У Ніны Багінскай у РУУС адабралі імянны гадзіннік. Хронікі рэпрэсій 19 жніўня
78-гадовая актывістка Ніна Багінская падала заяву ў міліцыю Першамайскага раёну Мінску аб тым, што ў будынку РУУС у яе ўпотай забралі гадзіннік, паведамляюць крыніцы @belsat.

Інцыдэнт здарыўся ўчора, 18 жніўня. У РУУС было шмат людзей, якія адбылі пакаранне ці знаходзяцца на «хатняй хіміі» па палітычных справах і прыйшлі, каб адзначыцца ў журнале нагляду.
Па словах суразмоўцы «Белсату», Ніну Багінскую даставілі ва ўпраўленне супрацоўнікі міліцыі на машыне і адвялі на трэці паверх. Праз нейкі час актывістка спачатку выйшла з міліцыі, а потым туды вярнулася і паведаміла, што з кішэні курткі знік яе гадзіннік. Ёй удалося прайсці ў той кабінет, дзе з ёй гутарыў чалавек у цывільным. Ён сказаў жанчыне, што гадзіннік не верне, бо яго адправяць на экспертызу. Выдаць Багінскай які-небудзь дакумент ці хаця б распіску аб тым, што ён забраў гадзіннік, адмовіўся.
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1741 дзень, Дзяніс Івашын — 1621 дзень.
Палітвязня Вадзіма Гулевіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Фігуранта справы «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі» ўтрымліваюць у зняволенні ўжо больш за чатыры гады. Мужчыну асудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі. Палітвязня неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а цяпер утрымліваюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ).
Па інфармацыі «Вясны», Вадзіму хочуць узмацніць пакаранне і ў хуткім часе перавесці ў магілёўскую турму № 4.
Віцебскай актывістцы не дазволілі ўзяць удзел у судовым працэсе, дзе яе старонкі ў сацсетках прызналі «экстрэмісцкімі»
19 жніўня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі старонкі Караліны Цярэнцьевай у ВКонтакте і Instagram. Як і чакалася, рашэнне пра прызнанне гэтых старонках “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй” прыняў 13 жніўня суд Лёзненскага раёна. Караліне, нягледзячы на яе хадайніцтвы, узяць удзел у судовым разборы не дазволілі, паведамляе Віцебская Вясна.
Суд Лёзненскага раёна нават запрасіў віцебскую актывістку на працэс па прызнанні яе старонак у сацсетках «экстрэмісцкімі». Запрашэнне Караліна Цярэнцьева атрымала праз Instagram -- дзяўчына яшчэ некалькі год таму была вымушана з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед. У 2020-2021 гг. яе неаднаразова затрымлівалі і каралі за «ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах».
Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У абноўленым 19 жніўня Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў згадваюцца рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі» па рашэнні суда Полацка Полацкага раёна. Гэты суд прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку «cascade, forever» у Instagram, старонку «Za Novuiu Belarus!» у сацсетцы «Одноклассники». У «экстрэмісцкія» суд залічыў прарасійскую старонку «АНТИМАИДАН и нас миллионы!» у тых жа «Одноклассниках».
Таксама «экстрэмісцкай» прызналі старонку ў Instagram гарадзенскага журналіста Андрэя Мялешкі «amialeshka». Гэта зрабіў суд Маладзечанскага раёна.