Забяспечыла свабоду, незалежнасць, дабрабыт: як прымалася легендарная Канстытуцыя 3 мая

3 мая 1791 года быў зроблены важны палітычны крок у гісторыі Рэчы Паспалітай — прынята Канстытуцыя, якая «перазапускала» дзяржаву, каб яе выратаваць. Вакол гэтага акта і па сёння віюцца спрэчкі. Як прымаўся важны дакумент? Аб гэтым пакінуў бліскучыя ўспаміны Міхал Клеафас Агінскі.

Канстытуцыя 3 мая 1791 года

Канстытуцыя 3 мая 1791 года

Калі мы чуем імя Міхала Клеафаса Агінскага, то адразу згадваем яго неўміручы паланэз «Развітанне з Радзімай»… Але ж музыка для Агінскага была ўсяго прыемным баўленнем вольнага часу. Міхал Клеафас — масціты палітык, саноўнік высокага рангу. Аб сваіх палітычных справах у цяжкія і пераломныя гады Рэчы Паспалітай ён пакінуў падрабязныя мемуары, з якіх мы можам даведацца, як вырашаўся лёс нашай дзяржавы.
Ёсць ва ўспамінах і пра легендарную Канстытуцыю 3 мая 1791 года…

21_12_kopiya_9.jpg

Міхал Клеафас Агінскі
Канстытуцыя 3 мая — закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым соймам у Варшаве, які змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай з абмежаванай манархіі на канстытуцыйную манархію. Канстытуцыя давала спадзеў на выхад з палітычнага крызісу: яна назаўсёды скасоўвала такія характэрныя для Рэчы Паспалітай правы, як права liberum veto ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю. Гэта Канстытуцыя была першым у Еўропе і другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША) кадыфікаваным асноўным законам, зафіксаваным пісьмова, дзе прапісаны падзел улады на тры галіны.

Напярэдадні 3 мая: кароль і нацыя яднаюцца

У сваіх мемуарах Міхал Клеафас Агінскі адзначае, што ў сваіх данясеннях пасланнікі, якія былі пры дварах замежных краін, паведамлялі: магчымы новы падзел краіны. Каб выйсці са складанай сітуацыі партыя патрыётаў вырашыла скараціць працу сойма, якая сур’ёзна зацягнулася (пачалася ў 1788 годзе!), рашучым дзеяннем. Дзеяннем, якое не магло б адбыцца без караля, і дзеяннем, якое б магло выратаваць Рэч Паспалітую.
Перад патрыётамі стаяла мэта — аб’яднаць караля і палітычны народ, што дало б магчымасць супрацьстаяць замежнай навале. Гаворка ідзе аб тым, каб на адным пасяджэнні прыняць цалкам праект Канстытуцыі, якая б «перазапускала» дзяржаву і рэфармавала палітычнае ўстройства. Каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму гэта думка спадабалася, ён адчуў сваю важнасць і аказаны яму гонар. Камісія, якая распрацавала праект Канстытуцыі (прадстаўнікі «Патрыятычнай партыі» на чале з маршалкам сойма Станіславам Малахоўскім, Ігнацы Патоцкім, Гугам Калантаем і Адамам Казімірам Чартарыйскім), прадставіла яго каралю. Ён пазнаёміўся з ім, не зрабіў ніякіх правак і пакінуў за сабой права прадставіць праект закона на пасяджэнні сойма.

Станіслаў Малахоўскі, Ігнацы Патоцкі, Гуга Калантай, Адам Казімір Чартарыйскі

Станіслаў Малахоўскі, Ігнацы Патоцкі, Гуга Калантай, Адам Казімір Чартарыйскі

Напярэдадні памятнага дня патрыёты ўвечары сабраліся ў палацы Радзівілаў, каб праслухаць яшчэ раз чытанне канстытуцыйнага акта. Ён быў сустрэты агульнымі авацыямі! Усеагульную згоду не парушыў нічый супраціў, хоць сярод слухачоў, якія спецыяльна не адбіраліся, было шмат прыхільнікаў Расіі.

Палац Радзівілаў у Варшаве

Палац Радзівілаў у Варшаве

Пасля гэтага ўдзельнікі сойма явіліся да маршалка Малахоўскага і частку ночы прысвяцілі збору подпісаў пад актам. Агінскі піша: «Заставалася чакаць, у супакоі і радасці сэрца, але з нецярпеннем, надыходу таго вялікага дня, які павінен забяспечыць нацыі свабоду, незалежнасць, росквіт».

Рэчы Паспалітай пагражае небяспека — трэба Канстытуцыя

Адкрыццю пасяджэння 3 мая папярэднічаў збор некалькіх тысяч гледачоў, якія з цікаўнасці прыйшлі пад сцены каралеўскага замка: нешта будзе!

Рукапіс Канстытуцыі

Рукапіс Канстытуцыі

Пасля прамовы маршалка Малахоўскага, якую той зрабіў, каб прабудзіць патрыятычныя пачуцці, была запрошана камісія па замежных справах. Перад прамоўцамі стаяла задача данесці паведамленні з розных двароў суседніх дзяржаў.
Яны павінны былі выклікаць ва ўсіх пачуццё хвалявання і данесці, што над Рэччу Паспалітай сур’ёзна навісае пагроза з боку суседзяў. Слова ўзяў кароль і запэўніў, што камісія сапраўды атрымала звесткі, якія не на жарт закранаюць бяспеку і само існаванне краіны. Панятоўскі, каб рассеяць усе сумневы, прапанаваў камісіі зачытаць сваё паведамленне перад прысутнымі.

Друкаваная Канстытуцыя 3 мая

Друкаваная Канстытуцыя 3 мая

Пасля чытання гэтых цікавых данясенняў вынікала: Рэчы Паспалітай пагражае немінучая небяспека. Ёй трэба новая Канстытуцыя. Маршалак сойма Патоцкі ўзмоцнена і натхнёна настойваў на тым, каб было прынята адзінае рашэнне, якое б магло выратаваць дзяржаву. Ён звярнуўся да караля і сказаў: «Ваша мосць, менавіта Вам наканавана прапанаваць найбольш дзейсны сродак для выратавання Радзімы».

Слова бярэ кароль Панятоўскі

Кароль звярнуўся да прысутных і заявіў, што ў тых абставінах, якія склаліся, не бачыць нічога больш выратавальнага для дзяржавы, чым хуткае прыняцце новай Канстытуцыі, разумнай і трывалай, якая б пераадолела ўсе хібы папярэдняга палітычнага ладу.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

У сваім выступленні Панятоўскі падкрэсліў, што даўно захапіўся гэтай справядлівай думкай і хоча прадставіць грамадзе праект новага дакумента. Пасля некаторых дэбатаў па пытанні, ці можна агучыць праект, сакратар сойма зачытаў яго, але, калі скончыў, апазіцыйная партыя (пераважна прыхільнікі Расіі) выбухнула папрокамі і пярэчаннямі супраць Канстытуцыі і супраць тых, хто яе задумаў прыняць.
Прагучалі палымяныя прамовы, каб давесці, што новая Канстытуцыя пярэчыць «pacta conventa», што яна ўсталёўвае хутчэй дэспатычнае кіраванне, чым манархічнае, і папірае ўсе прынцыпы, на якіх трымаецца свабода палітычнага народа Рэчы Паспалітай.  

Усе рушылі ў катэдру! Клятва на вернасць Канстытуцыі

Дыскусіі трывалі некалькі гадзін. Праект Канстытуцыі вытрымаў ярасныя і жорсткія напады. У яго абарону выказаліся многія дэпутаты сойма ў прамовах стрыманых, але пабудаваных на пераканаўчых аргументах. Было відавочна, што большасць падтрымлівае гэты праект, бо было чуваць толькі некалькі ціхмяных галасоў супраць.

Алегарычная выява Канстытуцыі 3 мая 1791 года. Малюнак Даніэля Хадавецкага, зроблены ў 1792 г. у Берліне

Алегарычная выява Канстытуцыі 3 мая 1791 года. Малюнак Даніэля Хадавецкага, зроблены ў 1792 г. у Берліне

Усе прысутныя згуртаваліся вакол трона: усеагульны энтузіязм быў скіраваны да караля, які сядзеў на троне з велічным відам, а таксама да ўсіх, хто атачаў трон — усе заслугоўвалі даверу, захаплення і ўдзячнасці.
У гэты момант кароль Панятоўскі загадаў біскупу Кракава зачытаць клятву і сам гучна паўтарыў яе за ім, а потым заявіў: «Я прынясу гэту клятву і ніколі не пашкадую аб гэтым. Я абавязваю ўсіх, хто любіць радзіму, рушыць за мной у касцёл і прамовіць там тую ж клятву». Кароль пакінуў трон і прайшоў па ўсіх залах і калідорах, якія вялі з замка да катэдры. За ім пайшлі ўсе прысутныя (за выключэннем дванаццаці) і цэлы натоўп гледачоў, ап’янёных радасцю — яны выказвалі свае самыя шчырыя пачуцці каралю і аўтарам Канстытуцыі.
Гэты велічны момант, момант кульмінацыі, выявіў на карціне Ян Матэйка. Мастацкі твор «Канстытуцыя 3 мая 1791 года» — адна з апошніх прац мастака, якую ён прысвяціў 100-годдзю прыняцця векапомнага акта.

«Канстытуцыя 3 мая 1791 года», Ян Матэйка

«Канстытуцыя 3 мая 1791 года», Ян Матэйка

Матэйка добра ўлавіў эмоцыі, якія віравалі ў той дзень у Варшаве. Міхал Клеафас Агінскі пісаў, што цяжка было ўявіць сабе больш велічнае відовішча, чым гэта ўрачыстая працэсія, якая схілілася каля алтароў. У касцёле сабраліся біскупы, свецкія персоны — сенатары, дэпутаты, шляхта… Усе яны, на чале з каралём, урачыста прынеслі клятву на вернасць Канстытуцыі, якая павінна была забяспечыць дабрабыт дзяржавы.
Выкананне «Te Deum» і малітвы падзякі Усявышняму завяршылі гэту велічную цырымонію. Хоць агульная радасць і натхненне перадаліся ў самыя аддаленыя кварталы горада, але паўсюль быў захаваны супакой і не было ніякіх здарэнняў.

Усеагульная згода

Наступны дзень быў прызначаны для адпачынку, і пасяджэнне сойма перанеслі на 5 мая. Патрыёты былі гатовы да пратэстаў з боку прыхільнікаў Расіі, якія не прыносілі клятвы, і былі ўпэўнены, што апазіцыйная партыя будзе чыніць перашкоды, каб спарадзіць новыя дыскусіі. Патрыёты не памыліліся…

Казімір Войняк. Ухваленне Канстытуцыі 3 мая

Казімір Войняк. Ухваленне Канстытуцыі 3 мая

Аднак адбыўся нечаканы паварот! Паднятае праціўнікамі пытанне аб законнасці працэдур, прымененых соймам для прыняцця Канстытуцыі 3 мая, спрыяў таму, што Канстытуцыя займела больш моцы. Гэтым былі перарваны магчымыя пратэсты і без лішніх слоў забяспечана ўсеагульная яе падтрымка.
Маршалак Малахоўскі задаў пытанне: ці згодны прысутныя аддаць загад, каб Канстытуцыя была падпісана камісіяй у прысутнасці сенатараў і дэпутатаў. У адказ на тройчы заданае пытанне было тройчы атрымана ўсеагульнае адабрэнне. І подпісы камісіі паставілі апошнюю кропку ў пытанні законнасці новай Канстытуцыі.Гэта быў трыумф яе стваральнікаў.

Яна ўразіла ўсіх разважных людзей у Еўропе

Прыняўшы Канстытуцыю, на думку Агінскага, Рэч Паспалітая вывела сябе з-пад замежнага ўплыву, засцерагла ад унутраных беспарадкаў і ўсталявала форму кіравання, здольную забяспечыць свабоду, незалежнасць, дабрабыт.

Арыгінал Канстытуцыі

Арыгінал Канстытуцыі

Сойм аб’явіў, што любы, хто будзе намагацца супрацьстаяць Канстытуцыі, чыніць змовы супраць яе і парушаць парадак у дзяржаве, будзе разглядацца як вораг радзімы і будзе адданы пад суд як змоўшчык і здраднік.
Знаходзіліся і тыя, хто адмаўляў Канстытуцыю з-за партыйнай прадузятасці, неабдуманасці разваг альбо адсутнасці неабходных ведаў. Аднак яна была з энтузіязмам прынята па ўсёй Польшчы і Літве, зрабіла ўражанне на ўсіх разважных людзей у Еўропе. На карысць Канстытуцыі выказаліся выбітныя навукоўцы і найбольш значныя дзяржаўныя дзеячы.
Брытанскі парламентарый Чарльз Джеэймс Фокс назваў Канстытуцыю 3 мая творам, які павінен выклікаць сімпатыі ва ўсіх прыхільнікаў разумнай свабоды.
***Дзеянне Канстытуцыі і створаных на яе аснове органаў улады было скасавана рашэннем «падзельнага» Гарадзенскага сойма 23 лістапада 1793 года… Канстытуцыя 3 мая стала легендарнай для сучаснікаў і нашчадкаў гісторыі і традыцый Рэчы Паспалітай, бо разглядалася як апошняя надзея выратаваць дзяржаву ад гібелі. Канстытуцыя — сімвал справядлівасці, незалежнасці і кульмінацыі Асветніцтва ў айчыне.