Адам Панінскі: лёс чалавека, які спрычыніўся да падзелу Рэчы Паспалітай

25 лістапада 1795 года кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона. Так з палітычнай карты Еўропы фармальна знікла дзяржава Рэч Паспалітая. Але пачыналася ўсё ў 1770-я. За кожным падзелам стаялі канкрэтныя асобы.

Адам Панінскі з карціны Яна Матэйкі

Адам Панінскі з карціны Яна Матэйкі

Бадай, самай знакамітай мастацкай выявай, якая адлюстроўвае трагічныя падзеі падзелу нашай дзяржавы ў XVIII стагоддзі — Рэчы Паспалітай абодвух народаў — з’яўляецца твор пэндзля Яна Матэйкі. На ім у алегарычнай манеры ўвасоблены трагізм падзей часоў першага падзелу і чын адчайнага змагання нашага земляка — пасла з Наваградчыны Тадэвуша Рэйтана супраць непазбежнага. На палотнішчы даўжынёй у 4 метры добра вылучаюцца дзве постаці: расхрыстаны Рэйтан і яго відавочны антыпод — рашучы пан у чырвоным камзоле. Гэта маршалак сойму Адам Панінскі.
Калі пра герояў збольшага вядома добра, то пра тых, хто ім супрацьстаяў, вядома нашмат меней. Асабліва пра іх лёс, пасля кульмінацыі падзей. Але ж лёс тых, хто здраджвае радзіме, а чын Панінскага інакш не назавеш, — вельмі павучальны. Як і павучальны прысуд ад пані Гісторыі.

Некалькі слоў да палітычнай біяграфіі

Біяграфічныя штрыхі Адама Панінскага, які нарадзіўся ў 1732 годзе, досыць тыповыя. Сям’я належала да старадаўняга шляхецкага роду герба «Лодзя», яго бацька — трымаў розныя земскія пасады, Адам атрымаў добрую адукацыю. Значны крок па палітычнай кар’ернай лесвіцы Панінскі зрабіў у 28 год, калі ў 1760 годзе шляхта Раўскага ваяводства (частка Мазовіі) яго абрала сваім паслом на сойм.
Далей Панінскі робіць імклівую кар’еру: у 1764 годзе яго абіраюць маршалкам Вялікапольскага генеральнага сойміку. У той жа год ён вызначаецца і са сваёй палітычнай прыхільнасцю. Як пасол на сойм ад Пазнаньскага ваяводства Панінскі падпісаў маніфест, які заклікаў войскі Расійскай імперый увайсці ў межы Рэчы Паспалітай. Рабілася гэта, каб абараніць сойм, на якім паслы павінны былі абраць на манаршы прастол стаўленіка расійскай імператрыцы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Урэшце, элекцыя прайшла паспяхова і шляхта абрала Панятоўскага каралём. Мабыць, тады ніхто і не думаў, што апошнім…
Падчас панавання Панятоўскага Адам Панінскі ўваходзіў у кола гэтак званай «гетманскай партыі», то бок — прыхільнікаў кароннага гетмана Яна Браніцкага, вакол якога гуртавалася апазіцыя каралю. У 1767 годзе Панінскі ўваходзіць у кола арганізатараў Радамскай канфедэрацыі — аб’яднання шляхты і магнатаў, якое было створанае пад апекай пасла Расійскай імперыі для абароны ранейшага ладу Рэчы Паспалітай. «Радамцы» супрацьстаялі імкненням да рэформаў.
Фактычна, адказам на Радамскую канфедэрацыю і ўмяшальніцтва Расійскай імперыі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай стала Барская канфедэрацыя 1768 года і грамадзянская вайна. А там — і першы падзел Рэчы Паспалітай, які праславіў Панінскага.

Варшаўскі сойм 1773-га

Першы падзел Рэчы Паспалітай паміж суседнімі імперыямі адбыўся ў 1772 годзе. XVIII стагоддзе — ужо не эпоха варварскага захопу зямель асобнымі феадаламі. Усё ж, на двары Асветніцтва. Любыя змены на палітычнай карце трэба было абгрунтаваць і прыгожа прадставіць грамадскасці. Аўстрыі, Прусіі і Расіі трэба было даць адэкватны адказ: чаму вялікія абшары Рэчы Паспалітай з гарадамі і насельніцтвам перайшлі да іх?
 Дзеляс гэтага ў кастрычніку 1772 года пад ціскам паслоў кароль Панятоўскі склікае надзвычайны сойм, які павінен быў афіцыйна зацвердзіць падзел Рэчы Паслітай. Маўляў, яна не супраць падзяліцца землямі з суседзямі. Спачатку патрыятычна настроены сенат адмовіўся прызнаць падзел і «перадаць» захопленыя землі. Паслы імперый пачалі дзейнічаць інакш, праз сваіх людзей.
Пасол расійскай імператрыцы фон Штакельберг абзаводзіцца падтрымкай Адама Панінскага. Ён добра разумеў, што замежныя дзяржавы маюць пільную патрэбу ва ўплывовым чалавеку, які пагадзіўся б правесці на сойме ўсе патрэбныя рашэнні. Так Панінскі заручыўся падтрымкай замежных паслоў, а ў якасці прыемнага бонусу — 1 200 дукатаў з касы амбасад і 2 400 дукатаў штогадовага жалавання. У такі кошт у 1773-м была ацэненая здрада.
У красавіку ў Варшаву з усіх куткоў Кароны і Літвы пацягнуліся паслы на сойм, каб прыняць лёсавызначальнае рашэнне. Панінскі пачаў дзейнічаць. На свой бок ён перацягнуў большасць паслоў і ўгаварыў іх устроіць канфедэрацыю. Гэта трэба было для таго, каб прыняць рашэнне большасцю галасоў.
Праца сойма пачалася 19 красавіка. На ім Адам Панінскі планаваў спакойна абрацца маршалкам сойму і працягнуць працу ў іншым фармаце, прыняць без лішняга шуму і клопату неабходныя рашэнні. Але паслы з Вялікага Княства Літоўскага — Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі сапсавалі планы. Разумеючы, да чаго вядзе Панінскі, паплечнікі з Літвы заклікалі іншых паслоў не дапусціць абрання Панiнскага соймавым маршалкам. На адным з пасяджэнняў Тадэвуш Рэйтан, дамагаючыся ад паслоў такога рашэння і не выпускаючы іх з залы пасяджэнняў, здзейсніў свой знакаміты чын адчайнага змагання…

Пасяджэнне чатырохлетняга сойму

Пасяджэнне чатырохлетняга сойму

Але зараз поспех меў Панінскі. Пад пагрозай уводу войска ў Варшаву да канфедэрацыі далучаецца кароль. Тое ж зрабіла і большасць паслоў, акрамя мужных літвінаў. 24 красавіка кароль і сенатары далучыліся да канфедэрацыі, Панінскі атрымаў «зялёнае святло». Як маршалак, ён узначаліў соймавую дэлегацыю на перамовы з Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй, а 18 верасня гэтае прадстаўніцтва падпісала тры дамовы: Рэч Паспалітая адказвалася ад прэтэнзій на занятыя суседзямі землі.
Што да супраціву Рэйтана і паплечнікаў, то, дзякуючы яму, у свеце ведалі: у Рэчы Паспалітай няма «агульнай згоды» на падзел. Таксама гэты чын пазбавіў канфедэрацыю Панінскага вагі легітымнасці, бо прынцып аднагалоснасці не быў рэалізаваны.  

Ян Матэйка. Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года

Ян Матэйка. Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года

Мост князя Панінскага — люстэрка лёсу

Справа зроблена, падзелы набылі моц. На «галоўнага героя» соймавых падзей Панінскага шчыра паліліся ўзнагароды. У той жа год ён абзавёўся княжацкім тытулам, праз два гады выкупіў пасаду вялікага кароннага падскрабія, яго камзол упрыгожвалі ордэны Белага Арла і Святога Станіслава… Працягваў Панінскі і выгоднае сяброўства з замежнымі пасламі: ён быў адкрытым платным агентам, спрыяў вырашэнню пытанняў, выгодных замежнікам, на досыць высокім кіруючым узроўні. Па падліках, за свае «паслугі» цягам дзесяцігоддзя Панінскі атрымаў 46 тысяч залатых чырвонцаў.
Як чалавек заможны, Адам Панінскі ў 1775 годзе распачаў доўгайграючы фінансавы праект — будаўніцтва ў Варшаве моста праз Віслу. Сэнс праекта ў тым, што Панінскі інвеставаў у будаўніцтва, а ўзамен атрымліваў права цягам 10 год збіраць маставыя аплаты. Кошты былі розныя: 2 грошы з пешахода, 4 грошы мусіў плаціць конны, 20 грошаў бралася з карэты, а з брычкі — ужо 1 злоты. Каб па рацэ прапусціць шляхецкае судна бралася 5 злотых, з купецкіх суднаў — 10 злотых. У ажыўленым сталічным месцы мост — проста залатая жыла!

Мост Адама Панінскага ў Варшаве

Мост Адама Панінскага ў Варшаве

Мост досыць хутка ўзвялі на манер пантоннага, але ўжо ў 1781 і 1786 годзе ён быў моцна пашкоджаны вясеннім ільдом. Але камунікацыю аднаўлялі. Двойчы мост Панінскага гарэў: спачатку ён палаў у 1794 годзе па загадзе Тамаша Ваўжэцкага, які змяніў на пасадзе кіраўніка паўстання паланёнага Касцюшку, а канчаткова быў знішчаны ў 1806 годзе, калі войскі Прусіі і Расіі адступалі перад Напалеонам.
Гэты мост люстэрка лёсу самаго Панінскага: вялікія грошы, пасады, сувязі, тытулы і ўзнагароды — усё гэта можа абарвацца і знікнуць у адзін момант.

Рэйтан — герой, Панінскі — здраднік

Пасля першага падзелу Адам Панінскі яшчэ добра трымаўся на плыву, уваходзіў ва ўплывовыя палітычныя колы. Прычакаў ён і час вялікіх рэформаў. Але ў іх ён бачыў крыніцу ўласнага абагачэння. І гэтаму ёсць простае тлумачэнне: захапленне Панінскага гульнёй у карты спрыяла росту даўгоў з маланкавай хуткасцю.  

Падзел Рэчы Паспалітай

Падзел Рэчы Паспалітай

Як вялікі каронны падскрабі, Панінскі прапаноўваў аддаць езуіцкія маёнткі шляхце. У той час ордэн быў скасаваны, а пытанне яго маёмасці было актуальным. Аднак Панінскаму супраціўляліся. Найперш — літоўскі канцлер Іяхім Храптовіч, які дамагаўся, каб тыя маёнткі заставаліся адукацыйным фондам. Гэта была апошняя авантура Панінскага.
У 1788 годзе ў Рэчы Паспалітай змянілася палітычная кан’юнктура — пачаў працу смелы сойм рэфарматараў, а апекуны Панінскага з усходы былі занятыя вайной з Турцыяй. Здаецца, той рэдкі момант, калі запанавала справядлівасць. На гэтым сойме паслы ўшанавалі памяць тады ўжо спачылага Тадэвуша Рэйтана, а Панінскага прызналі здраднікам.

Тадэвуш Рэйтан

Тадэвуш Рэйтан

Соймавы суд за здраду краю Панінскага пазбавіў тытулаў, маёнтка, пасад і прысудзіў да вечнага выгнання. Ён з’ехаў з Варшавы ў свой маёнтак у Галіцыі, якая была пад уладай Аўстрыі і назваўся там Адам Таўткорт.Прысуд Панінскаму адмяніла ў 1793 годзе Таргавіцкая канфедэрацыя, блізкая яму па здрадніцкаму духу. Панінскаму было дазволена вярнуцца.

На пяры ў лаўрэата Нобеля

З часоў падзелаў мінула стагоддзе. Па землях былой Рэчы Паспалітай пракацілася вайна 1812-га, выбухалі паўстанні, а з імі — рэпрэсіі і хвалі эміграцыі. Шмат што ў гісторыя пакрылася туманам забыцця…
 У 1913 годзе пабачыла свет першая частка трылогіі «1794» пяра будучага лаўрэата Нобеля па літаратуры Уладзіслава Рэймант. Кніга называецца «Апошні сойм Рэчы Паспалітай», яна прысвечана падзеям 1793 года, якія адбываліся ў Горадні. І тут, сярод галоўнай сюжэтнай лініі рамана з’яўляецца… Адам Панінскі!

Новы Замак у Гародне, дзе адбываўся апошні сойм Рэчы Паспалітай

Новы Замак у Гародне, дзе адбываўся апошні сойм Рэчы Паспалітай

Спякотным летнім днём герой рамана шляхціц Зарэмба стаяў на гарадзенскай вуліцы, як з шынка «выкаціўся нейкі аграмадны п’яны мужык і шлёпнуўся на яго усім сваім цяжарам». З такім эфектам старонках рамана з’явіўся эпізадычны герой з далёкага мінулага.
Далей Рэймант так характарызуе знакамітага маршалка: «гэта быў сапраўды той знакаміты князь Адам Панінскі, у свой час самая галоўная і самая подлая асоба ў Рэчы Паспалітай, якога соймавы суд прысудзіў, як ворага айчыны, да пазбаўлення гонару, шляхецтва, тытулаў, фаміліі і чыноў і да пажыццёвага выгнання з краіны. Меркавалася нават правезці яго па вуліцах горад пад гукі труб і аб’явіць здраднікам».

Уладзіслаў Рэймант

Уладзіслаў Рэймант

Апісваючы далей Панінскага, Рэймант не стрымліваецца ў выразах — «мярзотны твар, нібыта запэцканы брудам і подласцю», а гардзенцы, якія пазналі яго, крычалі п’янаму наўздагон: «Падхалім! Злодзей! Здраднік»… Высакародны герой рамана Зарэмба спачувальна глядзіць на тое, як апусціўся гэты чалавек. Вось так праз стагоддзе адгукнуліся ў нашчадкаў учынкі Панінскага. Па-сутнасці, ён чалавек, які жыў у палоне сваёй галоўнай жарсці — жарсці да грошаў. Гэта яго і знішчыла. Варты жалю Адам Панінскі здабыў сабе славу, роўную славе Герастрата, які спаліў храм Артэміды ў сваім родным горадзе. Панінскі ж прычыніўся да знішчэння сваёй краіны, перажыўшы яе ўсяго на 3 гады.