–3 гады. Але самае галоўнае — тое, што гэта была рызыка: калі цябе не выпускалі, дык біяграфія была сапсаваная на ўсё жыццё — «ты напісаў»…

Падзенне сцяны, са словаў Катрын, для ўсіх было шокам, нават для апанентаў гэдээраўскага ладу. Людзі апынуліся негатовымі, шмат хто трапіў за борт сацыяльнага жыцця і кар'ернага росту, прафесура працавала таксістамі…

 Я і зараз за сацыялістычную эканоміку!

Спадарыня Раншток пачала пісаць гісторыі людзей, сем’яў ды арганізацыяў на камерцыйнай аснове.

«Адзін з найцікавейшых праектаў, над якім мы зараз працуем, — працягвае Катрын, — гэта серыя мемуараў дырэктараў буйных прадпрыемстваў ГДР. Гэтыя веды даюць магчымасць зразумець эканоміку той краіны, асэнсаваць тое, што мы згубілі. Усё ж такі гэта была эканоміка, разлічаная на агульны дабрабыт, а не на камфорт адзінак. Калі б давялося выбіраць, то я і зараз за такую эканамічную мадэль!»

Са словаў Катрын, даходы ад праекту ў лепшым разе пакрываюць выдаткі на яго. Але справа таго каштуе: з былымі дырэктарамі, якія пасля 1989 года і падзення Сцяны пазбавіліся пасадаў і мелі процьму праблемаў, так ніхто і не паразмаўляў. Сам імідж ГДР як «непаўнавартаснай дзяржавы», згодна спадарыні Раншток, трэба пераасэнсоўваць ды пераглядаць з розных бакоў.

 Хацелі запрасіць Высоцкага і Акуджаву, але публіку не зацікавіла 

Таварыства «Песня і сацыяльныя рухі» Лютца Кірхенвітца — ні ў якім разе не камерцыйны праект, а хутчэй прыстанак настальгіі. Сам сп. Кірхенвітц, народжаны ў 1945 годзе, лічыць сябе «шасцідзясятнікам». Разам з сябрамі яны прыдумалі і арганізавалі «Фэст палітычнай песні». Нягледзячы на шакуючую, як на той час назву, песні і тэксты былі нечым кшталту творчасці савецкіх бардаў, роднасным жанрам. Высоцкага і Акуджаву некалькі разоў нават спрабавалі запрасіць на фестываль, але моўны бар’ер, відаць, адыграў сваю ролю: публіку яны не надта цікавілі.

Палітычны аспект усё ж такі даваў пра сябе ведаць. У залежнасці ад сітуацыі, фэст то забаранялі, то ўзводзілі ў ранг ледзьве не галоўнай музычнай падзеі ГДР. У гэтым, мабыць, і чытаецца сутнасць гэдээраўскага крэда, якое так нагадвае сучасныя беларускі рэаліі: няма татальных забаронаў, але і свабоды — няма.

Лютц Кірхенвітц

Лютц Кірхенвітц

Зараз Лютц займаецца захаваннем памяці пра фэст і песенную культуру свайго часу. Вакол яго гуртуюцца аматары падобнай эстэтыкі, каб не забыць пра краіну, у якой прайшла іх маладосць. Сучасную моладзь гэта не вельмі цікавіць: «ГДР не ў модзе…» — паціскае плячыма рэферэнт.

 Толькі 2% прафесуры з ГДР

Калі бліжэй зірнуць на тую тэрыторыю, якая некалі называлася «ГДР», то ўражанне складаецца даволі дэпрэсіўнае: беспрацоўе, зніжэнне колькасці насельніцтва, заняпад прамысловасці (усё выкупілі альбо наўпрост выціснулі з рынку заходненямецкія фірмы ды кампаніі). Усяго 10% маёмасці ў краіне належыць усходнім немцам, рэшта — спадчыннікам ФРГ.

12_12_1.jpg


Пасля падзення Сцяны адбылася поўная замена элітаў. Цікава, што ўсяго 2% прафесуры мае гэдээраўскае мінулае, рэшта — вывучаныя наноў альбо прыехаўшыя з захаду кадры.

Успрыманне ГДР пры гэтым рознае: ад рэзкага негатыву да непрыхаванай настальгіі. Тут дзейнічае, напрыклад, аб’яднанне «Трэцяе пакаленне з Усходу», якое складае моладзь, што спрабуе намацаць сувязь паміж савецкім мінулым ды сучаснасцю, не расчапіцца ў мультыкультурнай Германіі сённяшняга дня.

 Сам-насам з праблемамі

Яшчэ адзін феномен — падтрымка ўсходнімі немцамі праварадыкальных, як тут кажуць, партыяў і палітычных рухаў, якія крытычна глядзяць на Еўрасаюз ды прыток бежанцаў з Поўдня ды Блізкага Усходу. Пра гэта сведчаць вынікі галасавання на выбарах рознага ўзроўню, цягам якіх усходнікі падтрымалі партыю «Альтэрнатыва для Германіі».

«Гэты феномен досыць лёгка патлумачыць, — разводзіць рукамі спадарыня Раншток, — Пасля знікнення ГДР людзі апынуліся ў разгубленасці ды не маюць шансаў на паўнавартасную эканамічную інтэграцыю. З боку левых ніякай падтрымкі не было, таму насельніцтва кідаецца ў іншы бок, аддаючы галасы правым».

Катрын Раншток ды Лютц Кірхенвітц

Катрын Раншток ды Лютц Кірхенвітц

Некаторыя статыстычныя лічбы адносна былой ГДР падаюцца наўпрост неверагоднымі. Ёсць раёны, 80% насельніцтва якіх наўпрост з’ехалі ў ЗША, Швейцарыю ці хаця б Заходнюю Германію.

«У ГДР праца была ў кожнага, — рэзюмуе Катрын, — а зараз — самі бачыце. Прыклад Марцана (раён ва ўсходнім Берліне. — рэд.) — акурат з гэтай серыі. Няма грошай… Людзі думаюць, як выжыць, а не як схадзіць у рэстаран альбо тэатр. Няма адчування стабільнасці ды ўпэўненасці. Калі чалавек нешта меў і нешта важыў у ГДР, то зараз ён апынуўся проста замкнёны ў сваім шкарлупінні, сам-насам з праблемамі і выклікамі сучаснасці».

Нябачная сцяна

Безумоўна, праблема Усходняй і Заходняй Германіі значна больш складаная, і наўрад ці можа быць вытлумачаная ў адным артыкуле. Зразумела адно: Сцяна працягвае сваё нябачнае існаванне і зараз.

Для беларусаў, у сваю чаргу, праблемы былой ГДР і яе насельнікаў — гэта бясцэнны досвед. Хто ведае, як будзе выглядаць палітычнае і сацыяльна-эканамічнае поле нашай краіны праз 3–5 гадоў і як адрэагуюць нашы суграмадзяне на раптоўныя змены ў бок адкрытага рынку.