Межы Беларусі кантралюе Расія?
У Беларусі штогод праходзяць спецыяльныя аперацыі, якія фармальна праводзяцца пад эгідай СНД. Але фактычна кіруе імі расейская Федэральная служба бясьпекі (ФСБ). Імаверна, менавіта ў межах гэтых спецаперацый быў арганізаваны «мігранцкі крызіс».
Адкуль растуць вушы
Пры «Садружнасьці незалежных дзяржаў», у якую пакуль уваходзіць Беларусь, маецца ворган з назвай «Савет камандуючых памежнымі войскамі». У складзе гэтага савета існуе Каардынацыйная служба, сярод паўнамоцтваў якой прыкметныя два. Па-першае, гэта арганізацыя правядзеньня сумесных спецыяльных памежных аперацыяў, а па-другое — каардынацыя дзеяньняў памежных войскаў краінаў-чальцоў СНД дзеля барацьбы зь незаконнай міграцыяй.
Узначальвае Каардынацыйную службу на дадзены момант расейскі генерал-палкоўнік Аляксандр Манілаў, які ў 1985-м годзе скончыў Вышэйшую школу КДБ СССР, а ў 1999-м — дыпляматычныя курсы пры Дыпляматычнае акадэміі МЗС Расеі. Намеснікам Манілава зьяўляецца генерал-маёр Уладзімір Маісеенка, які да 2019 года займаў пасаду намесніка старшыні Дзяржпагранкамітэта Беларусі. Ўладзімір Маісеенка ў 1997 годзе скончыў Акадэмію Федэральнай памежнай службы РФ (зараз — Памежная акадэмія ФСБ Расеі).
Дарэчы, яшчэ ў 2015 годзе ў сваім артыкуле журналіст «Новага Часу» і ўдзельнік супольнасьці «InformNapalm» Дзяніс Івашын згадаў Маісеенку сярод высокапастаўленых беларускіх вайсковаслужбоўцаў, якія скончылі расейскія вайсковыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, і дзейнасьць якіх можа ствараць небясьпеку для Беларусі.
Што тычыцца Памежнае акадэміі ФСБ Расеі, то яна з 2011 года згодна з рашэньнем савета кіраўнікоў урадаў краінаў СНД зьяўляецца базавай навучальнай установай для падрыхтоўкі кадраў кіруючых ворганаў памежных ведамстваў.
Сумесныя спецыяльныя памежныя аперацыі, якімі займаецца Каардынацыйная служба, праводзяцца штогод. Як правіла, кожны год іх дзьве: адна на мяжах азіяцкіх краінаў-чальцоў СНД, а другая — на заходніх мяжах Расеі і Беларусі. І калі на азіяцкім кірунку такія памежныя аперацыі маюць розныя назвы, то на «заходнім» адну і тую ж (за адным выключэньнем) — «Захад». Напрыклад, «Захад-2012», «Захад-2013» і так далей, аж да «Захад-2024».
Пры гэтым не варта блытаць памежныя аперацыі з ваеннымі вучэньнямі, якія ладзяцца пад гэткай жа назваю. Гэта менавіта памежныя спецаперацыі пад кантролем і кіраўніцтвам расейскай ФСБ.
«Мігранцкі крызіс» — спецаперацыя ФСБ?
Найбольшую цікавасьць выклікае сумесная спецыяльная памежная аперацыя «Захад-2021», таму што ў тым годзе адбыўся справакаваны «міграцыйны крызіс» на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
Дакладныя даты яе правядзеньня невядомыя. Справаздача аб выніках аперацыі «Захад-2021» зьявілася 30 жніўня 2021 года, то бок праводзілася яна не пазьней жніўня. Калі паглядзець на іншыя памежныя аперацыі, даты якіх вядомыя, то, напрыклад, «Захад-2016» праводзілася з 15 красавіка да 30 траўня 2016 года, а «Захад-2018» — з 1 траўня да 15 ліпеня 2018 года. Паводле аналёгіі, «Захад-2021» магла праводзіцца ў прамежак часу паміж красавіком і ліпенем 2021 года. Гэта значыць, якраз тады, калі пачаўся наплыў мігрантаў.
У згаданай справаздачы гаворыцца, што падчас аперацыі былі затрыманыя 82 незаконныя мігранты Хаця толькі паводле дадзеных Дэпартамента статыстыкі Літвы станам на 30 ліпеня 2021 года былі зафіксаваныя 3284 мігранты.
Варта ўзгадаць, што ў паўнамоцтвы Каардынацыйнае службы ўваходзіць таксама каардынацыя дзейнасьці памежнікаў. Маюцца шматлікія сьведчаньні, што менавіта памежнікі суправаджалі нелегальных мігрантаў да межаў Беларусі ды дапамагалі штурмаваць мяжу. Вельмі імаверна, што такая дзейнасьць была ўзгодненая зь іх каардынатарамі або нават заплянаваная імі.
Група ФСБ, што знаходзіцца ў Беларусі
Іншая сумесная спецыяльная памежная аперацыя, якая прыцягвае ўвагу —«Бастыён-2017». Яна адзіная, якая не мае назвы «Захад», што прыцягвае да яе ўвагу і палягчае пошук інфармацыі па ёй. І таму дае больш падрабязнае ўяўленне, што адбываецца ў часе гэтых спецаперацый.
Памежная аперацыя «Бастыён-2017», як і «Захад», выконвалася на межах Беларусі і Расеі з краінамі Эўразьвязу. Доўжылася яна нават з 1 красавіка да 31 жніўня 2017 года.
Вось што пра яе напісана на сайце ФСБ Расеі:
«У 2017 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Савета камандуючых памежнымі войскамі ад 21 кастрычніка 2016 г. памежная служба ФСБ Расіі арганізавала правядзенне сумеснай спецыяльнай памежнай аперацыі (далей – ССПА) «Бастыён-2017» па спыненні супрацьпраўнай дзейнасці праз знешнія межы дзяржаў-удзельніц СНД на паўночна-заходнім і заходнім кірункках. (…)
На расійска-беларускім участку дзяржаўнай мяжы задума ССПА рэалізаваная ў рамках узгодненых (сумесных) аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў з умоўнай назвай «Саюз». Да правядзення аперацыі прыцягваліся памежныя органы, тэрытарыяльныя органы бяспекі, тэрытарыяльныя падраздзяленні МУС Расіі, ФМС Расіі, Расгвардыі ў Рэспубліцы Карэлія, г.Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці, Мурманскай, Пскоўскай, Калінінградскай, Смаленскай і Бранскай абласцях, група памежнага супрацоўніцтва ФСБ Расіі ў Рэспубліцы Беларусь (вылучана рэдакцыяй), выкарыстоўваліся магчымасці памежных і праваахоўных ведамстваў сумежных дзяржаў, Каардынацыйнай службы СКПВ. У аперацыйных раёнах асноўныя намаганні засяроджваліся на ажыццяўленні актыўных прэвентыўных, узгодненых (сумесных) практычных, рэжымных і іншых мерапрыемстваў па нейтралізацыі дзейнасці злачынных груп. (…)
Сумесна з замежнымі партнёрамі праведзена 685 мерапрыемстваў, у тым ліку 59 рэйдаў, перададзена 404 інфармацыйныя паведамленні, атрымана 465. У ходзе СОПМ «Саюз» памежнымі органамі затрымана 2316 парушальнікаў рэжыму дзяржаўнай граніцы, 50 парушальнікаў дзяржаўнай граніцы, 356 парушальнікаў памежнага рэжыму, канфіскавана больш за 477 т таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў».
Што ж такое група памежнага супрацоўніцтва ФСБ Расеі ў Беларусі?
Згаданая група, якая складваецца з супрацоўнікаў ФСБ Расеі, зьявілася ў нашай краіне ў 1995 годзе. Як указана на старонцы Дзяржпагранкамітэта Беларусі, Галоўнае ўпраўленьне аховы дзяржаўнае мяжы штодзень інфармуе гэтую групу ФСБшнікаў аб становішчы на беларускіх межах. Апроч таго, інфармацыю ім перадае аператыўна-сітуацыйны цэнтр Дзяржпагранкамітэта, як сказана, «з мэтай аператыўнага рэагаваньня».
Гэта можа азначаць, што група памежнага супрацоўніцтва ФСБ Расеі ў Беларусі мае ў сваім распараджэньні вайскоўцаў і тэхніку, дастатковых для ўдзелу ў «аператыўным рэагаваньні».
Дык хто кантралюе мяжу Беларусі? Памежнікі, ці ФСБ Расеі? Альбо і тыя, і другія? І ў якой ступені вольна ў РБ дзейнічае ФСБ?