Макей і Лаўроў зацікавіліся ўдзелам беларусаў у вайне 1812 года
Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў зацікавіліся ўдзелам беларускіх палкоў у вайне 1812 года. Міністры замежных спраў Беларусі і Расіі звярнуліся ў пастаянны камітэт «саюзнай дзяржавы» РБ і РФ з просьбай паўдзельнічаць разам з архівістамі ў вывучэнні тэмы.
Пра гэта паведаміў дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы», былы расійскі пасол у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, перадае Еўрарадыё.
Мезенцаў падкрэсліў, што шэсць беларускіх палкоў рускай арміі «абаранялі адзіную айчыну» — Расійскую імперыю. Тую вайну ў Расіі лічаць айчыннай. Для Беларусі ж усё не так адназначна, паколькі беларускія палкі ваявалі і на баку Напалеона. Пра іх Макей, Лаўроў і Мезенцаў не згадваюць.
Затое апошні прыгадаў, што сёлета «адзначаецца 250 гадоў уваходжання беларускіх губерняў у склад Расійскай імперыі», паведамляе ТАСС. Няўжо ён лічыць, што для беларусаў гэта пазітыўная дата?
У 2019-м Лукашэнка неяк заявіў, што і вайна 1812 года, і сусветныя войны ХХ стагоддзя — «не нашыя войны». Гэта абурыла тагачаснага расійскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева.