Міф пра братэрства
Днямі былы пасол Расіі ў Беларусі спадар Мезенцаў заклапаціўся гісторыяй нашай краіны. На сустрэчы з Уладзімірам Макеем ён выказаўся, што ў гэтым годзе «адзначаецца 250 гадоў уваходжання беларускіх губерняў у склад Расійскай імперыі». Маўляў, гэта значная дата ў гісторыі нашых народаў і прынесла ім толькі дабро. А ці так усё было на самай справе?
Пачатак бяды
У канцы XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая аказалася ў даволі цяжкім палітычным крызісе. Няспынная барацьба паміж магнатамі за ўладу, злоўжыванне правам liberum veto, калі адзін шляхціц мог заблакаваць рашэнне ўсяго Сойму, стварэнне шматлікіх канфедэрацый, часта варагуючых між сабой, і звароты розных груповак за дапамогай да суседніх краін, паступова руйнавалі краіну.
Суседнія дзяржавы даўно шукалі падставу, каб далучыць тэрыторыі слабеючай Рэчы Паспалітай. Для гэтага было вырашана выкарыстаць так званых «дысідэнтаў» — шляхту некаталіцкага веравызнання. Насамрэч гэта была толькі нагода, бо адсотак некаталікоў сярод шляхты быў на той момант проста мізэрны. Пад ціскам Расіі Вальны Сойм у 1768 годзе прыняў рашэнне аб ураўнанні правоў дысідэнтаў і каталікоў. У адказ каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю і пачала барацьбу супраць Расіі і яе стаўленіка, караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паўстанне было падаўлена рускімі войскамі. Але дзеянні Барскай канфедэрацыі стварылі ў Рэчы Паспалітай абстаноўку грамадзянскай вайны — што і патрабавалася захопнікам. Звонку стваралася ілюзія, быццам краіна ўжо проста не можа існаваць самастойна.
19 лютага 1772 года ў Вене паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй была падпісана сакрэтная дамова аб падзеле Рэчы Паспалітай. У пачатку жніўня арміі гэтых трох дзяржаў гвалтоўна ўвайшлі на тэрыторыю краіны. Аб’яўленне маніфесту аб падзеле дзяржавы адбылося 5 жніўня 1772 года. Аднак падзел, які адбыўся па факце, патрабаваў яшчэ і юрыдычнага замацавання: манархі краін-акупантаў жадалі, каб Рэч Паспалітая прызнала страту значнай часткі сваёй тэрыторыі. 30 верасня 1773 гэта рашэнне ратыфікаваў скліканы ў Варшаве Сойм. Супраць выказаліся толькі тры чалавекі. Гэта былі паслы ад Вялікага княства: Самуэль Корсак, Станіслаў Багушэвіч і Тадэвуш Рэйтан. Апошні ўвайшоў у гісторыю тым, што, намагаючыся не выпусціць з залі пасяджэнняў дэпутатаў-здраднікаў, лёг крыжам перад выхадам са словамі: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!» На жаль, адчайная барацьба нешматлікай апазіцыі была асуджаная на правал, хоць іх пазіцыя засталася да канца непахіснай. Пад узрослым ціскам акупантаў акт усё ж такі быў падпісаны.
Кабала для сялян
Але яшчэ ў верасні 1772 года, да афіцыйнага падзелу, быў выдадзены маніфест Кацярыны II, у якім далучаныя землі ВКЛ аб'яўляліся «здаўна законнай і бясспрэчнай» спадчыннай уласнасцю Расійскай дзяржавы. Усходнія землі Беларусі ўвайшлі ў склад так званых «беларускіх» губерніяў, заходняя частка краіны — ужо ў выніку наступных падзелаў — у склад «літоўскіх».
Пры ўсіх сваіх заганах Рэч Паспалітая ў другой палове XVIII стагоддзя была шляхецкай рэспублікай, дзе дастаткова хуткімі тэмпамі развіваўся капіталістычны ўклад. У Расіі ж у гэты час дасягнула вяршыні сваёй моцы абсалютысцкая манархія. У такіх сістэмах меркаванне асобы не мела ніякага значэння. У гэткай дзяржаве аказаліся нашыя продкі.
Не маючы дастатковых рэсурсаў для кантролю над акупаванай тэрыторыяй, расійскія ўлады спачатку не чапалі мясцовую шляхту, даволі спакойна ставіліся да каталікоў. Зусім іншая сітуацыя была з уніятамі-беларусамі. На канец XVIII стагоддзя тры чвэрці насельніцтва Беларусі былі ўніятамі. Па ўказу Кацярыны ІІ да 1795 года былі закрытыя ўсе ўніяцкія епархіі, вернікаў гвалтоўна пераводзілі ў праваслаўе. У адказ беларусы пачалі масава пераходзіць у каталіцтва. Так у адной толькі Мінскай губерні гэта зрабілі ў 1795 годзе каля 200 тысяч вернікаў. Але гэта датычылася толькі ўніятаў, якія адмаўляліся пераходзіць пад апеку маскоўскай царквы. За пераход з праваслаў’я была ўведзена крымінальная адказнасць.
Рэпрэсіі закранулі не толькі рэлігійную сферу. У краі ўводзіліся расійскія законы, значна больш жорсткія ў параўнанні з законамі ВКЛ. Значна пагоршыўся і эканамічны стан беларусаў. Кацярына раздала беларускія вёскі расійскім памешчыкам, якія няшчадна эксплуатавалі мясцовых сялян. У адрозненне ад расійскіх губерній, падаткі тут збіралі не папяровымі асігнацыямі, а манетай. Такім чынам нашы продкі былі вымушаны плаціць амаль у пяць разоў больш, чым жыхары, напрыклад, Арлоўскай губерніі. Замест падымнага падатку, які налічваўся з участку зямлі, расійскія ўлады ўвялі падушны (з кожнай фізічнай асобы). Моцна ўзрос аб'ём паншчыны. У выніку эканамічнае становішча сялян стала амаль невыносным. Не кажучы ўжо аб увядзенні на Беларусі рэкрутчыны і расійскага прыгоннага права, шмат больш цяжкага ў параўнанні з формамі эксплуатацыі сялян у Рэчы Паспалітай. Так, памешчыкі атрымалі права прадаваць сялян без зямлі, як скаціну. У ВКЛ гэта было забаронена.
Фактычна, беларуская вёска трапіла ў рабства. З гэтым згаджаліся нават расійскія дарэвалюцыйныя навукоўцы. Вось што пра гэта пісаў расійскі гісторык Пётр Шчабальскі (1810-1886) у сваёй кнізе «Апавяданні пра Заходнюю Русь»: «Прыгоннае права распаўсюдзілася на такія часткі Расіі, дзе яго перад тым ніколі не існавала, — на Беларусь і Маларосію. Пазбаўленне волі некалькіх мільёнаў чалавек і аддача іх у няволю без усякай віны было справай сапраўды жахлівай».
Бяспраўе гараджан
Не толькі сяляне аказаліся ў цяжкім становішчы. Моцна пагоршыўся статус мяшчан. Насельніцтва беларускіх гарадоў ужо шмат часу карысталася вольнасцю, якую надавала гарадам Магдэбургскае права. Расійскі царызм не змог змірыцца з такой сітуацыяй. Магдэбургскаму праву абвясцілі вайну. Яго адбіралі паступова. Спачатку яго адмянілі на ўсходзе Беларусі, затым надышла чарга заходніх губерній.
Яшчэ менш пашанцавала жыхарам шматлікіх мястэчак былога Вялікага княства. Створаныя часта вакол кірмашоў, яны былі населеныя рамеснікамі і купцамі, людзьмі, якія даўно ўжо прызвычаіліся да асабістай эканамічнай свабоды. Палова з тагачасных беларускіх мястэчак таксама мелі Магдэбургскае права. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, яны гэта заслужылі. Але тут зноў паказала сябе вечная расійская прага да абсалютнага кантролю. Пры царскай уладзе шмат якія мястэчкі аб’яўліся наўпрост вёскамі, а іх жыхары — прыгоннымі сялянамі. Добра вядома, што вялікаю частку насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак складалі габрэі. Іх царскія ўлады ўвогуле амаль не лічылі за людзей, правёўшы для іх сумнавядомую «мяжу аседласці» і прымусіўшы плаціць падаткі ўдвая вышэйшыя чым для хрысціян.
Знішчэнне шляхты
Разабраўшыся з «прасталюдзінамі» царскі ўрад звярнуў, нарэшце, увагу на шляхту. Яна складала не менш за 10% насельніцтва краіны. Лаяльнае стаўленне, якое мела месца спачатку, пасля шэрагу паўстанняў, змянілася на жорсткія рэпрэсіі. Але барацьба не спынялася. Ужо ў 1796 годзе ўзнікае «Віленская асацыяцыя», якая распрацавала ў 1797 года дакумент — «Акт віленскага паўстання», у якім ставілася мэта аднаўлення Рэчы Паспалітай на аснове канстытуцыі 3 мая 1791 года. Яна мела свае аддзяленні ў Брэсце, Кобрыне. Гродна, Мінску і іншых гарадах. Чальцы гэтай арганізацыі былі арыштаваны, асуджаныя, пазбаўлены шляхецкага звання і адпраўлены ў Сібір. Частка ўдзельнікаў была арыштавана, частка эмігравала.
Шырока вядома дзейнасць таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Пачынаючы як культурна-асветніцкія аб’яднанні, яны, бачачы ўсё большы ціск з боку рэпрэсіўнай машыны царызму, хутка звярнуліся да ідэяў барацьбы за аднаўленне незалежнасці сваёй Бацькаўшчыны. Царскі рэжым разграміў іх у 1823 годзе. На лаве падсудных апынуліся больш за 100 чалавек. Гэта быў найбуйнейшы палітычны працэс у Еўропе таго часу.
Пасля паўстання 1830-31 гадоў царызм увогуле скінуў усе маскі, правёўшы так званы «Разбор шляхты», калі дробнаўласныя шляхцічы пераводзіліся ў стан звычайных сялян.
Як мы бачым, на працягу XVIII-XIX стагоддзяў на тэрыторыі нашай краіны не было напэўна аніводнага сацыяльнага слоя, які б не пацярпеў ад маскоўскай палітыкі. Цяжка зразумець, дзе там спадар былы пасол збіраецца адшукаць братэрства. Беларусы заключалі Унію з Польшчай у 1569 годзе, але ніколі не заключалі саюзаў з Расіяй. Наша зямля была гвалтоўна далучана ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай.
Расійцы ўвогуле дужа любяць тэзіс, што іх дзяржава ніколі нікога не захоплівала. Але вось цікава, як ім такім чынам удалося стварыць самую буйную імперыю ў Еўропе? Напэўна, аднымі ўгаворамі.
Жахлівая крывадушнасць, непрыкрытая агрэсія, карыкатурная спроба апраўдаць акупацыю земляў, якія ніколі не належалі Маскве, становяцца нормай расійскай палітыкі. Хаця, чаму становяцца?