Як Агінскі спрабаваў Вялікае Княства Літоўскае адрадзіць
25 верасня 1765 года на гэты свет прыйшоў чалавек без перабольшання таленавіты і адораны ва ўсім. Міхал Клеафас Агінскі. Калі мы чуем гэта імя, то адразу атаясамліваем яго са знакамітым паланезам. Але Агінскі быў найперш палітыкам, які шчыра намагаўся адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае.

У 1795 годзе ў выніку складаных палітычных камбінацый з геапалітычнай карты свету знікае Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. Яе эліты адразу пачынаюць шукаць спробы адрадзіць сваю родную дзяржаву. Крокі прымаюцца розныя.
Адны шукалі апекі пры дварах еўрапейскіх манархаў і ўрадаў, другія ўскладалі спадзеў на сумесную вайну з Турцыяй супраць Расіі і ўнутранае паўстанне… З першых гадоў ХІХ стагоддзя літвіны і палякі, і тыя, што былі на выгнанні, і тыя, што заставаліся на радзіме, бачылі галоўным сваім збаўцам французскага імператара Напалеона Банапарта. Менавіта з яго асобай і яго Вялікай Арміяй звязвалася надзея на адраджэнне Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага.

Літва і Русь
Вось толькі не ўсе даверыліся амбіцыйнаму карсіканцу. Сярод эліты былі нешматлікія шляхціцы, якія ці то расчараваліся ў Напалеоне, ці то не давяралі яму ад пачатку і шукалі іншыя шляхі адраджэння роднай краіны. Самым яскравым палітыкам гэтай нешматлікай і незразумелай для сучаснікаў групоўкі быў Міхал Клеафас Агінскі.
Ад дэпутата да выгнанца: палітычная кар’ера Агінскага
Канешне, клішэ кампазітара моцна замацавалася за Агінскім. Але ж гэта было толькі яго хобі, прыемнае баўленне часу. Паланез, які ірве душу і кранае да глыбінь, будзе і надалей непарыўна атаясамлівацца з яго аўтарам. Аднак Міхал Агінскі быў найперш палітыкам і дыпламатам, таленавітым і вельмі адукаваным чалавекам. Пра гэта кажа яго палітычная кар’ера, якая сапраўды ўражвае, асабліва па сучасных мерках.
У 20 год Міхал быў абраны паслом на Сойм, у 25 год ён ужо надзвычайны пасол у Галандыі і дыпламат у Лондане, а ў 28 год атрымлівае пасаду вялікага падскарбія літоўскага. А гэта — аналаг сучаснага міністра фінансаў. А потым паўстанне на чале з Тадэвушам Касцюшкам, дзе падскарбій бярэцца за шаблю. Пасля паразы паўстання разам з іншымі інсургентамі 30-гадовы Агінскі пакідае Бацькаўшчыну, беспаспяхова бадзяючыся па розных краінах.
Прысяга расійскаму імператару: няўжо здрада?
Стан эмігранта Агінскага змяніў чарговы палацавы пераварот у Расійскай імперыі, пасля якога на прастол узышоў Аляксандр І.

Аляксандр І
У 1801 годзе Міхал Клеафас вяртаецца і прысягае новаму расійскаму імператару, якія аб’явіў амністыю і вярнуў маёнткі ўсім былым паўстанцам, якія ваявалі пад штандарамі генерала Касцюшкі.
Не будзем спяшацца з ярлыкамі і абвінавачваць Агінскага ў здрадзе. Так, вярнуўся, так, прысягнуў і атрымаў пасаду сенатара Расійскай імперыі, а таксама чын тайнага саветніка… Але ці здрада гэта? Давайце разбірацца.
Агінскі быў адным з нямногіх шляхціцаў, хто не даверыўся Напалеону, хто не бачыў у ім вызваліцеля і не меў ілюзій аб яго дэкларатыўных намерах адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае. Ён бачыў у Банапарце толькі яго імперскія амбіцыі, у якія ніяк не ўпісвалася адроджаная дзяржава літвінаў і палякаў. Як аказалася, Міхал Клеафас меў рацыю, але гэта будзе зразумелым праз дзесяцігоддзі. Ён робіць стаўку на расійскага імператара, які падаецца яму больш ліберальным і адкрытым, чым ваяўнічы француз.

Напалеон Банапарт
Агінскі пачынае дзейнічаць: ён імкнецца адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае іншым шляхам.
Першы крок — скласці план
І вось ужо ў кастрычніку 1811 года Міхал Клеафас перадае імператару Аляксандру І ліст з праектам загаду, які сёння больш вядомы ў гісторыі пад назвай «План Агінскага».
Гэты дакумент — бачанне Агінскім таго, як мусіць быць уладкавана жыццё на землях, якія яшчэ два дзесяцігоддзі таму з’яўляліся суверэннай дзяржавай. І бачанне гэта было досыць смелае, насычанае ідэямі адасаблення і суверэнітэту. План сам невялікі, тэзісы акрэслены досыць лаканічна — усяго 11 невялікіх артыкулаў, але імі Агінскі ахапіў асноўныя сферы ўладкавання жыцця. У плане акрэсліваецца прапанова аб тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, функцыянаванні адміністрацыйнага апарата, аб законах і судах.

Міхал Клеафас Агінскі
Рэвізія Люблінскай уніі
Ужо першы артыкул плана Агінскага, прысвечаны тэрыторыі, можна назваць дзёрзкім. У ім акрэсліваюцца землі, якія прапаноўваюцца ўключыць у склад літоўскай правінцыі.
Акрамя Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў, Міхал Клеафас прапаноўвае лічыць часткай Вялікага Княства Літоўскага губерніі Кіеўскую, Падольскую і Валынскую, а таксама Беластоцкую і Тарнопальскую акругу.
Але ж гэтыя землі былі часткай Кароны Польскай! 1569 год, Люблінская унія. Перад яе заключэннем польская шляхта дабілася таго, каб Жыгімонт Аўгуст выдаў указ аб далучэнні да Кароны Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Сваім планам Агінскі хацеў усталяваць гістарычную справядлівасць, да якой імкнулася літвінская шляхта некалькі стагоддзяў, і адрадзіць межы дзяржавы далюблінскіх часоў.
Хто павінен кіраваць?
Значная частка артыкулаў-прапаноў датычыцца адміністрацыйнага ўладкавання княства. Агінскі прапаноўваў даручыць кіраванне Вялікім Княствам Літоўскім урадніку з тытулам імператарскага намесніка і ўтрымліваць яго за дзяржаўны кошт, а таксама стварыць пры імператары літоўскую канцылярыю на чале з статс-сакратаром. Канцылярыя мусіла непасрэдна займацца кіраваннем спраў княства.
У сваю чаргу ўнутранае кіраванне меркавалася даручыць Адміністрацыйнай радзе пад апекай імператарскага намесніка, у якую б уваходзілі розныя дэпартаменты. Пры гэтым усе сябры рады назначаліся непасрэдна расійскім самадзержцам.
Пакуль карціна досыць сумная, план мала чым адрозніваецца ад звычайнай акупацыі.
Але ж кемлівы Агінскі прадугледзеў лаз. Быў у гэтай схеме адзін істотны момант, вынесены ў асобны артыкул. Усе пасады ў дзяржаўным кіраванні маглі б займаць толькі асобы, народжаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама тыя, хто меў тут уласнасць. Так ствараўся цалкам мясцовы апарат кіравання, нягледзячы на адсутнасць выбарнасці ўраднікаў і іх прызначэнне імператарам.
Закон — толькі Статут!

Статут ВКЛ 1588 года
Важны пункт плана — які закон будзе дзейнічаць на землях Вялікага Княства Літоўскага? Агінскі дае адназначны адказ: літоўскі Статут назаўсёды застаецца грамадзянскім заканадаўствам для княства. Той самы Статут, прыняты ў 1588 годзе, які галоўным чынам рыхтавалі Леў Сапега і Астафей Валовіч.
Таксама ў прапанове адзначаецца, што апошняй інстанцыяй для вырашэння ўсіх грамадзянскіх і крымінальных спраў павінен быць вярхоўны суд у Вільні. Менавіта там, не ў Пецярбургу, а ў адміністрацыйным цэнтры Вялікага Княства. Але пры гэтым права прымянення смяротнага пакарання і памілавання заставалася за самім імператарам.
Не абміналася ў праекце Агінскага і моўнае пытанне. У XIX стагоддзі звыклага нам тэрміну «дзяржаўная мова» яшчэ не існавала, таму ў артыкуле плана згадваецца мова дзяржаўнага справаводства. Паводле Агінскага, такой мовай для Вялікага Княства Літоўскага прапаноўвалася… польская. Менавіта польская ў 1697 годзе была прынята мовай дзяржаўнага справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім, замяніўшы старабеларускую (гэтак званую «рускую») і трывала замацавалася ў колах эліты як асноўная мова дзяржаўных камунікацый.
А яшчэ па-за межамі плана Агінскі імператару Аляксандру І прапаноўваў стварыць асобную літоўскую армію. Але распрацоўку плана арганізацыі войска ён меркаваў перадаць больш дасведчаным у вайсковых справах асобам.
Так выглядаў план Агінскага па далейшым уладкаванні жыцця на землях Вялікага Княства Літоўскага.
План — ёсць, а рэалізацыя?

Міхал Клеафас Агінскі
План смелы, амбіцыйны. Але ж план Агінскага застаўся толькі планам. Чаму так? Пытанне складанае, і адказ дакладны даць тут немагчыма. Ёсць шмат поглядаў на тое, чаму Аляксандр І замарудзіў з выкананнем плана.
Для рэалізацыі плана склаўся неспрыяльны збег абставін. Ён быў распрацаваны ўвосень 1811 года, а ўжо ўлетку наступнага года пачалася вайна з Напалеонам. Баявыя дзеянні, спроба рэваншу Банапарта, Венскі кангрэс з пасляваенным перадзелам Еўропы… А потым ужо было не да таго. Натуральна, што плану Агінскага супрацьстаялі іншыя дарадцы імператара, якія вялі сваю палітычную гульню. У ёй не было месца адроджанаму Вялікаму Княству Літоўскаму з вялікімі самастойнымі паўнамоцтвамі.
Не меншую ролю ў тармажэнні на шляху да рэалізацыі плана адыгрывала і асоба імператара. Па ўспамінах сучаснікаў, у палітычным жыцці Аляксандру І было ўласціва крывадушша. Ён абяцаў Агінскаму прыняць план, дэманстраваў клопат аб Вялікім Княстве Літоўскім. Але толькі на словах. Да спраў так і не дайшло. Аляксандр І завяраў Агінскага ў сваіх сяброўскіх намерах да народу княства, дэклараваў прыхільнае стаўленне да памкненняў шляхты будаваць сваю дзяржаву пад апекай Расіі… Але неўзабаве ў 1820-я, яшчэ пры цараванні Аляксандра І, выбухне справа філаматаў. Па Віленскім універсітэце — культурным і асветніцкім цэнтры Вялікага Княства Літоўскага, пракоціцца хваля рэпрэсій.
Агінскі кідае палітыку

Міхал Клеафас Агінскі
Сам Міхал Клеафас, нібы сляпы, давяраў у справе адраджэння Вялікага Княства Літоўскага расійскаму самадзержцу. Ён на працягу ўсёй кампаніі 1812 года і наступных падзей не пакідаў спадзеву рэалізаваць свой план, імкнуўся да імператарскай аўдыенцыі, каб зноў і зноў весці гэту справу.
Апошнія яго спробы былі ўзімку 1815 года. Больш да гэтай справы ён не вяртаўся. У мемуарах 50-гадовы Агінскі на гэты конт занатаваў: «Мой узрост і хваробы прымушаюць мяне адысці ад спраў, каб знайсці ў самоце радасць адпачынку і супакою ад бурлівага жыцця».
Агінскі вяртаецца ў Залессе, дзе застаецца да 1822 года. А потым досыць раптоўна без сям’і пакідае радзіму назаўсёды і выязджае ў Парыж, а пазней — у Італію. Яго галоўнай справай становіцца літаратурная і музычна-рэдактарская дзейнасць.

Залессе Агінскага
Памірае Агінскі ў Фларэнцыі ў 1833 годзе.
***
Агінскі шчыра верыў, што можна адрадзіць суверэнітэт Вялікага Княства Літоўскага. Можна меркаваць, што яго план — гэта толькі крок да вяртання поўнай незалежнасці. Свае законы, свая армія, свае чыноўнікі…
Хай гэта і было б спачатку пад уладай Расійскай імперыі, у зменлівым свеце гэта магло быць часова (імперыі заставалася жыць менш за стагоддзе, а для стужкі часу — гэта драбяза!) Сапраўды невядома, як бы склаўся лёс нашых зямель, калі б план быў рэалізаваны. Пэўна, Вялікае Княства Літоўскае «ад мора да мора», якім яго запланаваў Агінскі, пайшло б шляхам аўтаномнай Фінляндыі ў складзе імперыі…
Але ж тут ужо зашмат умоўнасцей, якіх гісторыя не прымае.

Магіла Міхала Клеафаса