«Рэйтан на сойме 1773 года». Дэтальны разбор знакамітай карціны Яна Матэйкі
250 год таму, 19 красавіка 1773 года, распачаўся надзвычайны Варшаўскі сойм, на якім павінны былі зацвердзіць акупацыю зямель Рэчы Паспалітай. Амаль праз сто год драматычныя падзеі сойма ўвасобіў пэндзлем Ян Матэйка. Яго твор нарабіў шуму не менш, чым подзвіг Тадэвуша Рэйтана на тым сойме.
Цяжка знайсці іншую карціну мастака Яна Матэйкі, якая б выклікала столькі спрэчак, як «Рэйтан на сойме 1773 года». Адны вінавацілі жывапісца ў неразборлівасці намаляванай сцэны, другія — у драпанні народных ран. Несумненна адно: твор зрабіў на гледачоў захапляльнае ўражанне. Як, прынамсі, і падзеі, адлюстраваныя на палатне. Хоць і мінула 250 год (чвэрць тысячагоддзя!), але тыя справы Варшаўскага сойма 1773 года кранаюць і сёння, не пакідаюць абыякавым, выклікаюць розныя эмоцыі: горыч, пачуццё несправядлівасці, спадзеў…
Колькі слоў пра аўтара і карціну
Мастака Яна Матэйку (1838–1893) ведаюць добра. Яго творы — шыкоўныя ілюстрацыі для гістарычных тэкстаў, карціны майстра сталі хрэстаматыйнымі. І не дарма! Ян Матэйка — адзін з самых значных мастакоў у гісторыі польскага мастацтва, стваральнік школы гістарычнага жывапісу, што адыграла асаблівую ролю ў жыцці краіны.
Матэйка паказваў ранейшую веліч і славу Рэчы Паспалітай, ён імкнуўся выхоўваць пачуцці і свядомасць яе народаў, уваскрасіць у іх веру ў адраджэнне незалежнай Айчыны. Ён быў першым, хто здолеў захапіць гістарычным жывапісам шырокія пласты грамадства і прадэманстраваў на міжнароднай арэне асаблівы характар і высокі ўзровень мастацтва з «забранага краю», атрымаўшы найвышэйшыя ўзнагароды на выставах у Парыжы, Вене, Берліне. Матэйка стаіць у адным шэрагу з найбуйнейшымі еўрапейскімі мастакамі другой паловы XIX стагоддзя.
Да драматычных падзей акупацыі Рэчы Паспалітай 28-гадовы Матэйка звярнуўся пасля паражэння студзеньскага паўстання 1863 года. Яму можна было пісаць на нацыянальныя тэмы, бо яго родны Кракаў апынуўся ў складзе Аўстрыі, вядомай сваёй лаяльнай палітыкай да захопленых народаў. Каб жыў Матэйка ў Варшаве ці Вільне, наўрад ці ён стварыў бы такія смелыя творы: яго б за іх чакала Сібір ці выгнанне.
Завершанае ў 1866 годзе палатно «Рэйтан на сойме 1773 года» была другой шырокафарматнай карцінай Матэйкі пасля «Пропаведзі Скаргі», якую горача сустрэла крытыка. Аўтар атрымаў і лаўры, і камяні…Упершыню гатовая карціна была выстаўлена ў Кракаве ў канцы 1866 года. Гэта адразу прыцягнула ўвагу грамадскасці, палатно выклікала ў публікі вельмі супярэчлівыя пачуцці.
Не ўсім спадабалася канцэпцыя Матэйкі, паводле якой ён хацеў адначасова намаляваць канкрэтную гістарычную сцэну і алегорыю заняпаду Рэчы Паспалітай. Каб уключыць у твор больш шырокі гістарычны і філасофскі кантэнт, мастаку прыйшлося адмовіцца ад вернасці фактам і сабраць у адной зале герояў, якія не маглі сустрэцца ў апісаным часе.
Але гэта палова бяды, усё ж мастацтва дапускае адвольнасці. Выбар менш слаўнага моманту ў гісторыі Рэчы Паспалітай выклікаў гучныя спрэчкі. Матэйку вінавацілі ў тым, што ён драпае нацыянальныя раны і нават дзейнічае супраць уласных палітычных інтарэсаў — урэшце, у карціне асуджаўся не ўчынак захопнікаў, а цынізм, бяздумнасць і здрада саміх палякаў. Чаго не скажаш пра літвінаў. Глыбока былі ўсхваляваны і нашчадкі станоўчых герояў, намаляваных на палатне. Былі нават думкі, што нехта з польскіх арыстакратаў выкупіць твор і знішчыць яго.
Чаму такія жарсці разгарэліся вакол гістарычнай карціны? Чым Матэйка закрануў палітычныя колы? Вернемся на сотню год назад.
Папярэдні гістарычны кантэкст
Пасля цяжкіх і спусташальных войнаў XVII–XVIII стагоддзяў Рэч Паспалітая страціла статус буйной еўрапейскай дзяржавы, трапіла ў палітычную залежнасць ад суседзяў. Вынік не прымусіў сябе чакаць: у канцы XVIII стагоддзя дзяржаву захапілі і падзялілі паміж сабой спрытныя і дужыя суседзі.
Першы падзел 1772 года — следства не толькі палітычнай слабасці Рэчы Паспалітай, але і вынік палітычнага раскладу, які аформіўся ў Еўропе. У той час усталяваўся баланс сіл паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй.
Перамога, здабытая над Асманскай імперыяй у руска-турэцкай вайне, прывяла да ўзмацнення Расіі і стварэння пагрозы інтарэсам дома аўстрыйскіх Габсбургаў на Балканах. Аўстрыя разглядала магчымасць вайны з Расійскай імперыяй. Прусія, дружалюбная як Расіі, так і Аўстрыі, прапанавала шэраг тэрытарыяльных карэкціровак, у якіх Аўстрыя атрымлівала б кампенсацыю часткамі Прускай Сілезіі, а Прусія, у сваю чаргу, атрымае польскую частку Каралеўскай Прусіі.
Прускі манарх прапанаваў падзяліць Рэч Паспалітую паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй, чым спрабаваў заахвоціць Расію накіраваць сваю экспансію на слабую і няшчасную Літву і Польшчу, а не на Асманскую імперыю. Слова было за Кацярынай ІІ…
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў да гэтага Расія лічыла Рэч Паспалітую сваім пратэктаратам. Наша дзяржава была спустошана грамадзянскай вайной, у якой сілы Барскай канфедэрацыі спрабавалі падарваць кантроль Расіі над сабой. Акрамя таго кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які падтрымліваўся Расіяй, лічыўся адначасова і слабым, і занадта незалежным. У рэшце рэшт двор Расійскай імператрыцы прыйшоў да высновы: карысці ад пратэктарату над Рэччу Паспалітай мала. Такім было слова захопніцы Кацярыны ІІ.
Тры дзяржавы — Аўстрыя, Прусія і Расія — падзялілі Рэч Паспалітую першы раз, а афіцыйна тлумачылі свае дзеянні неабходнай кампенсацыяй за адносіны з неспакойным суседам і аднаўленнем парадку ў Рэчы Паспалітай з дапамогай ваеннага ўмяшання (зручную падставу давала Барская канфедэрацыя). У рэчаіснасці ўсе трое былі зацікаўлены ў тэрыторыях. Канвенцыя аб падзеле была ратыфікавана 22 верасня 1772 года. Пад ціскам Прусіі, Аўстрыі і Расіі Панятоўскі павінен быў сабраць Сойм для зацвярджэння акта падзелу і новага ладу Рэчы Паспалітай. Але на сойме справы выйшлі з-пад кантролю…
Драматычныя падзеі красавіка 1773-га
Падрыхтоўка да сойма была няпростай. Уплывовыя біскупы гучна выступілі супраць гэтага, пасяджэнні дзясяткаў павятовых соймікаў, на якіх павінны былі абраць дэпутатаў на Сойм у Варшаве, былі сарваны. У выніку ў красавіку 1773 года ў Варшаву прыбыла менш за палову ад звычайнай колькасці дэпутатаў, чым была зафіксавана самая нізкая колькасць удзельнікаў сойма ў гісторыі Літвы і Польшчы.
Сойм пачаўся 19 красавіка, хоць некаторыя папярэднія абмеркаванні адбыліся за некалькі дзён да гэтага. Ён праходзіў у Варшаве. Для прадухілення liberum veto (права любога дэпутата прымусова закрыць сесію і ануляваць любы, ужо прыняты, закон), якое магло быць выкарыстана для спынення працы сойма, падкупленыя замежнікамі дэпутаты і сенатары абвясцілі яго канфедэратыўным соймам. Гэта значыла, што рашэнне на ім прымалася большасцю. Маршалам сойма быў абраны Адам Панінскі. Не менш за палову дэпутатаў былі падкуплены замежнымі дзяржавамі, іншыя былі запалоханы.
Аднак знайшліся і тыя, хто змагаўся за незалежнасць і суверэнітэт сваёй дзяржавы. Імі былі паслы ад Наваградскага ваяводства Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак, якія дзейнічалі згодна з інструкцыяй, атрыманай шляхтай на павятовым сойміку. А была яна досыць катэгарычнай: Рэйтан і Корсак павiнны былі настойваць на поўнай эвакуацыі расійскіх войскаў, перашкаджаць працы сойма, пакуль не будуць абраны спецыяльныя прадстаўнікі да іншых еўрапейскіх дзяржаў з мэтай атрымання пэўных гарантый па захаванні цэласнасці Рэчы Паспалiтай.
На першых пасяджэннях сойма яны адкрыта выступілі супраць здрадніцтва пасла Адама Панінскага, маршалка прарасійскай канфедэрацыі. На адным з пасяджэнняў Тадэвуш Рэйтан, дамагаючыся ад паслоў рашэння і не выпускаючы іх з залы пасяджэнняў, лёг крыжам перад выхадам. Ён крычаў: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!».
Дзеянні пасла ад Наваградскага ваяводства Тадэвуша Рэйтана і яго жэст сталі шырока вядомы. Менавіта яны былі ўвекавечаны на карціне Яна Матэйкі. Але ж каго разам з Рэйтанам-героем сабраў у адной зале Матэйка?
Рэйтан і яго антыподы
Сюжэт карціны Яна Матэйкі — сцэна, якая адбылася 21 красавіка 1773 года, у апошні, трэці, дзень працы «Падзельнага сойма».
На палатне мы бачым інтэр’ер каралеўскага замка. Цэнтральная фігура твора — Тадэвуш Рэйтан. Ён ляжыць на парозе, драматычным жэстам разрывае шаты, адкрываючы моцныя аголеныя грудзі. Дужы і высокі мужчына апрануты ў сармацкі строй, падвязаны дэкаратыўным дарагім поясам. Традыцыйны вобраз шляхціца дапаўняюць паголеная галава і густыя вусы, а таксама шабля-карабела. Рэлігійнасць Рэйтана падкрэслівае шкаплер, які звісае з аголенай шыі.
Астатняя частка карціны — шматлюдная, буяе каларытнымі фігурамі. Бліжэй да Рэйтана на пярэднім плане трое мужчын, якія праяўляюць зусім розныя эмоцыі. Хто ж яны?
Бліжэй да Рэйтана — Францішак Ксаверый Браніцкі ў мундзіры маскоўскага генерала хапаецца за галаву, нахіляецца да раз’юшанага пана Тадэвуша і тлумачыць яму: «які гэта непрыстойны і не самы дыпламатычны крок! Што за выхадкі, пане-браце!»
Далей ад Рэйтана сарамліва застыў Шчэнсны Патоцкі. У руках ён трымае акт пазнейшай Таргавіцкай канфедэрацыі, якая потым стане галоўным сімвалам нацыянальнай ганьбы і здрады. Збянтэжаны гэтай сцэнай, вагаючыся і баючыся, каб справа не зайшла занадта далёка, Патоцкі трымае Панінскага за руку і ад сораму апускае вочы ў зямлю.
Паміж Патоцкім і Браніцкім узвышаецца постаць галоўнага антыпода Рэйтана — Адама Панінскага з вузлаватай палкай у руцэ, які пагражае Рэйтану маскоўскімі грэнадзёрамі: іх бачна праз напаўадчыненыя дзверы залы. Панінскага, які ў 1773 годзе кіраваў стварэннем здраднай канфедэрацыі, Матэйка напісаў асабліва непрыязна. Чырвоны мундзір з бліскучымі маскоўскімі ордэнамі робіць яго больш падобным да ката, чым да маршалка. Каля яго ног коціцца залатая манета, якая выпала з мяшэчка, што ляжыць на падлозе. Гэта відавочны сімвал хабарніцтва, бо Панінскаму плаціла расійская амбасада.
З-за Браніцкага, які схаваў твар рукамі, выглядае Антоні Чацвярцінскі. Яго погляд — цікаўны, ён не палае так, як Рэйтан, але і не чыніць яму супраціву. Ён — адлюстраванне большасці, якой цікава, што гэта такое адбываецца, але ўдзелу ў падзеях яна не прымае.
Старая Рэч Паспалітая і абыякавыя абывацелі
Галоўная фігура злева — манументальная постаць Францішка Салезія Патоцкага ў цёмнай, падшытай футрам дэліі. Ад усіх ён адрозніваецца таксама старасвецкім шляхецкім строем. Калючыя вусы і распушчаныя сівыя валасы надаюць яму крыху грозны выгляд: ён нібы ўваскрос хвіліну таму; яго плашч, напэўна, зачапіўся за крэсла, якое ляжыць побач. Пяро выпала з яго працягнутай рукі, на твары старога чалавека з’яўляецца раптоўнае сумненне або жах: «што я нарабіў, калі падпісваў акт канфедэрацыі?!». Ён — сімвал страчанай старой Рэчы Паспалітай, увасабленне тых, хто не мог ісці супраць, але і тых, хто зразумелі, што адбываецца. Матэйка намаляваў яго на палатне як сімвал адчаю і бяссілля найбуйнейшых магнатаў.
З-за спіны Патоцкага выглядвае вусаты Караль Радзівіл, які сярод сучаснікаў атрымаў мянушку «Пане Каханку». Магнат, знакаміты сваімі бурнымі застоллямі, глядзіць на Рэйтана (усё ж землякі!), але, здаецца, у сваіх думках дзесьці далёка.
Злева на карціне два мужчыны з пагардлівым або абыякавым выглядам. Міхал Панятоўскі, малодшы брат караля, паказаны як прымас, якім ён стане толькі праз некалькі гадоў; ён нават не глядзіць на дзверы. Ён утульна сядзіць у чорным мяккім атласе, з масіўным пярсцёнкам на пальцы, а ў руцэ трымае медальён з партрэтам дамы. Міхал Чартарыйскі, апрануты па французскай модзе, скіроўвае на Рэйтана халодны позірк. Шляхціц за спінай штурхае яго ў плячо, упэўнена паказваючы, што адбываецца. Ім абодвум — усё роўна, яны пры любой уладзе ці дзяржаве застануцца пры сваім: уплыве, грашах, жаданнях…
Апошні спадзеў на караля
За абыякавымі панамі бачны сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які ўстаў з трона і назірае за ўсёй сцэнай з памоста. Каралю гэтая мітусня надакучыла, і Калантай, які спрабуе яму перашкодзіць, паказвае гадзіннік. Каралю трэба тэрмінова сыходзіць: можа, абед, можа, якая прыгажосць яго чакае. Ён з жалем глядзіць на Рэйтана, адданага сына Рэчы Паспалітай, апошняга яе рыцара. Рэйтан, падаецца, таксама глядзіць на караля як на апошні спадзеў.
Дарэчы, змаганне Тадэвуша Рэйтана на сойме працягвалася да таго часу, пакуль Станіслаў Аўгуст, пад пагрозай расійскага пасла ўвесці войскі ў Варшаву і дашчэнту разбіць горад і яго наваколле, не быў вымушаны, як і большасць паслоў, далучыцца да канфедэрацыі.
Сімвалічныя вобразы ворагаў і змагання
Па-над залай, дзе адбываюцца драматычныя падзеі, узвышаецца ложа, часткова прыкрытая аксамітнай фіранкай, адкуль бачыцца непрыемны твар расійскага амбасадара Мікалая Рэпніна. Ён тут, як глядач у тэатры, нібыта застаецца ў цені ад падзей. Яго атачаюць напудраныя прыбраныя дамы: каралеўская каханка Эльжбета Грабоўская і ўплывовая арыстакратка Ізабела Любамірская з веерам у руцэ.
Сярод фігур, сабраных у пакоі, дамінуе царыца Кацярына II: яна глядзіць з вялікага партрэта, які вісіць на сцяне. Гэта чарговыя фіктыўныя элементы, якія ўвёў Матэйка: такая карціна ніколі не ўпрыгожвала соймавую залу. Але сімвалізм тут моцны: усё адбываецца пад яе воляй.
Злева ад партрэта ёсць фігура, якая не падыходзіць да астатняй зборкі. Хлопчык, апрануты ў цёмны ўбор, цягне рукі ўверх, трымаючы ў іх шаблю і канфедэратку. Магчыма, гэта прадвеснік будучай барацьбы за незалежнасць. Яшчэ наперадзе паўстанне Касцюшкі, барацьба ў Вялікай арміі Напалеона, лістападаўскае і студзеньскае паўстанне… Гэты малады чалавек сімвалізуе надзею на вызваленне Рэчы Паспалітай.
Унізе, сярод натоўпу дэпутатаў, можна пабачыць дэпутата Самуэля Корсака, які таксама належаў да невялікай групы пратэстоўцаў і паплечнікаў Рэйтана. Гэты малады чалавек з худым тварам і тонкімі вусікамі мае рысы самога Матэйкі.
Крытыка пасыпалася на мастака
Катэгарычным крытыкам жывапісу Матэйкі быў выбітны пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі, які пісаў: «Але няхай гэты шэдэўр не будзе раскаяннем на ўсё жыццё, бо гэта можа быць прыгожая карціна, але дрэнны ўчынак. Нягожа пляскаць па трупе маці... Ці ж гэта — не аплявуха Польшчы?.. Кажуць, нехта ледзь не са слязьмі выходзіў з выставы і закрычаў, хто яе купіць... напэўна, маскалі!». І дадаў горкія словы, якія ён нібыта сказаў Матэйку: «жывых купілі, могуць і намаляваных».
Нягледзячы на тое, што падкрэслівалася здольнасць Матэйкі ствараць хвалюючыя партрэты гістарычных асоб, крытыкі адзначалі і некаторыя жывапісныя недахопы: перагружанасць кампазіцыі дэталямі, цеснату фігур і перабольшаны драматызм жэсту Рэйтана, які здаецца амаль вар’яцкім.
Пры ўстаноўцы карціны Матэйку ўпершыню абвінавацілі ў няправільна акрэсленым ракурсе. Сапраўды, пакой здаецца ненатуральна паглыбленай прасторай, а нізка змешчаная ложа перакрывае ўсё. Як аказалася, падобныя дэфекты былі следствам блізарукасці Матэйкі.
Гулец у карты, турэцкі пасол: што думалі пра карціну
Заўважалася і неадназначнасць кампазіцыі, тэматыка якой заставалася незразумелай для незнаёмага з гісторыяй Рэчы Паспалітай гледача. У Кракаве асобным выданнем выйшла тлумачэнне карціны, падрыхтаванае Юзафам Шуйскім, гісторыкам і сябрам Матэйкі.
У той час казалі, што гэту карціну без тлумачэнняў не зразумее нават польскі ды літвінскі глядач; іншаземец зразумее, што гэта нейкая трагічная сцэна адчаю, але, убачыўшы драматычнае дзеянне, запытаецца: пра што гэта, што тут адбываецца? І сам жа глядач сабе адкажа — найчасцей няправільна, часам смешна.
Даходзіла і да камічнага. На парыжскай выставе 1867 года побач з карцінай стаяла некалькі французаў. Адзін з іх тлумачыў астатнім, што той, хто ляжыць на зямлі, прайграўся ў карты, як паказваюць раскіданыя дукаты, і хоча стрэліць сабе ў галаву, а трое над ім пераконваюць яго, што няма чаго адчайвацца.
Таксама казалі: французам здавалася, што на карціне адважныя палякі выкідваюць турэцкага пасла за дзверы…
Выстава ў Парыжы, лёс карціны
Нягледзячы на не да канца зразумелы змест карціна зрабіла вялікае ўражанне на замежных гледачоў. У 1867 годзе Матэйка атрымаў залаты медаль на Усеагульнай выставе ў Парыжы (яна дэманстравалася ў аўстрыйскай секцыі), а працу набыў імператар Франц Іосіф.
Акрамя таго, увагу французскай грамадскасці да «Рэйтана» прыцягнуў няўдалы замах на цара Аляксандра II, здзейснены ў чэрвені 1867 года польскім эмігрантам Антоніем Беразоўскім. Падчас суда над забойцам набылі агалоску царскія рэпрэсіі ў захопленай частцы Рэчы Паспалітай.
У 1918 годзе ўрад Польшчы выкупіў палатно і перадаў яго ў калекцыю Каралеўскага замка ў Варшаве. У верасні 1939 года карціна перайшла ў рукі немцаў, і яны эвакуіравалі палатно з Варшавы ў 1944 годзе. Карціна была знойдзена ў жудасным стане ў нямецкай Сілезіі недалёка ад горада Яленя-Гура. Палатно было адноўлена на працягу трох гадоў рэстаўрацыйных работ.
У Каралеўскім замку ў Варшаве карціна захоўваецца і зараз, нагадвае пра падзеі 250-гадовай даўніны. Каб не паўтараць памылак.