Абылганы кароль. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

На 25 лістапада прыпадаюць дзве важныя для гісторыі Рэчы Паспалітай гадавіны — каранацыя апошняга яе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго адрачэнне ў той жа самы дзень праз 31 год. Вакол яго фігуры шмат домыслаў. Паспрабуем разабрацца, кім на самой справе быў апошні кароль Польшчы і Вялікі князь літоўскі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі


Выбары без выбару

Цырымонію каранацыі Станіслава Антонія Панятоўскага, падчас якой ён прыняў імя Станіслаў Аўгуст, здзейсніў Прымас Польшчы Уладзіслаў Лубеньскі ў саборы святога Яна ў Варшаве. Для каранацыі выкарыстоўваліся знакі каралеўскай улады, спецыяльна прывезеныя са старажытнай рэзідэнцыі каралёў, кракаўскага Вавеля.

Фасад былога сабора святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве — месцы каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага — на паштоўцы другой паловы ХІХ стагоддзя

Фасад былога сабора святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве — месцы каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага — на паштоўцы другой паловы ХІХ стагоддзя


Дзеючае на той час дзяржаўнае заканадаўства дакладна вызначала пытанні выбарнасці караля: кароль абіраўся пажыццёва, а трон захоўваўся за кандыдатам каталіцкага веравызнання. Права ўдзельнічаць у выбарчым працэсе патэнцыйна меў кожны прадстаўнік шляхты — падданы Кароны ці Вялікага Княства Літоўскага. Тым не менш усім у краіне даўно было вядома, што не шляхта Рэчы Паспалітай, а замежныя дзяржавы будуць вырашаць, хто стане наступным каралём. Так было і з Панятоўскім, каранацыя якога было вынікам замежнага ўплыву. Яна адбылося «ў ценю» стаячага ў краіне расійскага войска, да таго ж па рэкамендацыі расійскіх і прускіх дыпламатаў і дзеячаў прарасійскай партыі Чартарыйскіх. Абранне Станіслава Панятоўскага каралём было абвешчана 7 верасня 1764 года.


Рэфарматар замест марыянеткі

Але тут замежныя лялькаводы моцна памыліліся. Замест бязвольнай марыянеткі на каралеўскі сталец узышоў добра адукаваны малады манарх, які марыў вярнуць былую веліч сваёй дзяржавы. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў чалавекам з шырокімі ведамі, палітыкам з адметнай індывідуальнасцю, перакананым у неабходнасці радыкальных рэформаў у дзяржаве. Ён узышоў на трон з перакананнем, што нарэшце зможа ператварыць Рэч Паспалітую ў добра кіраваную і сучасную еўрапейскую дзяржаву. У спадчыну ён атрымаў краіну, велізарную па памерах, але цалкам пагружаную ў палітычны крызіс і безуладдзе. Гэта была краіна без эфектыўнага ўрада, арміі і дыпламатыі. Таму для рэалізацыі сваіх рэформаў ён не мог разлічваць ні на ўнутраную падтрымку сярод магнацкіх груповак, ні на дапамогу звонку.

Кароль і Вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Кароль і Вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі


Нягледзячы на шматлікія неспрыяльныя абставіны, кароль імкнуўся ператварыць архаічны дзяржаўны лад у канстытуцыйную манархію з дзейсным Сеймам і выканаўчай уладай. Акрамя таго, ён шчыра імкнуўся палепшыць становішча мяшчан і нават сялян. Важныя каралеўскія ініцыятывы ўключалі ў сябе: рэформу ў войску, стварэнне Рыцарскай школы (1765) — першага універсітэта, які ўтрымліваўся за кошт дзяржаўнай казны і рыхтаваў да ваеннай і дзяржаўнай службы, Камісіі па нацыянальнай адукацыі (1773) — дзяржаўнага органа па асвеце, Пастаяннай рады (1775) — вышэйшага дзяржаўнага і адміністрацыйнага органа Рэчы Паспалітай. Падчас яго праўлення адбылося значнае ажыўленне навуковага жыцця. Кароль быў прыняты ў члены Пецярбургскай акадэміі навук і Акадэміі навук у Берліне. Падчас яго праўлення была распачата грашовая рэформа, якая цалкам вывела з грашовага абароту ў краіне ўсе замежныя манеты. Па яго загадзе ў Варшаве былі ўзведзеныя і перабудаваныя многія будынкі. Але карупцыя, не жаданне шляхтай паступіцца нават часткай сваіх прывілеяў і, галоўнае, разбуральны ўплыў суседніх дзяржаў, не жадаючых бачыць моцную Рэч Паспалітую, прывялі да таго, што многія ініцыятывы караля так і не былі рэалізаваныя.


Адрачэнне, выгнанне і смерць

Пасля разгрому паўстання Касцюшкі 5 студзеня 1795 года кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пад ціскам Кацярыны ІІ назаўжды пакінуў любімую Варшаву і ў суправаджэнні расійскіх драгунаў накіраваўся ў Гародню. Там 25 лістапада, у 31-ю гадавіну сваёй каранацыі, ён «па ўласным жаданні» адрокся ад каралеўскай пасады, падпісаўшы адпаведны дакумент, падрыхтаваны расійскім паслом князям Мікалаем Рэпніным: «Гэтым актам мы ўрачыста абвяшчаем, што свабодна і ахвотна адмаўляемся без выключэння ад усіх нашых правоў на Карону Польскую, на Вялікае Княства Літоўскае і іншыя краіны, якія нам належаць, а таксама на нашу маёмасць, якія там знаходзіцца. Мы аддаём гэты ўрачысты акт адрачэння ад кароны ў рукі Найяснейшай Імператрыцы ўсяе Расіі добраахвотна і з сумленнасцю, якой мы кіраваліся на працягу ўсяго жыцця. Сыходзячы з трона, мы выконваем апошні абавязак каралеўскай годнасці, просячы Светлую Імператрыцу праявіць сваю мацярынскую міласэрнасць да тых, каралём каго мы былі, і аддаць гэтую веліч сваёй душы яе вялікім саюзнікам».

Асаблівы здзек быў у тым, што менавіта на гэтую дату прыходзіўся дзень імянін расійскай імператрыцы. Кацярына ІІ не здолела адмовіць сабе ў святочным падарунку, публічна прынізіўшы былога каханка.

Расійская імператрыца Кацярына ІІ

Расійская імператрыца Кацярына ІІ


Пасля смерці царыцы, яе сын Павел I дазволіў былому манарху прыехаць у Пецярбург, дзе даў яму ў якасці рэзідэнцыі Мармуровы палац, усяго ў некалькіх кроках ад знакамітага Зімняга палаца, афіцыйнай рэзідэнцыі расійскіх імператараў. Былы кароль правёў апошнія гады ў кампаніі сваёй верагоднай марганатычнай жонкі і маці некалькіх дзяцей Эльжбеты Грабоўскай, народжанай Шыдлоўскай. Акрамя яе, разам з каралём засталіся верныя сябры і былыя прыдворныя, якія не пажадалі пакінуць свайго караля нават пасля адрачэння.

Апошні дзень жыцця апошняга манарха Рэчы Паспалітай даволі добра вядомы дзякуючы запісам відавочцаў. Раніцай 12 лютага 1798 года, выпіўшы, як звычайна, кубак булёну, кароль раптам страціў прытомнасць і ўпаў на падлогу. Потым на нейкі час прыйшоў у сябе, але паспеў толькі паслаць па святара і зноў страціў прытомнасць. Ён памёр у пакутах каля 23.00 вечара таго ж дня. Асабісты лекар Ян Бёклер, які лячыў караля яшчэ ў Варшаве, пасля ўскрыцця абвясціў, што прычынай смерці стала нервовая апаплексія, гэта значыць кровазліццё ў мозг. Некаторыя, аднак, як гэта часта бывае ў такіх выпадках, лічылі, што кароль быў вераломна атручаны.

Павел I ушанаваў памяць Станіслава Аўгуста ў адпаведнасці з яго каралеўскай годнасцю, арганізаваўшы пышную цырымонію пахавання. Цела нябожчыка было выстаўлена на шыкоўным катафалку ў Мармуровым палацы, апранутае ў форму афіцэра нацыянальнай гвардыі, а галава была ўпрыгожана каронаю. Кароль быў пахаваны ўнутры касцёла святой Катажыны на Неўскім праспекце 8 сакавіка 1798 года Там яго рэшткі знаходзіўся да ХХ стагоддзя, калі былі ўрачыста перанесены ў былы маёнтак Панятоўскіх у Воўчыне.


Чорная легенда Панятоўскага

Пры яго жыцці нарадзілася чорная легенда пра караля-здрадніка, каханка і марыянетку імператрыцы Кацярыны. Іронія гісторыі заключалася ў тым, што гэта было прыпісана чалавеку, чыё праўленне расійцы таксама ацэньвалі як вельмі дрэннае, але крыху з іншага пункту гледжання: «Ён заўсёды дзейнічаў супраць нашых інтарэсаў, ён быў у авангардзе ўсіх змен у Польшча насуперак нашым поглядам», — пісаў пра яго Мікалай Рэпнін. Нават былая каханка Імператрыца Кацярына ІІ, падсумоўваючы праўленне Станіслава Аўгуста, сказала пра яго наступныя словы: «Шматлікія прыклады пацвярджаюць, што гэты ўладар заўсёды выступаў супраць нашых інтарэсаў, але не арганізавана супраць».

Расійскі пасол у Рэчы Паспалітай Мікалай Васільевіч Рэпнін

Расійскі пасол у Рэчы Паспалітай Мікалай Васільевіч Рэпнін


Міф пра караля-здрадніка шмат у чым быў патрэбны самім палякам. Ён стаў у пэўным сэнсе асноватворным міфам польскіх нацыянальных паўстанняў, здымаючы віну за няшчасці краіны з народа і перакладаючы яе на нявартага яго велічы караля. Яго аўтары, пішучы ў эміграцыі, па-за дасяжнасцю расійскай цэнзуры, маглі свабодна выказвацца, Панятоўскі ж, знаходзячыся пад расійскай «пратэкцыяй», такой магчымасці не меў. Якраз тады, калі яму больш за ўсё патрэбна была абарона, у яго адабралі голас. Дзённікі заставаліся невядомымі да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, а цалкам іх пакуль ведаюць толькі прафесійныя гісторыкі.

Горкім дапаўненнем да гісторыі жыцця караля стаў яго паслясмяротны лёс. Яго цела ў 1938 годзе Савецкі Саюз перадаў Польшчы. Тагачасны ўрад загадаў амаль канспіратыўна пахаваць ягоныя рэшткі на яго малой радзіме ў Воўчыне. Калі ў 1980-я гады зноў узгадалі пра манарха і вырашылі на гэты раз урачыста прывезці яго ў Польшчу, аказалася, што Воўчынскі склеп спустошаны. Археалагічная экспедыцыя на месцы пахавання выявіла толькі фрагменты адзення і абутку караля, а таксама часткі каранацыйнага плашча. Гэтыя рэшткі і былі перададзены Польшчы ў 1988 годзе. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў перапахаваны ў 1995 годзе, у крыпце сабора святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве.

Саркафаг з прахам Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў крыпце катэдральнай базылікі св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве — месцы каранацыі апошняга караля Рэчы Паспалітай

Саркафаг з прахам Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў крыпце катэдральнай базылікі св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве — месцы каранацыі апошняга караля Рэчы Паспалітай