Віктар Марціновіч: Беларуская кніга мёртвых

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра кнігу Уладзіміра Арлова «Імёны свабоды», якая пабачыла ўжо чатыры перавыданні.

centrkola.by

centrkola.by

Маштаб пісьменніка вымяраецца тэмамі, да якіх ён звяртаецца.
Асабліва ў такія часы, як сёння.
Бо вельмі проста забыць, што галоўнае цяпер — не крыўда, не роспач, не помста, а памяць. Ёсць некалькі сталейшых пісьменнікаў, за творчасцю якіх я пільна сачу.
Адзін з іх — Уладзімір Арлоў.
Даведаўшыся пра тое, што ўвосень мінулага года, калі вось гэта ўсё ўжо напалілася напоўніцу, Арлоў скончыў чацвёртае выданне «Імёнаў свабоды», я вырашыў прачытаць навінку ўважліва, а не гартаючы па сваіх ўлюбёных біяграфіях (я так рабіў з мінулымі «Імёнамі»).
І цяпер, скончыўшы чытаць, скажу, што гэта бадай самая важная для майго ўнутранага адчування роднай краіны выказванне.
Вялікую кнігу ў рукі трэба браць не для таго, каб уцяміць, што адбываецца (ці не адбываецца) на вуліцах і ў тваім сэрцы цяпер.
А для таго, каб пабачыць, адкуль гэта пачалося і, галоўнае, як і чым скончыцца.
І так, толькі цяпер я зразумеў, чаму творца такога ўзроўню вырашыў укласці свой талент у нешта, што на першы погляд выглядае як біяграфічны даведнік па героях апошніх 250 гадоў.
Дык вось, у кніжцы 366 пратаганістаў. Па колькасці дзён у высакосным годзе.
«Імёны» можна менавіта так і чытаць: па адным героі, у ложку, нанач. Каб гарантаваць сабе бессань і ўпэўніцца, што запомніш.
Першы — Тадэвуш Рэйтан, дата смерці — 8.8.1780, месца пахавання — вёска Грушаўка. Апошняя — Надзея Дземідовіч, дата смерці — 3.3.2020, месца пахавання — Калодзішчы. І так, гэтым разам у «Імёнах» усё выбудавана вакол смерці.
Пайменная пераклічка ў той чарзе, што стаяла ў Вечнасць з XVIII стагоддзя і да нашых дзён.
Менавіта таму сапраўдная, а не храналагічная, замыкальніца гэтай кнігі — Аўгіння Дзянісава, адзіная, што выпадае са стройнай храналогіі. І выпадае таму, што была бабцяй аўтара і, як ён сам піша, «упершыню пазнаёміла мяне, сямігадовага, зь сьмерцю». Перад тым паспела навучыць Арлова вальнадумству, каментуючы па вясковай завядзёнцы савецкія навіны: «Дагонім, дагонім... — казала бабуля на бясконцае зьвяганьне пра неабходнасьць дагнаць і перагнаць Амэрыку. — Босым бегчы лягчэй. А як перагонім — голымі сракамі засьвецім».
Паміж апошняй датай у кнізе і Тадэвушам Рэйтанам — 364 імені.
І тут пачынаецца самае цікавае. Бо якім бы крутым і абазнаным ні быў той ці іншы герой, яму адпушчаныя дзве старонкі.
Дзве!
Часцей за ўсё — з дрэварытам ці фотаздымкам.
І ў гэтым адчуваецца сапраўдная, наканаваная, справядлівасць: наша месца ў народнай памяці — абмежаванае. І ні ў кога не будзе часу калупацца ў нюансах. То адразу пра галоўнае.
Жыццё аднаго чалавека ніколі не змяшчаецца ў кнігу, нават у збор твораў. А паспрабуй змясціць яго ў дзве старонкі. Паспрабуй распавесці пра, напрыклад, Максіма Багдановіча, пра тых, каго ён кахаў, пра тых, што не кахалі яго, пра вандроўку ў Вільню і зачараванне беларушчынай, пра тое, як вучыў родную мову па «Нашай ніве» ў Расіі, пра сухоты, пра Ялту — на дзвюх старонках!
Прыкладна на тым месцы, калі набліжаешся да ночы расстраляных паэтаў, разумееш, што сам гэты фармат цалкам па-постмадэрніцску пачынае вызначаць тэмп і напружанне зместу.
І зноўку: калі старонак — 811, а імёнаў — толькі 366, дык каго абіраць? Па якім прынцыпе?
Як вызначаць важнасць і ўнёсак у лёсы Айчыны каліноўцаў? Бо на просты пералік усіх удзельнікаў паўстання не хапіла б і 811 старонак. То трэба абіраць галоўных. І як іх абіраць, калі для кожнага тое паўстанне было падзеяй, што перакамячыла лёс, а часцяком — прывяла да смерці?
Ты сочыш за тым, як вялікі Аўтар ператвараецца ў Рэдактара (чалавека, што прыбірае лішкі і пакідае асноўнае), і не можаш адарвацца.
Каміла Марцінкевіч (піяністка, кампазітарка, удзельніца паўстання Каліноўскага) у гэтай кнізе ёсць, а яе знакамітага бацькі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, таксама ўдзельніка паўстання, — няма.
Не стае месца.
Не стае памяці.
Не стае старонак.
І як жа працінае, калі побач з імёнамі, якія праходзіў у школе — Францішак Багушэвіч, Напалеон Орда, Валенці Ваньковіч, — бачыш сваіх добрых знаёмцаў. Пятра Марцава. Уладзіслава Ахроменку, якому меў раскошу выказаць захапленне ягонымі раманамі жыўцом, падчас нахабнага распіцця пляшкі крымскага каньяку «Кактэбель» (да 2014 года гэта яшчэ не было ахтунгам) — проста на прыступках Галерэі «Ў», у раёне, што інтэнсіўна патруляваўся тады, калі інтэнсіўнае патруляванне двароў яшчэ не зрабілася трэндам.
Барыс Кіт, Міхал Анемпадыстаў, Васіль Сёмуха, Пятро Васючэнка, Хведар Нюнька — усе гэтыя сучаснікі прыраўнаныя тут да сваіх знакамітых папярэднікаў. Вітаўт Мартыненка = Сяргей Палуян — ці гэта не найлепшая ўзнагарода за годна пражытае жыццё?
Так павялося апошнім часам, што самыя галоўныя кнігі пра беларусаў і для беларусаў у апошні год немагчыма ці амаль немагчыма набыць.
Але якія часы, такія і рашэнні. Я спампаваў «Імёны Свабоды» і чытаў іх у электронным выглядзе. Спасылку даваць не буду: каму патрэбна — знойдзе.
Веды вымагаюць высілкаў.
Прачытайце гэтую кнігу хаця б для таго, каб упэўніцца, што праз 366 розных лёсаў сам Час распавядае нам адну і тую ж гісторыю.
Часткай якой мы ўсе з’яўляемся.