Беларусы расчараваліся ў валютных зберажэннях?

Фізічныя асобы ў снежні 2021 года прадалі банкам Беларусі 1 076,3 млн. долараў, што перавысіла продажы ў снежні 2020 года на 288,3 млн. долараў і стала чарговым гістарычным максімумам.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Продаж валюты трымаецца на высокім узроўні ўжо некалькі месяцаў. У лістападзе насельніцтва рэалізавала валюты ўсяго на 4,3 млн долараў менш, чым у снежні.

Гэта паказвае на істотнае змяненне адносінаў жыхароў Беларусі да валютных зберажэнняў. Многія расчараваліся ў валюце, што тлумачыцца, відаць, значнай доларавай інфляцыяй —некаторыя тавары, якія не ўваходзяць у склад тавараў першай неабходнасці, падаражэлі за год у доларах на дзясяткі адсоткаў, лічыць select.by.

Аднак і попыт на валюту захоўваецца на даволі высокім узроўні, нягледзячы на некаторую стабілізацыю палітычнага становішча ў краіне, што паказвае на захаванне недаверу часткі насельніцтва да фінансавай сістэмы РБ.

Фізічныя асобы ў снежні 2021 года купілі замежнай валюты ў банкаў РБ на 1 044,9 млн. долараў, што з'яўляецца максімальным значэннем са жніўня 2020 года, калі ў краіне пачаўся палітычны крызіс.

У параўнанні з лістападам фізічныя асобы купілі валюты ў снежні мінулага года на 79,3 млн. долараў больш, а ў параўнанні са снежнем 2020 года — на 26 млн. долараў больш. Павелічэнне попыту на валюту з'яўляецца ў значнай ступені традыцыйнай з'явай для канца года.

Такім чынам, жыхары Беларусі ў снежні мінулага года рэалізавалі валюты больш, чым набылі, на 31,4 млн. долараў. Усю другую палову года яны прадавалі валюту, хоць у першай палове года — куплялі. У выніку за год яны апынуліся чыстымі прадаўцамі валюты ў аб'ёме 53,4 млн. долараў.

Суб'екты гаспадарання — рэзідэнты РБ летась прадавалі валюту яшчэ больш актыўна, чым фізічныя асобы. У снежні 2021 года яны рэалізавалі яе на 2,762 млрд. долараў, што перавысіла продаж у снежні 2020 года на 555,1 млн. долараў і стала чарговым гістарычным рэкордам. У параўнанні з лістападам 2021 года продаж вырас на 430,1 млн долараў.

Попыт на валюту з боку беларускіх прадпрыемстваў у снежні мінулага года вырас на 410,9 млн. долараў у параўнанні з лістападам таго ж года і дасягнуў 2,845 млн. долараў. За год купля валюты павялічылася на 607,2 млн. долараў.

У выніку беларускія прадпрыемствы купілі валюты за снежань на 83,5 млн. долараў больш, чым прадалі. Але за год яны, тым не менш, засталіся чыстымі прадаўцамі валюты, рэалізаваўшы яе на 678,9 млн. долараў.

Гэта нашмат менш станоўчага сальда знешняга гандлю Беларусі, якое толькі за кастрычнік-лістапад бягучага года склала 3,2 млрд. долараў. Гэта значыць беларускія прадпрыемствы імкнуцца назапашваць валюту, а не прадаваць яе за рублі. Так што і прадпрыемствы не асабліва вераць у стабільнасць беларускага рубля.

Суб'екты гаспадарання — нерэзідэнты летась таксама рэалізавалі валюты больш, чым купілі: на 529,3 млн долараў. У снежні яны прадалі валюту на 45,7 млн. долараў у чыстым выражэнні. Нерэзідэнты стабільна прадаюць валюту на працягу ўсяго года.

Чыстымі прадаўцамі валюты ў 2021 годзе апынуліся і банкі з фінансавымі арганізацыямі. Яны рэалізавалі яе на 151,1 млн. долараў, хоць у снежні яны былі чыстымі пакупнікамі валюты і набылі яе на 19,7 млн. долараў. Пры гэтым яны актыўна прадавалі валюту вясной і летам мінулага года, гэта значыць, калі яна таннела.