Дональд Трамп: «Канец вайны ва Украіне — думаю, гэта ўжо вельмі блізка»

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што завяршэнне расійска-ўкраінскай вайны «ўжо набліжаецца». Але пры гэтым ён сказаў, што ў яго няма ніякіх дамоўленасцяў з Пуціным наконт таго, каб аддаць РФ Данбас. Украіна настойвае на сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці, а РФ працягвае парушаць дамоўленасці з тым самым Трампам. Ідуць 1540-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 210 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмы расіян у бок Радзінскага, Шаўчэнка, Пакроўску, Грышына, Васільеўкі, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 31 атаку ў раёнах Іванаполля, Іллінаўкі, Плешчыеўкі, Сафіеўкі, Новага Шахава, Вольнае і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак у бок Злагоды, Уздвіжаўкі, Аленаканстанцінаўкі, Чарыўнага, Цвятковага, Стараўкраінкі і Прыволля, Гуляйпольскага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ восем разоў атакавала пазіцыі УСУ у раёнах Старыцы, Круглага і ў бок Калодзежнага, Радзькоўкі, Лімана.

* * *

У ноч на 13 траўня расійскія войскі нанеслі ўдары беспілотнікамі па аб’ектах інфраструктуры ў Шаўчэнкаўскім і Халаднагорскім раёнах Харкава.

Вечарам 12 траўня расійскія войскі атакавалі Крывы Рог, двое людзей загінулі, пацярпелі яшчэ чацвёра, сярод іх 9-месячнае дзіця.

У ноч на 13 траўня Цемруцкі раён Краснадарскага краю РФ падвергнуўся атацы невядомых дронаў. Пад удар, імаверна, патрапілі два аб’екты: мясцовы порт і рэзервуарны парк з нафтапрадуктамі, які належыць буйному марскому перагрузачнаму комплексу «Таманьнафтагаз».

* * *

696074233_1331925612453847_2875139703223194975_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп перад вылетам у Кітай заявіў журналістам, што завяршэнне расійска-ўкраінскай вайны «ўжо набліжаецца».

«Канец вайны ва Украіне — думаю, гэта ўжо вельмі блізка», — сказаў ён. «Верыце ці не, але я думаю, што гэта набліжаецца. І мы дасягнем гэтага ўрэгулявання паміж Расіяй і Украінай», — сказаў Трамп, зноў паўтарыўшы, што ён «скончыў восем войнаў».

Таксама яго спыталі, ці ёсць «узаемаразуменне» паміж ім і кіраўніком РФ адносна таго, што Расія павінна ў межах мірнага пагаднення атрымаць увесь Данбас. Трамп адказаў кароткім «не».

* * *

Базавай умовай Украіны для заключэння мірнага пагаднення з Расіяй з’яўляецца тое, што Кіеў не будзе рабіць ніякіх тэрытарыяльных саступак датычна бягучай лініі фронту, заявіў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга на дыскусіі ў межах канферэнцыі PISM Strategic Ark.

«Украіна не прыме ніводнай формулы, ніводнай ініцыятывы, дзе гаворка ідзе аб саступках нашай тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту», — падкрэсліў кіраўнік МЗС Украіны. Акрамя гэтага, Сібіга падкрэсліў, што мір павінен быць справядлівым і ўстойлівым.

Сібіга адзначыў, што падыход Украіны — заставацца там, дзе яна ёсць, з устойлівым спыненнем агню. Ён дадаў, што гэта адкрые шлях да больш шырокіх мірных перамоў.

* * *

Расія наносіць сістэматычныя атакі на аб’екты буйных амерыканскіх карпарацый ва Украіне, аднак адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа нават не рэагуе на гэта, піша The New York Times.

Паводле даных выдання, пад расійскія абстрэлы патрапілі магутнасці такіх гігантаў, як Cargill, Coca-Cola, Boeing, Mondelez, Philip Morris, Flex Ltd. і Bunge. Частка гэтых атак, у прыватнасці ўдары па аб’ектах Cargill і Coca-Cola, раней не афішавалася.

Адным з апошніх выпадкаў стаў удар па збожжавым тэрмінале аграгіганта Cargill на поўдні Украіны. Аб’ект атакавалі сем расійскіх дронаў на працягу ўсяго трох хвілін.

Акрамя таго, зафіксаваныя ўдары па электрастанцыі і сонечнай станцыі каля завода Coca-Cola пад Кіевам, што мясцовыя ўлады лічаць мэтанакіраванай акцыяй супраць амерыканскага бізнесу.

Прадстаўнікі кампаній імкнуцца не афішаваць гэтыя факты праз апасенні негатыўнай рэакцыі інвестараў і страхавых рынкаў. Аднак у прыватных размовах бізнес выказвае ўпэўненасць, што Расія вядзе наўмысную кампанію супраць інтарэсаў ЗША.

Адміністрацыя Дональда Трампа да гэтага часу не асудзіла ніводную з атак. Рэакцыя Белага дома абмяжоўвалася толькі «прызнаннем заклапочанасці».

У той жа час Вашынгтон прасіў Украіну ўстрымацца ад удараў па расійскім нафтавым тэрмінале ў Чорным моры пад падставай, што праз гэты аб’ект экспартуецца казахстанская нафта з удзелам амерыканскіх кампаній.

Сенатар-дэмакрат Джын Шахін назвала такую пазіцыю Белага дома «поўнай цішынёй». На яе думку, прадстаўнікі амерыканскага бізнесу ва Украіне не сумняваюцца ў наўмыснасці дзеянняў Крамля.

* * *

Украінская перамоўная група выканала ўсе свае абавязацельствы і перадала Расіі спісы для абмену ваеннапалоннымі, аб якім дамовіўся Дональд Трамп перад 9-м траўня. Але расійскі бок свядома зацягвае працэс, перакладаючы адказнасць на Украіну, заявіў амбудсмен Украіны Дзмітрый Лубінец.

Паводле яго слоў, нельга быць упэўненым на 100%, што дадзенае Расіяй слова будзе стрымана, а дасягнутыя дамоўленасці з расійскім бокам будуць выкананыя.

«Калі ты нават аб нечым дамовіўся з расіянамі — ты ніколі не можаш быць на 100% упэўнены, што гэта будзе выканана расійскім бокам. Насамрэч праца не спынілася. Кожны дзень адбываюцца рабочыя працэсы, перамоўныя працэсы», — сказаў ён.

Лубінец падкрэсліў, што Украіна выканала ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы, але Расія зацягвае працэс і выкарыстоўвае сітуацыю для маніпуляцый.