У Беларусі +5 новых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 21 жніўня
Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ пяць чалавек. Гэта Сяргей Рамашоў, Ірына Саўрыцкая, Сяргей Хлыстоў, Андрэй Бесаў, Яўген Краснянскі. Усе яны асуджаныя да пазбаўлення волі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне варожасці ці варажнечы. Акрамя таго, Рамашоў абвінавачаны ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2 КК), а Хлыстоў і Бесаў — у закліках да захадаў, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК).

У дачыненні да яшчэ чатырох чалавек распачалі спецвытворчасць — іх збіраюцца судзіць завочна
Гаворка пра Алену Жылачкіну (Жываглод), Зарыну Сарокіну, Алега Давыдчыка, а таксама Цімафея Малахоўскага. У чэрвені КДБ паведамляў, што ўсе гэтыя людзі маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фармавання» «Сумленныя людзі».
Ім інкрымінаваны шэраг артыкулаў крымінальнага кодэксу, сярод якіх «абраза Лукашэнкі», «распальванне варожасці», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «дыскрэдытацыя Беларусі» і іншыя.
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1743 дні, Дзяніс Івашын — 1623 дні.
Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу Антона Матолькі
Пра гэта паведамляе пракуратура.
«Апеляцыйным вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда, з улікам меркавання прадстаўніка Генеральнай пракуратуры, прысуд суда першай інстанцыі пакінуты без змянення, а апеляцыйная скарга абвінавачанага — без задавальнення».
Нагадаем, напачатку чэрвеня стала вядома, што блогера Антона Матольку завочна асудзілі да 20 гадоў калоніі. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 2 000 базавых велічыняў (84 тысячы рублёў). У межах спецыяльнай вытворчасці яго абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «здрада дзяржаве».