Сусветны банк прагназуе скарачэнне беларускага ВУП на 2,8% у 2022 годзе

Сусветны банк пацвердзіў скарачэнне беларускага ВУП на 2,8% у 2022 годзе. У 2023-м айчынная эканоміка вырасце на 2,3%. Такі прагноз утрымліваецца ў студзеньскім аглядзе сусветнай эканомікі «Глабальныя эканамічныя перспектывы».

vsemirnyj_bank.jpg


Ацэнкі Сусветнага банка з агляду для 2022-2023 гадоў супадаюць з прагнозамі, уключанымі ў кастрычніцкі Рэгіянальны агляд для Еўропы і Цэнтральнай Азіі, адзначае REFORM.by.

Разам з тым у новым рэлізе ацэнка росту ВУП у 2021 годзе паніжаная з кастрычніцкіх 2,1% да 1,9%. Афіцыйныя дадзеныя аб росце ВУП у мінулым годзе Белстат павінен апублікаваць у бліжэйшыя дні.

Указам Лукашэнкі зацверджаны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, у адпаведнасці з якім ВУП павінен сёлета вырасці на 2,9%.

Сусветны банк чакае запаволення тэмпаў росту сусветнай эканомікі. Пасля 5,5% у 2021 годзе ў 2022-м ён складзе 4,1%. Запаволенне тэмпаў росту адбудзецца на фоне новых абвастрэнняў пандэміі, зніжэння фіскальнай падтрымкі з боку ўрадаў і праблем з пастаўкамі, якія захоўваюцца. У 2023 годзе тэмпы росту сусветнай эканомікі запаволяцца да 3,2%.

Сярод рызык для эканомікі Сусветны банк называе штам «амікрон», далейшыя праблемы з пастаўкамі, рост інфляцыйных чаканняў, фінансавы стрэс, кліматычныя катастрофы і паслабленне доўгатэрміновых фактараў росту.

Сусветны банк прагназуе рост эканомікі ЗША ў 2022 годзе на 3,7%, еўразоны — на 4,2%, Японіі — на 2,9%, Расіі — на 2,4%, Польшчы — на 4,7%, Індыі — на 8,7%, Кітая — на 5,1%, сусветнага гандлю — на 5,8%. Рост коштаў на нафту ацэньваецца ў 7,2%, а індэкс цэн на неэнергетычныя тавары паменшыцца на 4%.

У 2023 годзе арганізацыя чакае росту ВУП ЗША на 2,3%, еўразоны — на 2,6%, Японіі — на 2,1%, Кітая — на 5,3%, Расіі — на 1,8%, Польшчы — на 3,4%, Індыі — на 6,8%. Сусветны гандаль у 2023 годзе можа вырасці на 4,7%. Пры гэтым цана нафты ўпадзе на 12,2%, а неэнергетычныя сыравінныя тавары — на 4%.