Колькасць незаконных перасячэнняў мяжы ЕС і Беларусі за год вырасла на 1069%
Плынь мігрантаў, якія незаконна перасякалі мяжу Еўрапейскага Саюза, перавысіла дапандэмічны ўзровень і дасягнула паказчыкаў 2017 года. Такія дадзеныя прыводзіць агенцтва Еўрапейскага Саюза па бяспецы знешніх межаў (Frontex).
Агульная колькасць незаконных перасячэнняў мяжы ў 2021 годзе склала крыху менш за 200 000 — гэта на 36% больш чым у 2019 годзе і на 57% больш чым у 2020-м. У Frontex адзначаюць, што прычынай узмацнення міграцыйнага ціску з'яўляюцца і іншыя фактары, акрамя зняцця абмежаванняў на глабальную мабільнасць, піша REFORM.by.
Адным з такіх фактараў, якія вызначаюць 2021 год, несумненна, была сітуацыя на мяжы з Беларуссю, што зрабіла яго яшчэ адным годам, калі міграцыя выкарыстоўвалася ў гібрыднай аперацыі, нацэленай на знешнюю мяжу ЕС, адзначаецца ў прэс-рэлізе.
У 2021 годзе сірыйцы заставаліся самай часта згадванай нацыянальнасцю людзей, выяўленых пры перасячэнні мяжы без дазволу, за імі ідуць тунісцы, мараканцы, алжырцы і афганцы.
Толькі кожны дзясяты мігрант — жанчына.
Самым папулярным маршрутам застаецца цэнтральна-міжземнаморскі. На яго даводзіцца траціна ўсіх зарэгістраваных незаконных перасячэнняў мяжы.
На ўсходніх сухапутных межах за 2021 год было выяўлена каля 8 000 незаконных перасячэнняў мяжы, што больш чым у дзесяць разоў больш у параўнанні з 2020 годам. Было ўведзена надзвычайнае становішча ва ўсіх трох дзяржавах-чальцах ЕС, якія суседнічаюць з Беларуссю. Пік паказчыкаў прыйшоўся на другое паўгоддзе, калі міграцыйны ціск спачатку засяродзіўся на мяжы з Літвой, а затым перамясціўся на межы з Польшчай і Латвіяй.