Адзіная структура «памежных» дзіцячых ваенна-патрыятычных атрадаў ва ўсёй краіне: навошта і зь якой мэтай?
У красавіку 2022 года ў Інстытуце памежнае службы адбыўся «круглы стол» на тэму «патрыятычнага выхаваньня вучняў ва ўстановах адукацыі, у якіх існуюць ваенна-патрыятычныя клясы памежнае накіраванасьці». З боку Дзяржпамежкамітэта ў ім удзельнічалі супрацоўнікі Ўпраўленьня ідэялагічнае працы. Падобна, што менавіта гэтае мерапрыемства было адпраўнай кропкай для выстройваньня адзінае сістэмы, у якую зараз аб'ядноўваюцца ваенна-патрыятычныя клубы «памежнае накіраванасьці».

Такое аб'ядноўваньне адбываецца на базе памежных вайсковых частак. Непасрэдны працэс, судзячы з усяго, пачаўся ў лістападзе 2023-га — цягам паўгода, з лістапада 2023 года да траўня 2024 года, у розных крыніцах зьявіліся згадкі пра стварэньне «аб'яднаных ваенна-патрыятычных клубаў» пры 5 з 8 існуючых у Беларусі памежных групаў і памежных атрадаў.
Станам на жнівень 2024 года, паводле інфармацыі з тэлеграм-канала Дзяржпамежкамітэта Беларусі, агульная колькасьць іх удзельнікаў складала каля 2 тысячаў чалавек. А ўжо 19 чэрвеня 2025 года намеснік старшыні Дзяржпамежкамітэта заявіў, што ў аб'яднаных «памежных» ваенна-патрыятычных клубах бяруць удзел звыш 3 тысячаў чалавек. То-бок, менш чым за год колькасьць дзяцей, «ахопленых» дзейнасьцю такіх клубаў, узрасла на траціну.
Дзейнасьць такіх аб'яднаных клубаў і ваенна-патрыятычных клубаў, якія ў іх увайшлі, курыруюць вайскоўцы з аддзелаў ідэялагічнае працы памежных вайсковых частак. То-бок тыя, чые «калегі» прысутнічалі на згаданым вышэй «круглым стале».
Маецца яскравы прыклад гэтага. Нядаўна СМІ абляцела навіна пра «дзіцячы памежны атрад» у Гомельскай вобласьці, які стварылі падлеткі нібыта па сваёй ініцыятыве. Галоўны ў гэтым атрадзе Даніла Чупрыс, вучань школы нумар 22 Гомеля, некалькі разоў згадваў у інтэрв'ю, што яму дапамагаў ягоны бацька Аляксандр. Па словах Данілы, формай, аналягічнай вайсковай, удзельнікаў атраду забясьпечыў таксама ягоны бацька.
Пошук паказаў, што ў памежных вайсках існуе чалавек зь імем Аляксандр Чупрыс — ён займае пасаду намесніка камандзіра роты па ідэялагічнай працы Групы сувязі і забесьпячэньня (вайсковая частка 2007), якая дысьлякуецца ў Менскім раёне. Аляксандр Чупрыс неаднаразова выступаў перад вучнямі менскіх школаў.
Дарэчы, некаторыя іншыя падлеткі з гэтага «дзіцячага памежнага атраду» ўваходзяць у склад ваенна-патрыятычнага клуба «Дняпроўскі рубеж», які аб'ядноўвае шэраг «памежных» ваенна-патрыятычных клубаў Гомельшчыны. Падобна, што «Дняпроўскі рубеж» фактычна выконвае ролю аб'яднанага клуба пры Гомельскай памежнай групе.
Сярод куратараў памежных ваенна-патрыятычных клубаў заўважаныя таксама чальцы «Беларускага саюзу ветеранаў ворганаў памежнае службы». Адзін зь іх — кіраўнік Менскае гарадское арганізацыі Беларускага саюзу ветеранаў ворганаў памежнае службы і, па сумяшчальніцтве, намеснік старшыні гэтага саюзу Сяргей Папоў. Ён, як паказаў аналіз адкрытых крыніцаў, асабліва курыруе клубы «памежнае накіраванасьці» прынамсі ў дзьвюх школах — менскае школе нумар 206 і школе нумар 4 ў Паставах.
Удзельнікі існуючага ў пастаўскай школе нумар 4 ваенна-патрыятычнага клуба з распаўсюджанай назвай «Патрыёт» у лістападзе 2023 года ўвайшлі ў склад аб'яднанага ваенна-патрыятычнага клуба пры Смаргонскай памежнай групе. На ўрачыстым мерапрыемствы быў таксама Папоў. На відэа з гэтага мерапрыемства бачныя пасьведчаньні чальцоў аб'яднанага клуба, падпісаныя асабіста начальнікам Смаргонскае памежнае групы.

Згаданы Сяргей Папоў у мінулым годзе адзначыўся ў вельмі прыкметнай справе. У ліпені 2024 года ў расейскім горадзе Цюмень адбываўся VI усерасейскі форум памежнікаў. Упершыню там прысутнічаў прадстаўнік «Беларускага саюзу ветеранаў ворганаў памежнае службы», а менавіта Папоў. Пры гэтым асноўнай тэмай гэтага форума было так званае «патрыятычнае выхаваньне моладзі». Распавядаючы пра форум, прадстаўнік «Беларускага саюзу ветеранаў ворганаў памежнае службы» казаў аб абмене досьведам. У Расеі аналягічныя «памежныя» дзіцячыя ваенна-патрыятычныя клубы яшчэ ў 2020 годзе былі аб'яднаныя ў адзіную структуру пад эгідай арганізацыі з назвай «Цэнтральны штаб руху "Юныя сябры памежнікаў"», кіраўніком якой быў прызначаны намеснік кіраўніка памежнае службы ФСБ Расеі.
Дарэчы, непасрэдна падчас таго форуму ягоныя арганізатары і ўдзельнікі адпраўлялі тэхніку і груз для расейскіх вайскоўцаў, ваюючых супроць Украіны. Магчыма, Сяргей Папоў таксама браў у гэтым удзел.
На тэрыторыях памежных вайсковых частак для ўдзельнікаў аб'яднаных ваенна-патрыятычных клубаў перыядычна праводзяцца спаборніцтвы. Але спаборніцтвамі і навучэньнем дзяцей вайсковым дісцыплінам справа не абмяжоўваецца.
Бо ёсьць ужо даволі шмат доказаў, што вайскоўцы арганізавана далучаюць дзяцей да патруляваньня мяжы. Дакладна невядома, ці апранаюць яны падчас патруляваньняў выдадзеную ім у клубах форму, але такая імавернасьць існуе.
Па-першае, гэта апісаны вышэй прыклад «дзіцячага атраду» пры Гомельскай памежнай групе. Удзельнікі атраду распавядаюць, што разам з вайскоўцамі патрулююць мяжу. У гомельскай прэсе публікаваўся «распарадак дня» атраду, паводле якога ў прамежак часу з 17:30 да 20:00 указана «Выезд у нарад. Патруляваньне ўчастка. Кантроль мяжы. Узаемадзеяньне з памежнікамі».
Па-другое, на старонцы Полацкага памежнага атраду «ўкантакце» ў допісу ад сьнежаня 2024 года сказана, што з дапамогай чальцоў аб'яднанага ваенна-патрыятычнага клуба пры вайсковай частцы адбываецца затрыманьне парушнікаў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы. У тым жа сьнежані ў браслаўскіх навінах гаворылася пра «дапамогу пры злаўленьні нелегала».
Форма, якую носяць дзеці з аб'яднаных ваенна-патрыятычных клубаў пры памежных вайсковых частках, у шэрагу выпадкаў ёсьць фактычнай копіяй вайсковае формы памежнікаў. Гэтая абставіна стварае глебу для магчымых правакацыяў, ахвярамі якіх могуць стаць дзеці. І ў першую чаргу ўчыніць падобныя правакацыі могуць супрацоўнікі расейскіх спецслужбаў, задзейнічаных ў шматлікіх сумесных праектах з беларускімі памежнікамі.
Глядзіце таксама
