Стэфан Баторый: ваяўнічы кароль і яго шанцы захапіць Маскву
1 траўня 1576 года, калі палыхала зацягнутая Інфлянцкая вайна, на трон Рэчы Паспалітай узыходзіць абраны кароль Стэфан Баторый. Мудры палітык, здольны дзяржаўны дзеяч і выдатны военачальнік, які меў амбіцыйны план: захапіць Маскву.
![00_vokladka_11.jpg 00_vokladka_11.jpg](/img/v1/images/00_vokladka_11.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У 1874 годзе на выставе ў Парыжы была прадстаўлена карціна знакамітага мастака Яна Матэйкі, якую публіка прыняла з захапленнем і авацыямі. Неўзабаве мастака абралі чальцом «Institut de France» і Берлінскай акадэміі мастацтваў… «Стэфан Баторый пад Псковам» — палатно, якое прынесла мастаку лаўры славы і ганаровыя пасады.
![Ян Матэйка. Стэфан Баторый пад Псковам Ян Матэйка. Стэфан Баторый пад Псковам](/img/v1/images/jan_matejka._stefan_batoryj_pad_pskovam.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ян Матэйка. Стэфан Баторый пад Псковам
На алегарычнай карціне прадстаўлена сцэна з Інфлянцкай вайны (1558–1583): пасольства цара Івана IV Жахлівага да караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя з просьбаю аб міры. Цэнтральная фігура карціны — Стэфан Баторый. Ён сядзіць на паходным троне, у рыцарскіх даспехах, вышываным золатам плашчы, з аголенай шабляй і ў шапцы-магерцы. Трон пастаўлены на мядзведжую шкуру, а ля ног Баторыя ляжыць захоплены варожы сцяг. Напышлівы погляд прыплюшчаных вачэй караля, прыніжаныя фігуры маскоўскіх паслоў…
Кім быў знакаміты кароль і якія былі ў яго шанцы канчаткова вырашыць «маскоўскае пытанне» ў знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай?
Да абрання на трон Рэчы Паспалітай
Будучы слаўны вайскаводца Стэфан Баторый паходзіў са знакамітага вугорскага роду Баторых, з лініі Шомліа, быў сынам трансільванскага князя Стэфана IV.
З 15 гадоў Стэфан знаходзіўся на вайсковай службе ў караля Чэхіі і Вугоршчыны Фэрдынанда. Разам з ім быў у Італіі, навучаўся ў Падуі. Удзельнічаў у войнах, якія раздзіралі краіну, спачатку на баку Габсбургаў, а потым каралевы Ізабелы Ягелонкі і яе сына Яна Жыгімонта.
![Стэфан Баторый Стэфан Баторый](/img/v1/images/stefan_batoryj.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стэфан Баторый
Упісалася ў біяграфію валадара і вязніца: у 1565–1567 гадах Баторый знаходзіўся ў турме ў Вене, куды ён быў змешчаны паслом. У 1571 годзе пасля смерці Яна Жыгімонта Заполі ён, пры падтрымцы турэцкага султана, быў абраны князем Трансільваніі.
На радзіме Баторый дасягнуў вяршыні кар’еры, мог спакойна бавіць час за паляваннем і венгерскім віном, але ў суседняй дзяржаве, дзе манарха абірала шляхта, намалявалася вакантная пасада караля.
Стэфан ці Фёдар: дыпламатычны выбар шляхты
Калі першы абраны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Валуа ўцёк у Францыю, Стэфан Баторы выставіў сваю кандыдатуру на сталец Рэчы Паспалітай. Аднак не ўсё было так проста.
У два перыяды безкаралеўя, пасля смерці Жыгімонта Аўгуста (1572 год) і ўцёкаў Генрыха Валуа (1574 год), маскоўскі цар Іван Жахлівы спакусіўся магчымасцю абрання аднаго з яго сыноў на трон суседа, з якім цягнулася складаная вайна.
![Іван Жахлівы Іван Жахлівы](/img/v1/images/ivan_zahlivy.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Іван Жахлівы
Няважна, ці ўспрынялі літвіны і палякі гэту ідэю сур’ёзна, ці проста блефавалі, каб стрымаць ваенныя планы Масквы. Ва ўсялякім разе, у выпадку абрання каралём царэвіча Фёдара, сына Івана, ад яго чакалася вяртанне захопленых зямель на ўсходзе, на што бацька юнака даў кароткую рэпліку: «Царэвіч не дзеўка, каб прыносіў пасаг». Перамовы аб абранні маскоўскага царэвіча сарваліся.
![Іван Жахлівы каля забітага сына. М. Шустаў Іван Жахлівы каля забітага сына. М. Шустаў](/img/v1/images/ivan_zahlivy_kalja_zabitaha_syna___szustau_m..jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Іван Жахлівы каля забітага сына. М. Шустаў
Так і быў абраны ў снежні 1575 года, а каранаваны 1 траўня 1576 года Стэфан Баторый. Трон яму дастаўся ў краіне, якая вяла вайну з неспакойным суседам з усходу, што заняў ладную частку зямель Вялікага Княства Літоўскага…
Рука Жахлівага, кулак Баторыя
Калі новы польскі кароль і літоўскі князь Стэфан Баторый быў заняты ўмацаваннем сваёй улады, Іван Жахлівы перабраўся на землі Рэчы Паспалітай. У 1577 годзе выправіўся на Інфлянты. Палоннаму князю Палубінскаму і некалькім кавалерыйскім ротмістрам цар заявіў: «Мая рука высока; ты быў сведкам маёй моцы. Скажыце яму, каралю Стэфану, каб і ён яе сустрэў».
Калі карыстацца маўленчымі абаротамі маскоўскага цара, то можна сказаць: хоць Стэфан пазнаёміўся з рукой цара Івана, Іван хутка даведаўся пра кулак караля Стэфана.
Тры паходы Баторыя супраць Масквы паказалі, што Рэч Паспалітая, пакуль мае сродкі на аплату войска, — дзяржава, якую немагчыма спыніць. Быў вызвалены Полацк і Вялікія Лукі, узяты ў аблогу Пскоў. З вокнаў сваёй рэзідэнцыі ў Старыцы цар Іван Жахлівы назіраў за бляскам вогнішчаў, раскладзеных польскімі і літоўскімі войскамі.
![Фелікс Навакоўскі. Стэфан Баторый пад Псковам Фелікс Навакоўскі. Стэфан Баторый пад Псковам](/img/v1/images/feliks_navakouski._stefan_batoryj_pad_pskovam.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фелікс Навакоўскі. Стэфан Баторый пад Псковам
Пагадненне, заключанае ў 1582 годзе ў Яме Запольскім, было толькі перамір’ем. У Рэчы Паспалітай скончыліся сродкі для працягу вайны, але Стэфан Баторый ужо рыхтаваўся аднавіць дзеянні на Усходнім фронце. Ён планаваў выкарыстаць армію з сарака пяці тысяч воінаў кавалерыі і сарака тысяч пяхоты. Для параўнання, у ранейшых паходах ён меў агулам пяцьдзясят тысяч салдат.
Магчымасць атакаваць: Масква пасля смерці Івана Жахлівага
У 1584 годзе маскоўскі цар Іван памёр, і яго спадчыннікам стаў яго хворы і няўмелы сын Фёдар. Сур’ёзны дынастычны крызіс быў толькі пытаннем часу. Прынамсі, ён і адбыўся ў будучых дзесяцігоддзях. Нашчадкі ў новага кіраўніка наўрад ці былі, а законнае паходжанне яго зводнага брата, двухгадовага Дзмітрыя, лёгка магло быць пастаўлена пад сумнеў (царква прызнавала нашчадкаў ад першых чатырох шлюбаў, а Дзмітрый быў дзіцем ад сёмай жонкі Івана Жахлівага).
![Леў Сапега Леў Сапега](/img/v1/images/leu_sapeha.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Леў Сапега
Якраз у гэты час у Маскву прыехаў пасланнік Рэчы Паспалітай канцлер Леў Сапега. У дарозе яму прыйшлося чакаць свайго часу — у сталіцу яго пусцілі толькі праз чатыры дні пасля смерці цара. Маскавіты паставілі варту вакол яго пакояў, але дыпламат усё роўна адчуў пах гістарычнай магчымасці. Вось фрагмент яго ліста да караля Стэфана Баторыя:
«Нянавісць і нязгода ахапілі лепшых баяр, як я ўжо пісаў пра гэта, і што яшчэ гэта значыць? А толькі адно: іх падзенне. І ніколі не было яшчэ, як многія лічаць, лепшага надвор’я, каб заваяваць гэту зямлю.
Гэта таксама не было б цяжка, каб толькі ваша вялікасць з Божай дапамогай авалодала б Смаленскам. Тады б ваша вялікасць не мела ні крэпасці, ні перашкод аж да самой Масквы. Бо замкі, якія стаяць паміж імі, такія як Дарагабуж, Вязьма, Мажайск, цалкам упалі і слабыя, так што імі можна авалодаць без цяжкасцей».
А што думалі сенатары пра новую вайну?
Будучая кампанія разглядалася перш за ўсё як рэстытуцыя страчаных зямель Вялікага Княства Літоўскага. Аднак у паветры лунала і значна больш амбіцыйнае пытанне: як наконт таго, каб заваяваць Маскву? Стэфан Баторый адказаў станоўча і быў рашучым.
Да таго ж ідэя гэта была не новая. Яшчэ ў 1570 годзе, атрымаўшы вестку пра смерць Івана Жахлівага, як аказалася ілжывую, Мікалай Радзівіл «Руды» параіў свайму швагру, каралю Жыгімонту Аўгусту, змагацца за маскоўскі трон.
![Даспехі караля Стэфана Даспехі караля Стэфана](/img/v1/images/daspehi_karalja_stefana.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Даспехі караля Стэфана
Баторый непасрэдна меў намер далучыць усе землі свайго былога канкурэнта. Аднак каралеўскую візію не падзялялі сенатары, і на сойме 1585 года план вайны быў адхілены. Кажуць, што раз’юшаны манарх сказаў: «Вы прымусілі мяне паклясціся, што я вярну захопленыя Масквой землі, а цяпер перашкаджаеце мне гэта зрабіць. Такім чынам, я вызваляюся ад прысягі».
Калі не вайна, то — унія
Дэкларацыі дэкларацыямі, але Баторый не адмаўляўся ад аднойчы складзеных планаў. На ўсялякі выпадак ён не падпісаў двухгадовага перамір’я з Масквой, якое тады было ўзгоднена.
Сітуацыя склалася наступная. Баторый лічыў, што ён часова не мае магчымасці весці ваенныя дзеянні, таму стаў прыглядацца да «плана Б» і высвятляць, ці ёсць шанцы на мірнае далучэнне ўсходняга суседа да Рэчы Паспалітай. Можна назваць гэта метадам уніі.
![Стэфан Баторый Стэфан Баторый](/img/v1/images/stefan_batoryj_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стэфан Баторый
У 1586 годзе мінскі кашталян Міхал Гарабурда ездзіў у Маскву і прадставіў групе тамтэйшых баяр наступнае бачанне:
«Калі Бог перш забярэ душу караля Стэфана і нашчадкі ягоныя не застануцца пры ім, дык Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае далучацца да Маскоўскай дзяржавы пад уладай вашага гаспадара: Кракаў з Масквой, а Вільня з Ноўгарадам. Калі Бог перш забярэ душу вашага цара, Маскоўская дзяржава будзе пад уладай нашага караля».
Якія былі шанцы?
Баяры не выяўлялі ніякага энтузіязму. Яны апраўдваліся тым, што не маюць права спекуляваць на выпадак смерці кіраўніка.
Шанцы для ўніі былі больш чым прывідныя, бо сам праект меў шмат недахопаў. Мірныя канцэпцыі ў пэўным сэнсе выявілі бяссілле Стэфана Баторыя, які не здолеў пераканаць шляхту ў сваіх ваенных планах.
Гусары ў маскоўскім паходзе
Нястомны кароль спадзяваўся ўгаварыць шляхту адумацца, але ў снежні 1586 года Бог знянацку забраў яго. Праекты заваёвы Масквы былі адкінуты ўбок. Аднак яны не загінулі разам з ваяўнічым манархам. Міне пара дзесяцігоддзяў, і крылатыя гусары ўвойдуць у Крэмль.
Артыкул упершыню апублікаваны ў "Новым Часе" 1 траўня 2023 года.