Кіроўца польскага грузавіка змагаўся з тэрарыстам, які напаў на яго ў Берліне

У транспартнай фірме заявілі, што гэты факт сумнёваў не выклікае, бо твар Лукаша Урбана быў распухлым і акрываўленым.

4407048.jpg


Кіроўца польскага грузавіка, на якім вечарам у панядзелак быў здзейснены тэракт на калядным кірмашы ў Берліне, спачатку змагаўся з тэрарыстам, які напаў на яго, а толькі потым быў застрэлены. Пра гэта паведаміў у сераду ўладальнік транспартнай фірмы, якой належаў грузавік, Арыэль Жураўскі, паведамляе польскае ТБ.
«Было ясна, што ён змагаўся за сваё жыццё. Увесь яго твар распух і быў акрываўлены», — заявіў ён.
Такую выснову ён зрабіў на аснове перададзеных яму для апазнання фотаздымкаў 37-гадовага Лукаша Урбана, які з'яўляецца стрыечным братам Жураўскага.

Версію пра тое, што кіроўца змагаўся з тэрарыстам (або з тэрарыстамі) падтрымаў і калега Урбана Лукаш Вонсік.
«Я не веру, што ён мог бы аддаць грузавік без барацьбы і ня ваяваў бы да канца ў выпадку нападу», — сказаў ён. У загінулага кіроўцы засталася ўдава і малалетні сын.

Прэм'ер-міністр Польшчы Беата Шыдло назвала забітага тэрарыстамі Лукаша Урбана «першай ахвярай» гэтага тэрарыстычнага акту. Па дадзеных нямецкай паліцыі, Лукаш Урбан быў забіты адным стрэлам з малакалібернай зброі ў галаву. Затрымаць тэрарыста да гэтага часу не ўдалося.

У панядзелак увечары цягач з прычэпам, гружаны сталёвымі бэлькамі, праехаў каля 80 метраў па тэрыторыі каляднага рынку ў цэнтральнай частцы Заходняга Берліна. Ахвярамі трагедыі сталі 12 чалавек, 48 былі шпіталізаваны. У салоне цягача паліцыя выявіла забітага грамадзяніна Польшчы.
Паводле tass.ru