Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі

23 верасня 1771 года ў бітве пад мястэчкам Сталовічы, як аказалася, вырашаўся лёс Рэчы Паспалітай. Тады яшчэ ніхто не мог падумаць, што параза войск Барскай канфедэрацыі ў далёкай перспектыве прывядзе да знікнення краіны. У бітве супраць літоўскага гетмана Агінскага ёсць след расійскага генерала Суворава.

Малітва канфедэратаў

Малітва канфедэратаў

У інфармацыйным полі апошняга часу мільгаціць навіна аб тым, што Руская Праваслаўная Царква хоча разгледзець магчымасць кананізацыі Аляксандра Суворава — знакамітага расійскага военачальніка. Усё б нічога, каму каго лічыць святым — унутраная справа асобнай Царквы і краіны. Але ж калі рашэнне будзе станоўчым, то і ў шматлікіх цэрквах Беларусі, якія падпарадкоўваюцца Маскоўскаму патрыярхату, павінны будуць таксама ўшаноўваць памяць новага святога. А тут узнікаюць пытанні… Канешне, для людзей «рускага свету» тут ніякіх пытанняў не паўстае, Суворава шануюць і паважаюць, але калі глядзець на яго асобу з пазіцый нацыянальных інтарэсаў, то гэты персанаж вельмі спрэчны, нават адмоўны, адзначаны жорсткасцю і крывёю нашых продкаў на сваіх руках. 

Глядзіце таксама

Адным з эпізодаў біяграфіі патэнцыйнага святога з’яўляецца ўдзел у вайсковай кампаніі супраць Барскіх канфедэратаў, і вырашальнай бітвы — бітвы пад Сталовічамі, дзе былі сабраныя галоўныя сілы Вялікага Княства Літоўскага. Як сталася, што невялікі атрад Суворава перамог шматтысячнае войска гетмана Агінскага? Ці сапраўды бітва пад Сталовічамі стала «пачаткам канца» Рэчы Паспалітай? Які след там пакінуў Аляксандр Сувораў? Чарговыя ўгодкі трагічнай бітвы пад Сталовічамі — добрая нагода ўсё раскласці па паліцах.

Спадзеў Барскіх канфедэратаў

Разбірацца ў прычынах краху пад Сталовічамі варта пачаць з каранёў, з Барскай канфедэрацыі і палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне. Барская канфедэрацыя — гэта саюз шляхты, абвешчаны ў 1768 годзе для абароны ўнутранай і знешняй незалежнасці Рэчы Паспалітай, накіраванай супраць агрэсіі Расійскай імперыі і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Барскія канфедэраты

Барскія канфедэраты

Штуршком для аб’яднання шляхты сталі падзеі, якія адбыліся на год раней, калі расійскія ўлады прымусілі сойм Рэчы Паспалітай выканаць нявыгадныя загады. У адказ на гэта ў падольскім горадзе Бар магнаты вырашылі ўтварыць канфедэрацыю — законную ваенную асацыяцыю, якая б супрацьстаяла ўраду.

Прынцыповай мэтай Барскай канфедэрацыі была абарона незалежнасці. Гэта быў саюз кансерватыўных сілаў, так званых «кунтушоўцаў» — шляхты, якая змагалася за залатыя вольнасці, роўнасць свайго саслоўя, для якіх свабода краіны была не пустым гукам. Пры гэтым канфедэрацыя звярталася па дапамогу да міжнароднай супольнасці. Крокі былі ўдалыя: Францыя аказвала вайсковую дапамогу Рэчы Паспалітай, Турцыя развязала чарговую вайну супраць імперыі.

Але тым не менш на падаўленне шляхецкай патрыятычнай канфедэрацыі былі адпраўлены войскі Расійскай імперыі. У іх складзе былі спалучэнні, якімі камандаваў тады яшчэ генерал Аляксандр Сувораў. Яго армія імкліва ўзяла Бар, Львоў і Кракаў… Апошнія спадзяванні канфедэратаў засяродзіліся на літоўскім вялікім гетмане Міхале Казіміры Агінскім.

Капітуляцыя Кракава

Капітуляцыя Кракава

Французскі ўрад абяцае гетману карону 

Спачатку галоўныя падзеі Барскай канфедэрацыі разгортваліся на землях Польскай Кароны. Канешне, прыхільнікі канфедэрацыі і яе ідэй былі і ў Вялікім Княстве Літоўскім, але істотных дзеянняў там не адбывалася, па краіне сноўдалі войскі Расійскай імперыі.  

Яшчэ ў 1768 годзе вялікім гетманам літоўскім быў абраны Міхал Казімір Агінскі, але да канфедэрацыі ён далучыўся толькі праз тры гады, у 1771 годзе. Магнат доўга вагаўся, ёсць думка, што Агінскага ўгаварыў выступіць на баку канфедэратаў французскі ўрад, які быццам бы паабяцаў яму ў выпадку перамогі паспрыяць і прасунуць яго кандыдатуру ў выбарах караля Рэчы Паспалітай. Узнагарода, дзеля якой варта рызыкнуць!

Міхал Казімір Агінскі

Міхал Казімір Агінскі

Як толькі гетман далучыўся да канфедэрацыі, сітуацыя змянілася. Агінскі абраў тактыку дзеянняў, па якой імкнуўся не дапусціць злучэння расійскіх атрадаў, разбіваючы іх паасобку. Спачатку гетман сабраў пад сваёй булавой 2-тысячнае войска і нават разбіў батальён расійскага палкоўніка А. Альбічава.

Пасля гэтага Агінскі заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў злучыцца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Пад сцягі гетмана пачала сцякацца шляхта…

Напрыканцы верасня гетман меў у сваім распараджэнні каля чатырох тысяч войска пяхоты і лёгкай кавалерыі, некалькі гармат. Ці шмат гэта? Для кардынальнага пералому хода кампаніі гэтага было, канешне, не дастаткова, але групоўка войск у тыле і на шляхах камунікацыі ворага — істотная і небяспечная. Да таго ж, да войска Агінскага далучаліся ўсё новыя і новыя спалучэнні. Спадзеў канфедэратаў на яго армію быў цалкам зразумелы.

Аляксандр Сувораў ідзе гасіць пажар

Як толькі гетман Агінскі далучыўся да канфедэрацыі, на гэта звярнуў увагу Сувораў. Генерал разумеў, што вакол гетмана можа сабрацца сур’ёзная сіла. Яго тактыка была простай і падобнай да тактыкі Агінскага — разбіць разрозненыя атрады, не даць ачагу супраціву разгарэцца ў полымя барацьбы.

Еўрапейская карыкатура на генерала Суворава

Еўрапейская карыкатура на генерала Суворава

У верасні войскі Агінскага разбілі лагер у мястэчку Мір. Сувораў жа даведаўся пра гэта на падыходзе да Нясвіжа па дарозе да злучэння з атрадам палкоўніка Дырынга ў Свержані. Нечакана Агінскі пакінуў Мір і здзейсніў манеўр на Сталовічы. Канфедэраты аказаліся ў тыле войскаў Суворава. Сувораў загадаў войскам неадкладна разгарнуцца на новы пункт. Шлях ляжаў пад Сталовічы.

Сталовічы

Сталовічы

Намячалася бітва? Усё ж літоўскі гетман яе не чакаў. Хоць і было ўжо на двары XVIII стагоддзе, войны вяліся ўсё яшчэ па рыцарскім этыкеце і канонах. Для бітваў былі пэўныя правілы, якія не дапускалі шэрагу момантаў: нечаканага нападу, удараў у спіну, бітваў уначы…

У ноч на 23 верасня атрад Суворава падышоў пад Сталовічы. Парушыўшы ўсе тагачасныя нормы вядзення бою, расійскі палкаводзец вырашыў ударыць нечакана ўначы.

І бітва пачалася…

Бітва


Бітва пад Сталовічамі, 1771 год

Бітва пад Сталовічамі, 1771 год

Канфедэраты нападу не чакалі. Каля 2 гадзін у ноч на 23 верасня пяхота і кавалерыя Суворава пераправіліся па грэблі праз балота і раптоўна ўварваліся ў Сталовічы з поўдня, атакуючы лагер канфедэратаў сходу. Сам генерал пісаў: «Нападение наше на литовцев было со спины».

Потым у мястэчка ўварвалася кавалерыя на чале з маёрам А. Рылеевым. Пра гэта таксама красамоўна напісаў сам Сувораў: «Майор Киселев с суздальскими гренадерами пошел на штыках, пробил и дал место нашей коннице, которой предводитель Рылеев все встречающееся в местечке порубил и потоптал».

Парубіў і патаптаў… Сярод канфедэратаў пачалася паніка. Гетман Агінскі спрабаваў наладзіць абарону, але яму не ўдалося сабраць ніводнага баяздольнага атрада. Але была спроба і контратакі. На дапамогу Міхалу Агінскаму падаспелі 2 уланскія палкі татараў Юзафа Беляка, якія акружылі 3 расійскія эскадроны. Але ў ходзе 8-гадзіннага бою нашы войскі адступілі.

Па сведчанні Суворава, літоўская пяхота адбівалася мужна, але не падрыхтаваныя гарматы не здолелі ні разу стрэліць, атакі расійскай кавалерыі мелі поспех.

Гэта была поўная параза!

Пасля вулічных баёў расійскае войска захапіла сабе ўсю артылерыю, сцягі, гетманскую булаву і скарб з 50 тысяч чырвоных злотых. Сувораў даносіў: «Сражение продолжалось от трёх до четырёх часов, и вся Литва успокоилась».

Войскі Расійскай імперыі

Войскі Расійскай імперыі

Наступствы

Разгром войск Агінскага пры Сталовічах істотна паўплываў на кампанію. Пасля Сталовічаў расійскія войскі рушылі супраць Шымана Касакоўскага, які быў вымушаны адступіць. Фактычна барацьба канфедэратаў у Вялікім Княстве Літоўскім скончылася.

А тым часам Расія і Прусія ўжо вялі перамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай, пазней да іх далучылася Аўстрыя. І вось менш чым праз год, 5 жніўня 1772 года, гэтыя дзяржавы падпісалі ў Санкт-Пецярбургу канвенцыю, згодна з якой дзялілі землі Рэчы Паспалітай.

Нарада аб падзеле Рэчы Паспалітай

Нарада аб падзеле Рэчы Паспалітай

Адразу пасля бітвы гетман Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва ўсходняй частцы ВКЛ, ужо захопленай Расійскай імперыяй, былі канфіскаваны. Пазней, у 1775 годзе, ён атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, і ў хуткім часе Слонім ператварыўся ў «паўночныя Афіны». Але гэта будзе пазней.

Для расійскай жа вайсковай гісторыі перамога Суворава пад Сталовічамі — бліскучая і найбольш выбітная ва ўсёй кампаніі. Канешне, атрад у 900 шабель разбівае шматтысячны корпус Агінскага! Што праўда, пра парушэнні законаў вайны палкаводцам у гэтым кантэксце ніхто не згадвае. А факт застаецца фактам: Сувораў забяспечыў сабе перамогу парушэннем рыцарскага канону аб невядзенні ваенных дзеянняў уначы.

Хто вінаваты?

Але чаму так сталася, што нашы прайгралі? Усё ж колькасная перавага канфедэратаў і іх баявы дух, прыўзняты пасля папярэднік перамог, маглі кампенсаваць ваеннае майстэрства, дысцыплінаванасць і вывучанасць расійскага рэгулярнага войска.

Вінаватым прызначылі гетмана. Напрыклад, Юзаф Крашэўскі назваў бітву пад Сталовічамі «ганебнай»:

«Дваццаць чалавек бараніла дом, у якім Агінскі знаходзіўся з д’Асэ, сваёй каханкай. Гетман, якога прымусілі перарваць кампазіцыю оперы, ратаваўся ўцёкамі праз акно, — жаўнераў, службу, сакратароў, увесь двор, касу, канцылярыю, артылерыю забралі маскавіты… Непрытомны, не могучы вымавіць ні слова, са шчэпаццю табакі, узятай механічна ў хвіліну нападу, трапіў Агінскі за мяжу…».

Але ж сам Агінскі абвінавачваў у здрадзе свайго даверанага сакратара Хамінскага. Сучаснік падзей гісторык Андрэй Кітовіч пісаў: «Калі паведамлялі гетману, што расіяне на яго наступаюць, Хамінскі пярэчыў тым звесткам супрацьлеглымі, нібы найсвяжэйшымі, прынесенымі шпегамі, што нідзе паблізу непрыяцель не заўважаны. Калі прыбеглі да Хамінскага першыя дазоры, апавядаючы, што іх пераследуюць казакі, ён іх аблаяў, быццам баязліўцаў, настрашаных начнымі марамі. Калі па расіянах, якія ўжо набліжаліся, хацелі страляць з гарматаў, знайшлі тыя набітыя замест пораху і куляў гноем. І толькі тады, калі ўжо расіяне ўваходзілі ў лагер, Хамінскі пабег будзіць гетмана, які спаў моцным сном…».

З вышыні ХХІ стагоддзя бачыцца, што вінаваціць кагосьці — справа апошняя. Сапраўды, у бітве пад Сталовічамі так усё склалася: трагічна і крыўдна.

Сталовічы. Памятны камень

Сталовічы. Памятны камень

*** 

Памяць пра бітву, хоць і «ганебную» для нас, у Сталовічах захавалі. У мястэчку пры былым касцёле ў памяць пра тыя падзеі ў 1990-я гады быў усталяваны мемарыяльны камень. На шыльдзе напісана: тут адбылася бітва канфедэратаў Агінскага з войскамі Суворава. Памятаць трэба і пра паразы…