Змагацца за Радзіму нягледзячы на абставіны: факты з жыцця Тадэвуша Рэйтана

«Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!»  21 красавіка 1773 года на «падзельным» Варшаўскім сойме з вуснаў шляхціча з-пад Ляхавічаў раздаліся гэтыя словы. З таго часу пачалося змаганне за свабоду і незалежнасць нашага краю. Кім быў Тадэвуш Рэйтан, які стаў адным з першых у шэрагу змагароў за свабоду Айчыны? Сёння, у гадавіну смерці Рэйтана, згадаем некалькі фактаў з яго жыцця. 

Тадэвуш Рэйтан

Тадэвуш Рэйтан

Постаць Тадэвуша Рэйтана — сапраўды фенаменальная. Амаль адразу пасля смерці яго абвясцілі героем, памяць аб ім дбайна захоўвалі ў колах эліты, а потым на радзіме забылі на дзесяцігоддзі… Калі пісьменнік Уладзімір Арлоў распачаў сваю кнігу «Імёны Свабоды», дзе аб’яднаў лёсы шчырых змагароў за нацыянальны росквіт і незалежнасць, то нумарам адзін там значыўся Тадэвуш Рэйтан. Ён быў першы, хто пачаў змаганне.

Калі нарадзіўся — загадка

Жыццярыс Тадэвуша Рэйтана пераследуюць загадкі, міфы, а то і наўмысныя фальсіфікацыі. Што праўда, а што надуманы геройскі эпас ці проста дапасаванне зручных фактаў? Сказаць сёння цяжка. Але факт у тым, што нават дата і год нараджэння нацыянальнага героя застаюцца нявызначанымі.  
Вядомая ў кнігах і пашыраная ў інтэрнэце дата — 20 жніўня 1742 года — цалкам памылковая, што, канешне, не перашкаджае недасведчаным аматарам гісторыі і папулістам ушаноўваць яго памяць у гэты дзень. Канешне, ушанаванне памяці забытага дзесяцігоддзямі на радзіме героя — справа добрая, але ісціна даражэйшая за яго.  
Сучасныя генеалагічныя даследаванні паказваюць, што Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся прыкладна ў кастрычніку 1740 года. Ці ж не напярэдадні Дня Святога Тадэвуша, які Каталіцкі Касцёл адзначае 28 кастрычніка? У сувязі з хваробаю, аб чым вядома з прыватных лістоў бацькоў Тадэвуша, завяршэнне працэдуры хросту адбылося толькі 20 ліпеня 1742 года.

Святы Апостал Юда Тадэвуш

Святы Апостал Юда Тадэвуш

Тадэвуш паходзіць з роду Рэйтанаў, які нямецкага альбо шведскага кораня. Хто знае, можа, далёкі продак Рэйтанаў хадзіў у паходы на Літву ці быў удзельнікам Грунвальдскай бітвы, але з боку крыжакоў… З XVII стагоддзя род стала жыве ў Вялікім Княстве Літоўскім і называе сябе літвінскім. Першым тутэйшым Рэйтанам быў рыцар Ян — ад яго пачынаецца слаўная гісторыя роду ў Вялікім Княстве Літоўскім...

У гонар сына бацька фундаваў алтар у касцёле

Нараджэнне дзіцяці — значная і доўгачаканая падзея ў жыцці. Асабліва, калі ты заможны шляхціц і ў цябе першым нараджаецца сын — спадчыннік і прадаўжальнік роду. А калі ён хварэе і жыццё першака пад пагрозаю? Што рабіць бацьку і як можна аддзячыць за поспехі ў гэтай справе?
Падобная сітуацыя склалася ў сям’і шляхціцаў Рэйтанаў. У кастрычніку 1740 года ў харунжага Даменіка Рэйтана нараджаецца сын Тадэвуш. Але дзіцятка моцна хварэе і пакутуе ад болю ў страўніку, што ў той час — справа натуральная. Бацькі ў роспачы, з-за пагрозы жыццю сына яны адкладаюць хрост немаўляці. Даменік піша лісты свайму патрону Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньку і яго жонцы, у якіх просіць апекуна даць параду, даслаць лекі для маленькага Тадэвуша. Радзівіл дапамагае Рэйтану, і яго сын становіцца здаровым, хвароба адступае.

Дзіцячыя гады Тадэвуша Рэйтана. Мастак Алесь Родзін

Дзіцячыя гады Тадэвуша Рэйтана. Мастак Алесь Родзін

Паўтара года ішло змаганне за жыццё спадчынніка Рэйтанаў. Радасць бацькоў была бязмежная, шчаслівы Даменік Рэйтан у знак удзячнасці за выратаванне першага сына фундаваў у парафіяльным Ляхавіцкім касцёле асобны алтар у гонар яго нябеснага апекуна — Святога Апостала Тадэвуша. Алтар быў шчодра ўпрыгожаны золатам і срэбрам, меў вялікі пісаны абраз святога.

Патрыёт з дзяцінства

Гарачы патрыятызм і высокае пачуццё літвінскага гонару ва ўсю выявіліся яшчэ ў часы вучобы. Гісторыю з часоў навучання ў калегіуме апісаў Генрык Жавускі. Што праўда, у яго словах доля ісціны не самая вялікая. Тым не менш, у гэтай і іншых гісторыях можа быць і шмат верагоднага.
Ксяндзы ўвялі ў сваіх школах нямала цікавых гульняў, заснаваных на старасвецкіх традыцыях. Адна з такіх гульняў, бой на дубінках, дужа падабалася шкалярам. За кляштарам быў шырокі пляц, з двух бакоў якога насыпалі пагоркі, якія называліся табарамі. Усе вучні разбіваліся на дзве групы, нібы два войскі перад бітвай. Гульня канчалася, калі адна група займала табар другой. З дапамогай дубінак вучні стараліся абараніць свой табар i заваяваць чужы. Звычайна шкаляры падзяляліся на літвінаў i маскалёў, цягнулі паперкі, дзе было напісана, каму за каго выступаць.
Тадэвуш лічыўся адным з самых спрактыкаваных майстроў бою на дубінках, ад яго заўсёды праціўнікам добра даставалася, але калi яму выпадала біцца за маскалёў, то ён саступаў нават самаму нягегламу, не баючыся нават, што яму наб’юць гузоў. Калі ж яго папракалі за тое, што ён, такі спрытны i дужы, паддаецца нават тым, хто ледзь-ледзь трымае ў руках дубінку, то ён адказваў: «Чаго вы ад мяне хочаце, я не магу вытрываць, калі нават у гульні маскалі перамагаюць. Калі я, гуляючы за маскалёў, нават атрымаю па лбе, то ўсё роўна радуюся, што нашы перамагаюць, з-за гэтага ў мяне i рука не ўзнімаецца біць сваіх».

Рэйтан і Касцюшка — блізкія сваякі

Браты ў трэцяй стрэчы — такое сваяцтва мелі два нашыя нацыянальныя героі, два паны Тадэвушы: Рэйтан і Касцюшка.
Рэйтаны, як і Касцюшкі, былі са старых вялікалітоўскіх родаў, толькі Касцюшкі з Берасцейскага ваяводства, Рэйтаны ж з Наваградскага. Імя знакамітага паўстанца Тадэвуша Касцюшкі было легендарным на абшарах былой Рэчы Паспалітай. Пасля таго, як род Рэйтанаў пасяліўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, яго прадстаўнікі парадніліся з вялікай колькасцю тутэйшых шляхецкіх родаў самага рознага паходжання.

Тадэвуш Касцюшка

Тадэвуш Касцюшка

Роды перапляталіся шчыльна, і фамільныя дрэвы шырока распасціралі свае галінкі, бо ў XVIII стагоддзі дынастычныя сувязі пляліся і падштурхоўваліся інтарэсамі сем’яў.

Тадэвуш Рэйтан (мастак П. Татарнікаў)

Тадэвуш Рэйтан (мастак П. Татарнікаў)

Генеалогія так пераплялася, што Рэйтан і Касцюшка аказаліся братамі: Даменік Алойзы Валадковіч — агульны прадзед па «кудзелі» для абодвух Тадэвушаў.

Не ажаніўся праз перакананні

Тадэвуш Рэйтан так і застаўся самотным. Але спроба звязаць сваё сэрца з жанчынай была, дый перакананні ўзялі верх.
Па словах таго ж Жавускага, яшчэ ў дваццаць гадоў Тадэвуш захацеў жаніцца. Яму трапілася на вока адна прыгожая панна ca старадаўняга роду. Рэйтан пазнаёміўся з ёй у доме яе цёткі, пачаў заляцацца і вось аднойчы паехаў да яе, каб бліжэй пазнаёміцца з будучай жонкай…
Але там ён убачыў у пакоі для гасцей на сцяне партрэт расійскага імператара Пятра Вялікага! Гэта яго настолькі ўразіла, што яму адразу ж расхацелася жаніцца. «Пётр жа наш самы вялікі вораг, — даводзіў Тадэвуш, — лепей я пражыву ўсё сваё жыццё нежанатым, але не вазьму жонку з такога роду, які настолькі паважае памяць ворага, што яго партрэт вісіць у пакоі, дзе прымаюць радню».

Тадэвуш Рэйтан

Тадэвуш Рэйтан

Хто ведае, можа, усё так і было, як аб тым напісаў Жавускі. Ведаючы нораў Рэйтана і яго шчырую адданасць Бацькаўшчыне, ці быў бы ён шчаслівы ў шлюбе і сваяцтве з такой сям’ёй? Асабліва пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Быў абраны паслом на сойм

У аповедах Жавускага праўды мала, але некаторыя яго словы вельмі трапныя і яскравыя, асабліва тыя, што датычацца ухвалення Тадэвуша Рэйтана:

«Калі б чалавецтву патрэбна было даць узор найвышэйшай дабрачыннасці ў вачах Усявышняга, то такім узорам мог бы стаць Тадэвуш Рэйтан. А мы, наваградчане, ганарымся сваім земляком, якога наш канаючы народ запісаў залатымі літарамі сярод імён сваіх абаронцаў…»


Надышоў 1772 год — год, калі «чорныя арлы» Аўстрыі, Прусіі і Расіі скіравалі свае драпежныя дзюбы ў бок безабароннай і слабай Рэчы Паспалітай.

Тадэвуш Рэйтан

Тадэвуш Рэйтан

Манархіі падзялілі Рэч Паспалітую, а афіцыйна тлумачылі свае дзеянні неабходнай кампенсацыяй за адносіны з неспакойным суседам і аднаўленнем парадку ў Рэчы Паспалітай з дапамогай ваеннага ўмяшання. Канвенцыя аб падзеле была ратыфікавана 22 верасня 1772 года. Пад ціскам Прусіі, Аўстрыі і Расіі Панятоўскі павінен быў сабраць Сойм для зацвярджэння акта падзелу і новага ладу Рэчы Паспалітай. Але на сойме справы выйшлі з-пад кантролю…
Каб сабраць дэпутатаў на вальны сойм у Варшаве, трэба было правесці павятовыя соймікі. У 1773 годзе пасяджэнні дзясяткаў павятовых соймікаў па ўсёй Рэчы Паспалітай былі сарваны. У выніку ў красавіку 1773 года ў Варшаву прыбыло менш за палову ад звычайнай колькасці дэпутатаў.
Але шляхта Наваградскага ваяводства свой выбар зрабіла; ваяводства на той час складалася з трох паветаў: Наваградскага, Слонiмскага (у 1773 годзе слонімская шляхта сарвала соймік і паслоў не абрала) і Ваўкавыскага — ад кожнага з іх мясцовы соймік абiраў двух паслоў на вальны сойм.
22 сакавіка 1773 года на замкавай гары ў Наваградку мясцовай шляхтай пасламi на сойм у Варшаву былi абраны Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак. Згодна з традыцыяй для такіх паслоў на агульнадзяржаўны сойм ад імя павятовага соймiка выпрацоўвалася і прымалася спецыяльная інструкцыя. Паслы павiнны былi ўсiмi сiламi адстойваць на сойме наказ шляхты, нi ў чым не адступаць ад яго.

Маніфест Тадэвуша Рэйтана

Маніфест Тадэвуша Рэйтана

Інструкцыя, якую атрымалі паслы, характарызавалася катэгарычнасцю сваіх наказаў: Рэйтан і Корсак павiнны былi настойваць на поўнай эвакуацыi расiйскiх войскаў з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, перашкаджаць працы сойма, пакуль не будуць абраны спецыяльныя прадстаўнiкі да іншых еўрапейскіх дзяржаў з мэтай атрымання пэўных гарантый па захаваннi цэласцi Рэчы Паспалiтай.
З такім запаветам Рэйтан выпраўляўся ў Варшаву…

Змагаўся за Бацькаўшчыну

Сойм пачаўся 19 красавіка, хоць некаторыя папярэднія абмеркаванні адбыліся за некалькі дзён да гэтага. Для прадухілення liberum veto (права любога дэпутата прымусова закрыць сесію і ануляваць любы, ужо прыняты, закон), якое магло быць выкарыстана для спынення працы сойма, падкупленыя замежнікамі дэпутаты і сенатары абвясцілі яго канфедэратыўным соймам. Гэта значыла, што рашэнне на ім прымалася большасцю. Маршалам сойма быў абраны Адам Панінскі. Не менш за палову дэпутатаў былі падкуплены замежнымі дзяржавамі, іншыя былі запалоханы.


На першых пасяджэннях сойма паслы з Наваградскага ваяводства адкрыта выступалі супраць здрадніцтва пасла Адама Панінскага, маршалка прарасійскай канфедэрацыі. Яны заклікалі іншых паслоў не дапусціць абрання Панiнскага соймавым маршалкам.
На адным з пасяджэнняў 21 красавіка 1773 года падзеі набылі драматычны характар. Падчас прамовы Корсака, дзе выкрываліся паслы-здраднікі, не чакаючы заканчэння выступлення, паслы пачалі выходзіць з залы. У адказ Рэйтан лёг крыжам перад выхадам і закрычаў:

«Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыну!»

Змаганне Тадэвуша Рэйтана, Самуэля Корсака і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага на сойме працягвалася з 19 па 22 красавіка 1773 года, да таго часу, пакуль Станіслаў Аўгуст, пад пагрозай расійскага пасла ўвесці войскі ў Варшаву і дашчэнту разбіць горад і яго наваколле, быў вымушаны, як і большасць паслоў, далучыцца да канфедэрацыi.

«Рэйтан на сойме 1773 года» (фрагмент карціны Я. Матэйкі)

«Рэйтан на сойме 1773 года» (фрагмент карціны Я. Матэйкі)


Загадка смерці і пахавання

Паслы-здраднікі пагражалі Рэйтану крымінальным пакараннем і канфіскацыяй маёнтка, адначасна яго спрабавалі купіць за грошы, але дэпутат не адмовіўся ад сваіх прынцыпаў і поглядаў. 1 снежня 1773 года ён склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў аб падзеле Рэчы Паспалітай.
Дзякуючы супраціву Рэйтана і яго паплечнікаў, паслоў пераважна з Вялікага Княства Літоўскага, іншыя краіны даведаліся, што ў Рэчы Паспалітай няма «агульнай згоды» на падзел.
Па вяртанні з сойма Рэйтан моцна падарваў сваё здароўе. У думках усё яшчэ працягваў барацьбу, распачатую на сойме. Тадэвуш жыў у Грушаўцы пад Ляхавічамі, у сваім радавым маёнтку ў флігелі-мураванцы.

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. Леваруч — флігель-мураванка (малюнак Н. Орды)

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. Леваруч — флігель-мураванка (малюнак Н. Орды)

У літаратуры сустракаюцца розныя звесткі аб смерці Рэйтана. Яго смерць апутаў міф пра самагубства, які працягвае трываць. Але Рэйтан не быў самагубцам. 8 жніўня 1780 года спынілася сэрца змагара. Напярэдадні смерці Тадэвуш Рэйтан спавядаўся ксяндзу, якога, як пісала са слоў сведкі пляменніца Саламея Рэйтан, «да апошняй хвіліны трымаў за руку».
Першапачаткова патрыёта пахавалі, верагодна, на старых Ляхавіцкіх могілках ля касцёла. Пасля парэшткі героя былі перанесены ў скляпенні самой святыні, дзе быў Алтар Святога Тадэвуша… У 1930 годзе адмысловая камісія шукала месца спачыну героя, але знойдзеныя ў Грушаўцы парэшткі камісія не прызнала за парэшткі Тадэвуша Рэйтана. Магіла яго да гэтага часу не знойдзена.
***
Сучаснікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем, а яго дзеянні  — узорам для пераймання. Літаральна з першых радкоў Рэйтана ўславіў А. Міцкевіч у сваёй паэме «Пан Тадэвуш». І далей па змесце Рэйтан паўстае вялікім маральным аўтарытэтам.
Тадэвуш Рэйтан распачаў змаганне з захопнікамі радзімы. Мінула больш за 250 год, а яго справа ўсё яшчэ жыве! Тысячы нашчадкаў і сёння рознымі шляхамі ідуць і змагаюцца за свабоду і незалежнасць Бацькаўшчыны.