Сайт і сацсеткі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту прызнаныя «экстрэмісцкімі». Хронікі рэпрэсій 22 жніўня
Акрамя таго, у «экстрэмісцкі спіс» трапілі сацсеткі музычнага фэсту «Tutaka», старонка ў Instagram «symbolismby», Telegram-суполка «Сакартвело — Беларусь», старонка «Сергей Беспалов» ва «Укантакце», а таксама Facebook-старонка «Отряд имени Ильи "Литвина" – Одесса».

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1744 дні, Дзяніс Івашын — 1624 дні.
Ініцыятыва «Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 21 жніўня.
Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць Лаеўскі Дзмітрый, Колесава-Гудзіліна Марыя, Пыльчанка Уладзімір, Лішанкова Таццяна, Мацкевіч Наталля, Лепрэтар Дзмітрый.
Таксама ў спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» з'явіўся праект «BelVarta» — паводле інфармацыі МУС, дачыненне да яго мае Германовіч Дыяна і Бяспалаў Сяргей.
У Рэчыцы пенсіянерку асудзілі за «абразу Лукашэнкі»
Суд Рэчыцкага раёна асудзіў 60-гадовую жыхарку раённага цэнтра Наталлю Ішмукову паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Сутнасць абвінавачванняў пакуль высвятляецца, як і вынесены прысуд. Вядома толькі, што ён не звязаны з пазбаўленнем волі. Імаверна, што жанчыне прысудзілі абмежаванне волі, піша «Гомельская Вясна».
Вядома, што Наталля Ішмукова жыве ў Рэчыцы. Яна выгадавала дваіх сыноў.
У Мінску за «здраду дзяржаве» асудзілі 60-гадовага праграміста
У Мінскім абласным судзе за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) асудзілі 60-гадовага праграміста Дзмітрыя Басько. Яму прызначылі дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штраф у памеры 500 базавых велічыняў (21 тысяча беларускіх рублёў), а таксама пазбавілі воінскага звання «лейтэнант у адстаўцы».
Прысуд быў вынесены 15 траўня гэтага года, але пра яго праваабаронцам стала вядома толькі цяпер.
Вядома, што Дзмітрый да затрымання жыў у Мінску, працаваў праграмістам. Таксама ён перыядычна выкладаў праграмаванне ў БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
У Гомелі за ўдзел у пратэстах асудзілі роднага брата палітвязня
36-гадовага жыхара Гомеля Вячаслава Бераставога асудзілі ў судзе Савецкага раёна Гомеля паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), піша «Гомельская Вясна».
Вячаслаў — родны брат палітвязня Андрэя Бераставога, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый), арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Вядома, што яго пакаранне звязанае з пазбаўленнем волі. Дакладны тэрмін невядомы.
Сілавікі пагражаюць гродзенцам, незадаволеным забаронай канцэртаў у цэнтральных дворыках
У Гродне гарадскія ўлады нядаўна забаранілі музыкам граць на вуліцы ў цэнтральных дворыках, у тым ліку на папулярнай у жыхароў Маставой. Пад забарону таксама трапіла гучная музыка з калонак і дыджэй-сэты.
Забарона выклікала ажыятаж у сацыяльных сетках. Многія гродзенцы лічаць, што гэтая забарона пазбавіла горад адной з яго асаблівасцяў. За каментарыямі сочаць сілавікі. Адзін з праўладных каналаў паведаміў, што людзей, якія выказваюць незадавальненне, ужо выклікаюць у міліцыю. Іх «віна» ў тым, што яны абвінавачваюць уладу ў забароне канцэртаў, піша «Наша Ніва».
«Усе «каментатары» ўжо ўстаноўленыя кампетэнтнымі органамі. Гэта робіцца хутчэй, чым Google вызначае ваша месцазнаходжанне. Тых, хто перастараўся, відавочна перайшоў мяжу, чакае «ўзнагарода». Іх ужо выклікаюць куды трэба, размаўляюць, папярэджваюць, просяць задумацца», — піша праўладны канал.
На Гомельшчыне пачалі караць «дармаедаў» за няяўку на «прафілактычныя мерапрыемствы»
У Рагачове паведамілі, што за перыяд выканання «комплексу дадатковых мер па аказанні прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы» (з 1 красавіка 2025 года) у раёне прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 12 асоб «за ігнараванне патрабаванняў супрацоўнікаў РАУС», звярнуў увагу Флагшток.
Не ўдакладняецца, па якім менавіта артыкуле КаАП беспрацоўных прыцягвалі да адказнасці, і якое пакаранне (штраф, арышт, грамадскія працы) яны атрымалі. Міліцыя не мае права патрабаваць ад афіцыйна беспрацоўных, якія трапілі ў базу, з'яўляцца на «групавыя прафілактычныя мерапрыемства з мэтай аказання садзейнічання працаўладкаванню», таму адміністрацыйны пераслед «дармаедаў» — незаконны.
Больш за тое, райвыканкам зацвердзіў пералік арганізацый «для прыцягнення асоб, не занятых працай, якія знаходзяцца на ўліках у РАУС, да грамадска карыснай працы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на аб'ектах сацыяльнага прызначэння (у тым ліку па ўборцы тэрыторый сацыяльна значных аб'ектаў) у рамках прафілактычных мерапрыемстваў».
У Беларусі +10 новых палітвязняў
Гэта Максім Грытчанка, Таццяна Палубок, Ігар Хіневіч, Вольга Аляшкевіч, Уладзімір Дзенісенка, Ігар Нагорны, Дзяніс Васільеў, Сяргей Сікорскі, Аляксей Мацукевіч, Ганна Шпак. Усе яны асууджаны да пазбаўлення волі ў сувязі з прызнаннем пратэсных ініцыятыў экстрэмісцкімі фармаваннямі.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 4 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы чатырох чалавек.
Гэта Марына Мазоўка,, Максім Грытчанка, Сяргей Хлыстоў і Васіль Бачко.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1326 чалавек, з іх 630 — беларусы.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 42 прозвішчы — цяпер у ім 5663 чалавекі
22 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Адзначым, што сярод гэтых 42 чалавек 35 маюць сярод абвінавачванняў «народны» арт. 342 КК.
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.