Не ўсё так адназначна. Што думалі пра падзел Рэчы Паспалітай яе сучаснікі?
25 лістапада 1795 года Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона Рэчы Паспалітай на карысць расійскай імператрыцы. Калі ведаць, якім было ХІХ стагоддзе для нашых зямель, то падзелы падаюцца адназначна адмоўнымі. Але ў сучаснікаў падзей было і іншае меркаванне.
Здавалася б, няўжо на знікненне сваёй дзяржавы з палітычнай карты Еўропы можна глядзець неяк інакш, чым негатыўна? Гэта цяпер, праз больш чым два стагоддзі бачна, што прынеслі падзелы — русіфікацыя, змена ідэнтычнасці і культурных кодаў, хвалі рэпрэсій пасля паўстанняў… Але ў часы саміх падзелаў — і першага, і другога, і трэцяга — і ў першыя дзесяцігоддзі пасля іх меркаванні наконт таго, што адбывалася, былі розныя. І паводзілі людзі сябе таксама па-рознаму. У дзень, калі апошні наш манарх кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад стальца Рэчы Паспалітай на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны II, дадзім слова сучаснікам, каб разабрацца: ці сапраўды было не ўсё так адназначна?
Што думаў кароль паміж падзеламі?
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём у самы неспрыяльны час — час краху дзяржавы. Яго ў гісторыі ацэньваюць па-рознаму і часта кідаюцца ў крайнасці. На тое ён і апошні кароль суверэннай Рэчы Паспалітай. Кароль-закладнік… Абставін, знешняй палітыкі, унутранай неразбярыхі.
Першы падзел яго дзяржавы адбыўся яшчэ ў 1772-м, у 1773-м Варшаўскі сойм і чын Тадэвуша Рэйтана паказаў, што з падзеламі не ўсё так проста: гэта — акупацыя! Здавалася б, з першага падзелу трэба вынесці добры ўрок, ачомацца і дзейнічаць, каб уратаваць тое, што ёсць, а па магчымасці вярнуць і страчанае. Нібыта і зразумелі, у краіне пачаліся рашучыя рэформы. Але адной рашучасці было мала, тут важна іншае. Напрыклад, палітычная пазіцыя таго ж караля. Што ж, слова Панятоўскаму.
За вокнамі восень 1788-га, у сойме жыва абмяркоўваецца альянс паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай імперыяй. У залі прысутнічаюць прадстаўнікі як і прыхільнікаў саюза з усходнім суседам, так і непрымірымыя праціўнікі. Перад прысутнымі выступае кароль, які кажа:
«Я ўпэўнены і ў вышэйшай ступені адказна заяўляю, што няма такой дзяржавы, інтарэсы якой меней супярэчылі б нашым інтарэсам, чым Расія. Я нагадваю свайму народу, што менавіта Расіі мы абавязаныя аднаўленнем часткі нашай краіны, якая ў нас была аднятая. З гледзішча гандлёвых адносін Расія дае нам самыя выгадныя перспектывы».
Прысутны пры гэтай прамове Міхал Клеафас Агінскі занатаваў: «Гэты выступ быў сустрэты апладысментамі прыхільнікаў Расіі, а магчыма, і некаторымі іншымі, хто не адносіўся да яе прыхільнікаў, бачыў справу так, як і кароль. Прамова выклікала супярэчлівыя пачуцці…».
А літаральна праз шэсць год Расія, якая, на думку Панятоўскага, не супярэчыць інтарэсам Рэчы Паспалітай, здзейсніць чарговы крок па яе знішчэнню, а яшчэ праз адзін — канчаткова сцярэ з карты рэшткі дзяржавы. Сам жа Панятоўскі будзе дажываць свой век у Пецярбуогу нібы ў ролі закладніка ці палоннага ў «залатой клетцы». Усё ж не ў мурах Петра-Паўлаўскай крэпасці жыў экс-кароль, а ў годным палацы.
Агінскі піша пра рэпрэсіі і едзе за мяжу
Відавочцам і, можна так сказаць, удзельнікам падзей апошніх падзелаў быў Міхал Клеафас Агінскі. У той час ён са зброяй у руках змагаўся на баку касцюшкаўскіх паўстанцаў у складзе аднаго з вайсковых фарміраванняў, створаных на свае ўласныя сродкі. Калі паўстанне пацярпела паражэнне, Агінскі мусіў падацца за мяжу.
Што адбывалася ў гэты час на радзіме — Міхал Клеафас красамоўна апісвае ў сваіх мемуарах: «Цяпер імператрыца Расіі, аднавіўшы сваё панаванне ў Рэчы Паспалітай, суцяшалася тым, што загадала зняволіць у Пецярбургскіх турмах і выслаць у Сібір усіх, хто аказаўся ў руках рускіх і выклікаў хоць якое падазрэнне».
У гэтай сітуацыі Агінскі не здаецца і дзейнічае. Спачатку выпраўляецца ў Венецыю, потым шлях яго вядзе ў Канстанцінопаль, дзе ён намагаецца паўплываць на міжнародных палітыкаў развязаць вайну з Расійскай імперыяй і дапамагчы аднавіць Рэч Паспалітую… Фактычна з 1795-га па 1802-гі Агінскі пры еўрапейскіх дварах бесперапынна вядзе дыпламатычную працу ў пошуках саюзнікаў, якія б дапамаглі аднавіць дзяржаву. Тады шмат суайчыннікаў Агінскага аказалася за мяжой, натуральна, адбываліся ўнутраныя спрэчкі і расколы ў колах эміграцыі. Гэта не спрыяла падтрымцы ад замежных дзяржаў, але і глабальна — нікому не было спраў да лёсу Рэчы Паспалітай.
Служба ці маёнткі: складаны выбар Чартарыйскіх
У віры падзей 1790-х аказаўся знакаміты палітык, тады яшчэ зусім малады князь Адам Чартарыйскі. Што праўда, яго лёс склаўся інакш, чым лёс Агінскага, хоць шляхі іх перагукваліся шмат у чым.
У 1790-я пачыналася кар’ера 20-гадовага магната. У 1793-м годзе князь Адам выправіўся ў Англію, дзе па даручэнні ўрада завязаў шматлікія і важныя сувязі з грамадскімі дзеячамі. Заставаўся там Чартарыйскі і ў 1794-м, калі пачалося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Атрымаўшы звесткі аб гэтым паўстанні, ён адразу ж пакінуў Англію і паспяшаўся на радзіму, каб далучыцца да барацьбы.
Па дарозе, пры пераездзе праз Брусэль, ён быў арыштаваны і затрыманы па распараджэнні аўстрыйскага ўрада. Тым часам паўстанне было падаўленае, Рэч Паспалітую падзялілі канчаткова… Князь Адам аказаўся ў Вене разам са сваімі бацькамі, дзе праз аўстрыйскага імператара Франца пачаліся перамовы з Кацярынай ІІ аб адмене канфіскацыі шматлікіх маёнткаў Чартарыйскіх.
Расійская імператрыца высунула ўмовы, нават патрабаванні: паступіць на рускую службу маладым князям Адаму і Канстанціну Чартарыйскім і пераехаць ім у Пецярбург. Сям’я доўга вагалася і абмяркоўвала сітуацыю, трэба было рабіць складаны выбар. Урэшце, рашэннем было прыняць умовы імператрыцы.
Што гэта, здрада? Анягож! Міне час і ў паўстанні 1830-га Адам Чартарыйскі яшчэ ўзначаліць Нацыянальны ўрад. З 1831-га акажацца на эміграцыі, яго парыжская рэзідэнцыя («Атэль Ламбер»), стане цэнтрам канспіратыўнай дзейнасці кансерватыўна-манархічнай плыні палітычнай эміграцыі. А для імперыі ён будзе ўвасабленнем ворагаў і паўстанцаў, яго будуць паліваць брудам… За ўдзел у паўстанні будзе пазбаўлены княжацкага тытула і дваранскай годнасці ў Расійскай імперыі. Нібыта гэта на нешта паўплывала.
Падзелы, канешне, катастрофа, але добра, што так склалася
У другое дзесяцігоддзе ХІХ стагоддзя падзелы Рэчы Паспалітай сапраўды пераасэнсоўваліся і на іх глядзелі з розных пазіцый. Асабліва інтэлектуалы свайго часу. Красамоўная і паказальная ў гэтым пытанні пазіцыя Казіміра Кантрыма.
Кантрым, як і многія, быў паўстанцам Касцюшкі, але яго мінуў лёс сібірскай катаргі. З 1795-га ён асеў у Вільні, працаваў у розных установах, а з 1803-га — у Віленскім універсітэце, дзе займаўся справамі моладзі i пытаннямі навучальнага працэсу. За Кантрымам замацаваўся вобраз знакамітага віленскага кніжніка, бо ён быў памочнікам у Г. Гродэка, які загадваў універсітэцкай бібліятэкай. Там займаўся ўпарадкаваннем i апрацоўкай бібліятэчных збораў, складаў каталогі, вёў улік літаратуры, якая паступала i была ў карыстанні. Карацей, Казімір Кантрым — тыповы інтэлектуал свайго часу, чалавек кніжнай культуры.
Калі меркаваць па яго лістах 1808-га года, Кантрым абсалютна шчыра лічыць уваход зямель Рэчы Паспалітай у склад Расіі хутчэй дабром. І лепшым, што магло адбыцца з краінай у выніку інтэлектуальных наступстваў гэтай геапалітычнай катастрофы. Іншымі словамі, для палітыкі — гэта кепска, але для культуры — добра. Кантрым лічыў, што той стан, у якім знаходзілася культура Рэчы Паспалітай, гэта стан занядбання: «У XVI стагоддзі у нас непараўнальна больш было пісьменнікаў і аўтараў, чым сёння, нават без параўнання, бо знаходзіліся мы ў лепшым становішчы. Расія, якая сёння стаіць на найвышэйшай прыступцы славы і магутнасці, з’яўляецца дзяржавай, найбольш добразычлівай да навук». І з гэтага вынікае: добра, што мы далучыліся да дзяржавы з такой культурай.
Падобная пазіцыя тлумачыцца тым, што расійскі імператар Аляксандр І у той час праводзіў досыць ліберальную палітыку адносна зямель былой Рэчы Паспалітай. А ў параўнанні з яго бабкай Кацярынай ІІ і братам Мікалаем І, то часы Аляксандра І — разгул свабоды. Наогул, пры гэтым імператары Расія сапраўды давала спадзеў на культурнае развіццё, асвету, свабоду…
Але пазіцыя Кантрыма хутка зменіцца. У 1824-м у сувязі з судовым працэсам над філаматамі яго звольняць з універсітэта і вышлюць з Вільні. А калі пачнецца лістападаўскае паўстанне 70-гадовы кніжнік да яго абавязкова далучыцца. І не простым інсургентам, а міністрам пры Цэнтральным нацыянальным урадзе. Ігнат Дамейка, які сустрэў Кантрыма ў шыхтах паўстанцаў так яго характарызаваў: «Упарты і палкі стары дэмакрат. Ён скардзіўся на генералаў, на каронных афіцэраў і жаўнераў, якія пагарджалі маладымі паўстанцамі, нападаў і на паноў, і на шляхту за тое, што ім не стае энтузіязму, узнёсласці, запалу».
Такім быў паўстанец Кантрым, які спачатку падаваўся лаялістам.
Падзелы Рэчы Паспалітай — гістарычная непазбежнасць
Былі і сапраўдныя лаялісты. Яскравы прыклад — Фадзей Булгарын. Але не будзем спяшацца і навешваць адразу ярлыкоў. Звернемся да яго жыцця, дадзім яму слова і ўзважым пазіцыю.
Калі Рэчы Паспалітай як дзяржавы ўжо не існавала, Булгарыну было толькі 6 годзікаў… Ва ўзросце 9-ці яго вязуць у Пецярбург і аддаюць у кадэцкі корпус. Канешне, вайсковая адукацыя імперыі зрабіла сваю справу і паўплывала на светапогляд юнака. Хоць ён і быў наравісты, і нават казаў: «Калі выйду з корпуса, то перайду да сваіх і буду рэзаць рускіх», за што быў моцна збіты таварышамі. Булгарын нават паспеў паваяваць супраць імперыі на баку Напалеона. Але потым жыццё склалася зусім інакш. У 1814-м годзе патрапіў у палон да прусакоў. Пасля абмену палоннымі пасяліўся ў Вільні, а ўжо ў 1819-м годзе Булгарын пераехаў у Пецярбург, дзе пачаў выдаваць вершы, нарысы і ўспаміны. Урэшце, Фадзей Булгарын зрабіў неблагую літаратурную кар’еру, стаў знакамітым у Расійскай імперыі. У многім гэта атрымалася праз збег абставін: выхаванне ў кадэцкім корпусе, служба ў Напалеона, вечнае падазрэнне і недавер. Трэбы было жыць.
На падзелы і знікненне Рэчы Паспалітай Булгарын глядзеў з пазіцый гістарычнай непазбежнасці. У сваіх успамінах ён пісаў:
«Не желаю никого оскорбить в моих воспоминаниях, особенно не намерен задевать народного самолюбия; но надобно быть более нежели несправедливым, надобно быть лжецом, чтоб не сознаться в том, что в течение всего XVIII века, когда все Европейские государства возвышались и совершенствовались, Польша беспрерывно склонялась к упадку, т. е. лежала на смертном одре и в пароксизмах ожидала смерти. Если никто не решился взять Польшу, то единственно из уважения к памяти Вестфальского мира, обеспечившего равновесие в Европе, и из опасения общего замешательства в Европе, как-то было в Семилетнюю войну».
А вось прычыны, па якіх Рэч Паспалітая знікла з палітычнага поля, Булгарыну бачыліся наступныя. Па-першае, у яго ва ўсім былі вінаватыя… езуіты! «Иезуиты систематически истребляли истинное просвещение, и помрачали даже здравый рассудок» — піша ён.
А другая прычына — слабая ўлада выбарных каралёў і п’янства, якое жорстка запанавала паміж шляхтай: «Венгрия все свое вино продавала в Польше. За пшеницу, лен и пеньку, продаваемые в Данциге, Риге и Мемеле, помещики покупали почти исключительно пряности и крепкие виноградные вина. Псовая охота, карточная игра, попойки и рыцарские упражнения, т. е. гарцевание на конях и поединки составляли обыкновенное препровождение времени».
Прыкметна, што ў працэсах знікнення Рэчы Паспалітай ён не заўважае «рукі Расіі», нібыта ніякіх уплываў ні ў XVII ні ў XVIII стагоддзях і не было. Напрыклад, ён наракае на тое, што Рэч Паспалітая не была здольная сабраць войска, але зусім выпадае з яго поля зроку факт: на «нямым сойме» 1717-га пад ціскам Пятра І дзяржава ўразала сваё войска і наогул, сойм зацвердзіў пратэкцыю рускага цара над Рэччу Паспалітай.
Нельга сказаць, што Булгарын не любіў сваю гістарычную радзіму ці быў праціўнікам Рэчы Паспалітай, ворагам яе. Не, гэта не пра яго. Але імперская свядомасць у ім пасялілася і замацавалася трывала.
***
На падзелы Рэчы Паспалітай добра глядзець з вышыні ХХІ стагоддзя, бо вядома, што было далей. Але як было людзям у той час, калі гэтыя падзеі разгортваліся на вачах і трэба рабіць выбар? Гісторыі і прыклады людзей таго часу яшчэ раз пацвярджаюць: выбар у чалавека ёсць заўжды. А які ён — час пакажа, гісторыя рассудзіць.