Сусветныя цікавосткі: Ці стане Сувораў святым, «трызубка» замест капейкі, рэкорд паліцэйскага разгільдзяйства

Паліцэйскія з Паўночнай Ірландыі масава губляюць сакрэтныя дакументы і звальняюцца. У Расіі Мінабароны заклікае прызнаць Суворава святым. У Польшчы разгарэўся скандал праз сабачае мяса. А Украіна можа застацца без «капейкі». Пра ўсё гэта — у новым выпуску «Сусветных цікавостак».

Dickelbers, commons.wikimedia.org

Dickelbers, commons.wikimedia.org

«Інспектары-недарэкі»

«Інспектар-недарэка» — так называлася папулярная некалі французская камедыя, прысвечаная прыгодам паліцэйскага Мішэля Клемана. Судзячы па навінах з Брытаніі, падобную камедыю трэба здымаць пра працаўнікоў брытанскай паліцыі, а менавіта яе супрацоўнікаў у Паўночнай Ірландыі. Яны прымудрыліся літаральна за месяц чатыры разы (!) страціць дакументы з важнай інфармацыяй. Апошні выпадак самы камічны. Старшы дэтэктыў паклаў ноўтбук і спецыяльны часопіс на дах аўтамабіля і забыўся пра іх. Зразумела, падчас руху машыны ноўтбук і часопіс зваліліся. Пры гэтым ноўтбук разбіўся, а вось з часопісам адбылася цікавая гісторыя. Паліцыя ў выніку знайшла яго, аднак без найважнейшых старонак. 

Зрэшты, як піша прэса, гэта не самая страшная навіна для кіраўніцтва брытанскай паліцыі. Куды больш небяспечным уяўляецца трэнд, калі паліцыянты-католікі пачалі масава падаваць заявы на звальненні. Падазраюць, што гэта звязана з чуткамі наконт хуткага адраджэння ў рэгіёне ўзброенага ірландскага падполля, для якога паліцыянты-католікі не жадаюць быць мішэнню. 

Па матэрыялах брытанскай прэсы

Ці стане Сувораў святым?

kh_14_logo.jpg.webp

24 жніўня патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл на адкрыцці Сінода паведаміў, што Руская праваслаўная царква абмяркуе пытанне аб кананізацыі палкаводца Аляксандра Суворава, якое ініцыявала Мінабароны РФ. Гэтая ідэя адразу стала прадметам самых гарачых спрэчак. З успамінаў сучаснікаў добра вядома, што Сувораў быў перакананым праваслаўным. Ён старанна маліўся, наведваў храмы, трымаў пасты, ахвяраваў грошы царкве. Аднак гэтага мала. Для кананізацыі Суворава, як і любога іншага кандыдата ў святыя, трэба выканаць некалькі ўмоў. Пакуль самы прыярытэтны варыянт — «цуды пры малітоўным звароце да яго (Суворава) імя». Адзін з манархістаў папрасіў праваслаўных, якія малітоўна звярталіся да Аляксандра Васільевіча і атрымалі яго цудоўную дапамогу, паведаміць пра гэтыя факты. Калі такі варыянт не дапаможа, існуе яшчэ такая падстава для кананізацыі, як юродства. Сувораў сапраўды меў мноства дзівацтваў, якія можна патлумачыць як юродства. Палкаводзец крычаў «кукарэку», паказваючы пеўня перад сваімі салдатамі, бегаў голым па расе, кажучы, што гэта надзвычай карысна для здароўя. Аднак аб'явіць палкаводца юродзівым — гэта нанесці ўдар па яго іміджы. У любым выпадку, калі Крэмль дасць загад, падставы для кананізацыі будуць знойдзены. 

Па матэрыялах расійскай прэсы

Ці можна есці сабак? 

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

І так напружаная парламенцкая кампанія ў Польшчы набывае незвычайныя рысы. Кандыдат у Сейм ад правапапулісцкай партыі «Канфедэрацыя» Наталля Яблоньска, каментуючы забарону 1986 года на забой сабак і гандаль іх мясам, напісала, што «мяса ёсць мяса». Заява натуральна выклікала скандал. У выніку палітыку прыйшлося прызнацца, што яна ніколі свядома не ела сабак. Але гэта не дапамагло, Інтэрнэт літаральна наэлектрызаваўся інфармацыяй аб тым, што «Канфедэрацыя» заклікае людзей ёсць сабак, а палітыкі-канкурэнты абвінавацілі «канфедэратаў» у канібалізме. У выніку «Канфедэрацыя» вырашыла, што Яблоньска не будзе стартаваць у яе спісе. Але тут пачалося самае вясёлае. Літаральна праз пару дзён дэпутат «Канфедэрацыі» Дабрамір Сосьнеж, заявіў: «Сабака не лепшы за карову, гэта наша звычка. Я не думаю, што дзяржава павінна рэгуляваць наша стаўленне да жывёл». Ёсць меркаванне, што тэма з мясам сабак — гэта проста піяр-ход «Канфедэрацыі». Дзякуючы скандалу пра гэтую партыю ўсе толькі і гавораць, што выклікае цікавасць да праекта ўвогуле. 

Па матэрыялах польскай прэсы

Як назваць капейку?

14_f3ccdd27d2000e3f9255a7e3e2c48800.jpg

Напярэдадні Дня незалежнасці Украіны, які адзначаўся 24 жніўня, мясцовыя нацыяналісты выступілі з незвычайнай ініцыятывай — тэрмінова перайменаваць украінскую манету «капейка» (укр. копійка), бо гэта назва з'яўляецца «рускім словам». Так, прынамсі, лічыць Пётр Стацюк, адзін з украінскіх экспертаў. На яго думку, назва для манеты «капейка» была абрана не вельмі ўдала. «Гэта выключна расійскі, стары маскоўскі наратыў», — лічыць Стацюк. І шмат хто яго падтрымлівае. Адначасова гучаць прапановы наконт новай назвы для ўкраінскіх манет. Некаторыя з іх вельмі арыгінальныя. Напрыклад, «джавелінка» або «трызубка». Сам Стацюк, дарэчы, агітуе за «сотык», хаця яму адразу нагадваюць, што такі варыянт будзе падобны на балгарскі. У Балгарыі манеты называюць «стоцінкі».

Але прыдумаць новую назву — гэта толькі палова пытання. «Капейка» прапісана ва ўкраінскай Канстытуцыі, таму давядзецца карэктаваць Асноўны закон, што тэхнічна вельмі складана. Але асноўная перашкода адмовы ад назвы «капейкі» ўсё ж іншая — праз моцную інфляцыю ў краіне яна практычна знікла з абарачэння. А ці трэба займацца тым, чаго па сутнасці не існуе?

Па матэрыялах украінскай прэсы