«Упершыню ў гісторыі краіны». «Тр*буна» пераходзіць на беларускую мову
«Упершыню спартовы СМІ загаворыць па-беларуску. Упершыню ўвогуле ў гісторыі краіны. Мне падабаецца трэнд на адраджэнне беларускай мовы», — заявіў генеральны дырэктар і сузаснавальнік медыяхолдынга «Tribuna Digital» Дзмітрый Навоша.
Але ў той жа час ён адзначыў, што рускамоўны кантэнт таксама захаваецца: «Я думаю, што мы ўсё роўна не павінны пераходзіць да моўнага фашызму. Рускамоўныя беларусы гэтак жа ненавідзяць Лукашэнку, як і беларускамоўныя, і гэтак жа хочуць нармальнай краіны», — сказаў Навоша.
«Нават ва Украіне “Тр*буна” не перайшла толькі на ўкраінскую. Ёсць і рускамоўны кантэнт. Адказ просты: каб украінцы не чыталі рускія медыя. Ёсць украінцы, яны існуюць, яны ваююць, у тым ліку на фронце. Хтосьці аддае перавагу рускай мове да гэтага часу. Нягледзячы на каласальны імпульс па папулярызацыі і прасоўванні ўкраінскай мовы», — кажа Навоша.
«Вельмі важна не заганяць сябе ў гета. Лукашэнка ўвесь час спрабуе загнаць нас у гета. Яны ўвесь час спрабуюць: вось нібы змагары, паўпалякі і ўсякае такое. Важна адыходзіць ад гэтай пасткі. Але трэнд на адраджэнне беларускай мовы мне вельмі падабаецца», — адзначыў ён.
Нагадаем, што 6 жніўня мінулага года суд Чыгуначнага раёна Віцебска па матэрыялах абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК прызнаў сайт выдання «Tribuna.com», а таксама Telegram-канал і чат «Тribunа.сом Беларусь», старонкі ў Instagram, Facebook, Twitter, ВКонтакте і мабільныя дадаткі для смартфонаў экстрэмісцкімі.